Ян Ходзька-Барэйка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Ходзька.
Ян Ходзька-Барэйка

Ян (Іван) Ходзька, Барэйка (24 чэрвеня 1777, мяст. Крывічы Вялейскага пав. Менскай губ., цяпер Мядзельскі раён Менскай вобласьці — 10 лістапада 1851, Менск; Псэўданімы: Ян са Сьвіслачы, Jan ze Świsłoczy) — пісьменьнік, драматург, грамадзкі дзяяч. Бацька Язэпа Ходзькі, Міхала Ходзькі, Станіслава Ходзькі і Аляксандра Ходзькі.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Атрымаў хатнюю адукацыю, вучыўся ў школах Вільні. З 1793 г. цывільна-вайсковы камісар Ашмянскага пав., з 1795 г. асэсар суду ў Паставах, з 1798 г. падсудак, з 1808 г. падкаморы Вялейскага пав., з 1811 г. старшыня Галоўнага цывільнага суду ў Менску. Адзін з арганізатараў масонскіх ложаў у Менску і Вільні. Дом Я. Ходзькі ў Менску стаў асяродкам культуры, дзе арганізоўваліся канцэрты і тэатральныя пастаноўкі. Пасьля звальненьня зь дзяржаўнай службы пераехаў у Вільню, дзе працаваў у Камісіі па спадчыне князёў Радзівілаў. Быў чальцом таварыстваў дабрачыннасьці і шубраўцаў. Захапіўся праблемамі асьветы ў краі. У артыкуле ў часопісе «Dzieje dobroczynności» (1820, № 1) выказаўся за пашырэньне адукацыі сярод народу; ідэю народнай школы і асьветы разьвіў у аповесьці «Пан Ян са Сьвіслачы» (1821). У выніку Я. Ходзька быў абраны ганаровым чальцом Віленскага ўнівэрсытэту і прызначаны інспэктарам школаў Віленскай, Магілёўскай і Віцебскай губ. У 1826 арыштаваны і зьняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасьці. Вярнуўся ў Вільню вясной 1830. Знаходзіўся пад наглядам паліцыі. За ўдзел у паўстаньні 1830—1831 гадоў зноў арыштаваны ў 1830. Сасланы на Ўрал. Вярнуўшыся ў 1834 з ссылкі, жыў з арандатарства ў Менскай губ. Пісаў мэмуары. Пахаваны ў Заслаўі.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пісаў на польскай мове. Клясыцыст, потым псэўдаклясыцыст-маралізатар. Аўтар камэдыі «Вызваленая Літва, або Пераход Нёмана» (1812), трагедыі «Кракус» (нап. 1816), аповесьцей «Пан Ян са Сьвіслачы…» (1821) і «Брат і сястра» (1845), трактата «Аб эксдывізіях, або Аб судовым падзеле маёнтка даўжніка на карысьць крэдытораў» (1816), успамінаў і артыкулаў па гісторыі Меншчыны, адметных жывасьцю апавяданьня і значнай колькасьцю беларусізмаў. Друкаваўся ў часопісе «Dziennik Wileński» («Віленскі дзёньнік»), альманаху «Rubon» («Рубон») і інш. П’есы Я. Ходзькі ставіліся ў Менску на аматарскай сцэне ў 1812.

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Pisma rozmaite autora «Pana Jana ze Świsłoczy». T. 1—12. Wilno, 1837—1842.
  • Diecezja Mińska około 1830 roku. T. 1. Struktury parafialne. Lublin, 1998.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т.2. —Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
    • Грыцкевіч В. П., Мархель У. І. Пан Ян са Свіслачы з сынамі // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мядзельскага р-на. Мн., 1998;
    • PSB;
    • АЗБ.
  • Chodźko D. Jan Chodźko: Obrazek życiorysowy // Teka Wileńska. 1858, № 5.
  • Turska H. Język Jana Chodźki. Wilno, 1930.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]