Ян Фрыдэрык Сапега
| Ян Фрыдэрык Сапега | |
Ян Фрыдэрык Сапега. А. Мірыс, XVIII ст. |
|
Герб «Ліс» |
|
| Асабістыя зьвесткі | |
| Нарадзіўся: | 18 кастрычніка 1680 Дабрацічы Берасьцейскага павету |
| Памёр: | 6 ліпеня 1751 Лысаводы Падольскага ваяводзтва |
| Род: | Сапегі |
| Бацькі: | Казімер Уладзіслаў Сапега Францішка з Копацяў |
| Жонка: | Канстанцыя з Радзівілаў |
Ян Фрыдэрык Сапега (18 кастрычніка 1680, вёска Дабрацічы Берасьцейскага павету — 6 ліпеня 1751, вёска Лысаводы Падольскага ваяводзтва) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Кашталян менскі (1711—1712) і троцкі (1716—1735), канцлер вялікі літоўскі (з 1735).
Валодаў Коднем, Дарагастаямі, Муравіцай, Капыламі, Чарнобылем. Трымаў Берасьцейскае (з 1697) і Прапойскае (з 1739) староствы.
Зьмест |
Біяграфія [рэдагаваць]
З коданскай лініі магнацкага роду Сапегаў гербу «Ліс», сын Казімера Ўладзіслава і Францішкі з Копацяў.
Навучаўся ў езуіцкім калегіюме ў Берасьці, працягваў адукацыю ў Любліне і Варшаве. У 1697 атрымаў пасаду старосты берасьцейскага. У 1700—1702 падарожнічаў за мяжой, наведаў Прусію, Саксонію, Аўстрыю, Францыю, Галяндыю і Ангельшчыну[1].
У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) сьпярша быў на баку Аўгуста Моцнага і далучыўся да Сандамірскай канфэдэрацыі, у 1706 перайшоў у лягер Станіслава Ляшчынскага, ад якога атрымаў пасаду рэфэрэндара вялікага літоўскага (1706—1709). У 1717 актыўна выступаў супраць прысутнасьці расейскіх войскаў у Рэчы Паспалітай[1], далучыўся да Тарнагродзкай канфэдэрацыі супраціўнікаў караля.
Абіраўся паслом на соймы, быў дэпутатам Галоўнага Трыбуналу.На соймах выступаў супраць умяшаньня Расеі ў нутраныя справы Рэчы Паспалітай праз падтрымку праваслаўных і за захаваньне Рэччу Паспалітай нэўтралітэту на міжнароднай арэне[1]. Клапаціўся пра пасады для магнацкіх родаў Радзівілаў (зь якімі яго зьвязвала жонка) і Сапегаў.
Пабраўся шлюбам з Канстанцыяй, дачкой Міхала Казімера Радзівіла «Рыбанькі», не пакінуў нашчадкаў. Пахавалі Я. Ф. Сапегу ў касьцёл Сьв. Ганны ў Кодні[2].
Спадчына [рэдагаваць]
Значную частку жыцьця правёў у Кодні, дзе сабраў вялікую бібліятэку, якая станам на 1744 складалася з 3500 пазыцыяў. Напісаў гісторыю мясцовага абраза Панны Марыі (Торунь, 1720), гістарычна-генэалягічны нарыс роду Сапегаў (Варшава, 1730) і інш.
У Коданскім касьцёле стварыў партрэтную галерэю Сапегаў[3].
Галерэя [рэдагаваць]
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ а б в Андрэй Мацук. Сапега Ян Фрыдэрык // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 545.
- ^ а б Sapieha E., Saeed-Kałamajska M. Dom Sapieżyński. cz. 2. — Warszawa: Wydawn. Nauk. PWN, 2008. S. 206.
- ^ Анатоль Грыцкевічй. Сапегі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001.
Літаратура [рэдагаваць]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. ISBN 985-11-0214-8.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Ян Фрыдэрык Сапега — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Нарадзіліся 18 кастрычніка
- Нарадзіліся ў 1680 годзе
- Асобы па альфабэце
- Памерлі 6 ліпеня
- Памерлі ў 1751 годзе
- Канцлеры вялікія літоўскія
- Сапегі
- Рэфэрэндары вялікія сьвецкія літоўскія
- Кашталяны менскія
- Кашталяны троцкія
- Маршалкі Трыбуналу Вялікага Княства Літоўскага
- Старосты берасьцейскія
- Старосты прапойскія
- Узнагароджаныя ордэнам Белага арла