Ян Пётар Сапега

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Ян Пятро Сапега»)
Ян Пётар Сапега
Ян Пётар Сапега. З Коданскай галерэі, 1709
Ян Пётар Сапега. З Коданскай галерэі, 1709

Герб «Ліс»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1569(1569)
Памёр 15 кастрычніка 1611
Пахаваны
Род Сапегі
Бацькі Павал Сапега
Ганна з Хадкевічаў
Жонка Соф’яй Вэйгэр
Дзеці Андрэй Станіслаў, Ян, Сузанна Соф'я, Флярыян, Павал Ян
Дзейнасьць вайсковец, ваенны камандзір, палітык, дыплямат

Ян Пётар Сапега (1569, Быхаў або Магілёў — 15 кастрычніка 1611, Масква) — вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, удзельнік інтэрвэнцыі Рэчы Паспалітай у Маскоўскую дзяржаву.

Валодаў Вяйсеямі ў Гарадзенскім павеце, быў старостам усьвяцкім (з 1600).

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З чарэйска-ружанскай лініі магнацкага роду Сапегаў гербу «Ліс», сын Паўла, кашталяна кіеўскага, і Ганны з Хадкевічаў. Навучаўся ў Віленскай акадэміі, Падуанскім унівэрсытэце.

Я. П. Сапега. В. Гандзіюс, XVII ст.

Удзельнічаў у баях з крымскімі татарамі. У вайну з Швэцыяй (1600—1629) камандаваў гусарскай і казацкай харугвамі, 7 студзеня 1601 браў удзел у пераможнай бітве пад Вэндэнам, 29 чэрвеня 1601 пад Кокенгаўзэнам, 5 сакавіка 1603 пад Раквэрэ, 13 красавіка 1603 ва ўзяцьці Дэрпта. У Кірхгольмскай бітве (1605) камандаваў правым крылом.

У часе рокашу М. Зэбжыдоўскага прывёў да караля перад бітвай пад Гузавам 6 ліпеня 1607 гусарскую і казацкую харугвы.

У жніўні 1607 са згоды канцлера Льва Сапегі прапанаваў Дзьмітрыю Самазванцу II сваю дапамогу ў авалоданьні маскоўскім стальцам. У ліпені 1608 з войскам у 1720 жаўнераў перайшоў маскоўскую мяжу. 25 жніўня 1608 заняў Вязьму, потым спаткаў Марыну Мнішак зь яе бацькам і прывёз іх у Тушына да Дзьмітрыя Самазванца II. 2 кастрычніка 1608 разьбіў войска І. Шуйскага пад Рахманавам, аблажыў Троіца-Сергіеў манастыр, падпарадкаваў Замаскварэцкі край. У лютым 1610 заняў Дзьмітраў. 1 сакавіка 1610 пацярпеў паразу ад М. Скопіна-Шуйскага, у чэрвені 1610 далучыўся да Дзьмітрыя Самазванца II у Калузе. 25 чэрвеня 1610 ўласныя жаўнеры абвясьцілі Я. П. Сапегу гетманам. У ліпені 1610 рушыў на Маскву.

Я. П. Сапега. Паводле В. Гандзіюса

27 ліпеня 1610, калі з стальца скінулі цара Васіля Шуйскага і ўсталявалася сямібаяршчына, прыехаў у Маскву і вёў перамовы пра перадачу ўлады Дзьмітрыю Самазванцу II (у войску Яна Пятра былі настроі абвясьціць царом свайго гетмана)[2]. У ліпені 1611 заняў Аляксандраву Слабаду, аблажыў Пераяслаў-Залескі, 15 жніўня 1611 штурмам узяў Белы Горад у Маскве.

У шлюбе з Соф’яй Вэйгэр меў сыноў Андрэя Станіслава, Яна, Флярыяна і Паўла Яна, а таксама дачку Сузанну Соф’ю[3].

Аўтар дыярыюша: «Dzieje Marsa krwawego i sprawy odważne, rycerskie przez Wielmożnego Pana Jego Mości Pana Jana Piotra Sapiehę starostę uświadzkiego w monarchii moskiewskiej od roku 1608 do roku 1612 sławnie odprawowane».

Памёр ад хваробы ў Крамлі. Пахавалі князя ў Лепунах (Гарадзенскі павет)[4].

Рознае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Гісторыя Сапегаў : жыццяпісы, маёнткі, фундацыі (белар.)Мінск: Віктар Хурсік, 2017. — С. 53. — 586 с. — ISBN 978-985-7025-75-6
  2. ^ Грыцкевіч А. Сапегі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 548.
  3. ^ Sapieha E., Saeed-Kałamajska M. Dom Sapieżyński. cz. 2. — Warszawa: Wydawn. Nauk. PWN, 2008. S. 39.
  4. ^ Грыцкевіч А. Сапегі // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]