Ян Казімер
| Ян Казімер польск. Jan II Kazimierz Waza |
|
| Ян Казімер. Невядомы мастак, каля 1667 | |
| Кароль польскі | |
| Каранацыя | 17 студзеня 1649 |
| Папярэднік | Уладзіслаў Ваза |
| Наступнік | Міхал Вішнявецкі |
| Вялікі князь літоўскі | |
| Каранацыя | 17 студзеня 1649 |
| Папярэднік | Уладзіслаў Ваза |
| Наступнік | Міхал Вішнявецкі |
| Асабістыя зьвесткі | |
| Нарадзіўся | 22 сакавіка 1609, Кракаў |
| Памёр | 16 сьнежня 1672, Нэвэр |
| Дынастыя | Вазы |
| Жонка | Людвіка Марыя Ганзага |
| Бацька | Жыгімонт Ваза |
| Маці | Канстанцыя Габсбург |
| Подпіс | |
Ян II Казіме́р Ва́за (польск. Jan II Kazimierz Waza; 22 сакавіка 1609, Кракаў — 16 сьнежня 1672, Нэвэр) — кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1648—1668). Намінальна і спадчынна да 1660 насіў тытул караля Швэцыі.
Зьмест |
Біяграфія [рэдагаваць]
Апошні кароль і вялікі князь з дынастыі Вазаў, сын Жыгімонта, малодшы брат Уладзіслава. Выхоўваўся езуітамі, падарожнічаў з бацькам па Эўропе[1].
Удзельнічаў у вайне Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1632—1634), у Трыццацігадовай вайне (1618—1648).
У 1634—1645 сябар ордэна езуітаў, з 1646 кардынал. Па сьмерці старэйшага брата Ўладзіслава быў вызвалены Рымскім папам з духоўнага званьня.
20 лістапада 1648 абраны каралём і вялікім князем пры дапамозе групоўкі магнатаў і шляхты, прыхільнікаў пагадненьня з казакамі, што паўсталі на Ўкраіне, з намерам пачаць вайну хрысьціянскіх дзяржаваў супраць Турэччыны і Крымскага ханства.
Ажаніўся з удавой свайго брата Людвікі Марыі Ганзага, зь якой меў сына Яна Жыгімонта і дачку Марыю Тэрэзу.
Унутраная палітыка [рэдагаваць]
Напачатку вёў памяркоўную палітыку ў дачыненьні да казакоў, бо разьлічваў на пагадненьне з Б. Хмяльніцкім, аднак такая палітыка не дала вынікаў, і вайна на Ўкраіне працягвалася. У 1649 і 1651 узначальваў выправы на Ўкраіну, склаў Збораўскую і Белацаркоўскую мірныя дамовы.
У 1661 падпісаў дыплём, якім надаў езуіцкай калегіі ў Львове статус унівэрсытэту — першага ва Ўкраіне.
Каб умацаваць цэнтральную ўладу, распрацаваў плян рэформы дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай. Прапаноўваў абіраць новага караля і вялікага князя не па сьмерці папярэдніка, а пры жыцьці, каб не было безуладзьдзя ў час міжкаралеўя. Аднак сойм 1660 і соймікі 1661 выказаліся супраць рэформы.
Супраць караля склалася апазыцыйная групоўка на чале з гетманам польным каронным Е. Любамірскім. Яна ўзьняла рокаш (1665—1666), што сарваў спробу рэформаў. Пасьля рокашу зрывы соймаў і соймікаў зрабіліся частай зьявай.
Вонкавая палітыка [рэдагаваць]
У час кіраваньня Яна Казімера адбыліся найбольш разбуральныя войны: з Маскоўскай дзяржавай (1654—1667) і Швэцыяй (1655—1660). Маскоўскія войскі акупавалі большую частку Вялікага Княства Літоўскага, а швэды — значную частку Польшчы разам з Варшавай, у выніку чаго мусіў уцячы ў Сылезію.
Падпісаў з казацкім старшынам Гадзяцкую дамову (1658), паводле якой Украіна ўваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай як 3-я ўдзельніца фэдэрацыі (неўзабаве аднак скасаваны). У гэты час зьмяніў палітыку: адмовіўся ад хаўруса зь нямецкім імпэратарам, які не дапамагаў Рэчы Паспалітай, і пачаў арыентавацца на Францыю.
У 1657 Рэч Паспалітая адмовілася ад сувэрэнных правоў на Прусію, а ў выніку Андрусаўскага замірэньня (1667) страціла Смаленскае ваяводзтва, Кіеў і ўсе тэрыторыі Ўкраіны на ўсход ад Дняпра.
Канец жыцьця [рэдагаваць]
Агульны гаспадарчы заняпад Рэчы Паспалітай, няўдачы ў войнах, аслабленьне міжнароднага становішча дзяржавы, напружаныя адносіны з магнатамі і шляхтай, а таксама сьмерць энэргічнай і актыўнай у палітыцы каралевы Марыі Людвікі (1667) прывялі да таго, што 16 верасьня 1668 Ян Казімер адмовіўся ад кароны і назаўсёды выехаў у Францыю[2].
Галерэя [рэдагаваць]
- Партрэты караля і вялікага князя Яна Казімера
-
Даніэль Шульц, каля 1649
-
Невядомы мастак, 1672
-
Невядомы мастак, XVII ст.
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ Ваза Ян Казімір // Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995.
- ^ Анатоль Грыцкевіч. Ян II Казімір Ваза // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 780.
Літаратура [рэдагаваць]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995.— 144 с. ISBN 5-343-01637-5.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Ян Казімер — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|
||||||||||