Ян Шытлер

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Ян Шытлер (па-польску: Jan Szyttler; 17631850) — славуты кухар, аўтар першых сыстэматычных кніг па кулінарыі на землях былога ВКЛ.

Нарадзіўся ў Варшаве ў сям’і кухара, пачаў кар’еру ў 14-гадовым узросьце як кухцік пры двары Агінскіх у Седльцах. Пазьней кухар пры двары Станіслава Аўгуста Панятоўскага (пад кіраўніцтвам славутага кухмістра Трэма), пры розных прыватных кухнях. У 1820 годзе асеў у Вільні, да канца жыцьця займаўся толькі напісаньнем і публікацыяй кніг па гаспадарцы, у тым ліку кулінарных, якія карысталіся вялікай папулярнасьцю ў Літве (сучасная Беларусь), зважаючы на адсутнасьць канкурэнцыі; Шытлер раўніва абараняў аўтарскае права. Кнігі Шытлера аказалі значны ўплыў на фармаваньне шляхецкіх і мяшчанскіх густаў перадрэформавай эпохі: «Кухар добра навучаны» (1830, пазьней некалькі разоў перавыдавалася), «Параднік для паляўнічых» (1839), «Сьпіжарня дастаткова і абачліва абсталяваная» (1841), «Кухня мысьліўская ці на ловах» (1845), «Ашчадная гаспадыня» (1846) і іншыя (усе — Вільня). У некаторых інтэлектуалаў эпохі гэтыя кнігі выклікалі іранічнае стаўленьне дзеля іх апалітычнасьці й сухасьці. Падазеныя Шытлерам рэцэпты ў асноўным пачэрпнутыя з інтэрнацыянальнай («францускай») кухні, а таксама са старапольскай, арыгінальныя літоўскія рэцэпты амаль адсутнічаюць. Шытлер паўплываў на наступныя пакаленьні мясцовых аўтараў гэтай тэматыкі, у прыватнасьці, на Ганну Цюндзявіцкую й В. Завадскую.

Артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша ежа»