Ян Юр’евіч Глябовіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Ян Глябовіч
POL COA Leliwa.svg
Герб «Ляліва»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 1480
Памёр: 23 красавіка 1549
Род: Глябовічы
Бацькі: Юры Глябовіч
Жонка: Ганна з Барташэвічаў
Соф'я зь Пяткевічаў
Ганна з Заслаўскіх
Дзеці: ад 1-га шлюбу: Ядвіга
ад 2-га шлюбу: Станіслаў, Крыстына, Соф'я, Ганна, Альжбета
ад 3-га шлюбу: Ян, Альжбета, Барбара, Дарота

Ян Глябовіч (148023 красавіка 1549) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Маршалак гаспадарскі (15161542), ваявода віцебскі (15291532), полацкі (15291542) і віленскі1542), пісар (1530) і канцлер вялікі літоўскі1546).

Як пасаг ад 3-га шлюбу атрымаў частку Заслаўя і Заслаўскага княства. Трымаў Жыжмарскае, Амсьціслаўскае, Бабруйскае1542), Барысаўскае і Радашкавіцкае староствы.

Біяграфія [рэдагаваць]

Прадстаўнік шляхецкага роду Глябовічаў гербу «Ляліва», сын Юр'я, намесьніка смаленскага. Зьвестак пра маці не захавалася.

У 1516 атрымаў урад маршалка каралеўскага. Належаў да прыхільнікаў двара, быў даверанай асобай вялікай княгіні Боны. У 1522 адзін з гарантаў Жыгімонту Аўгусту заняцьця стальца. У 1529 быў сярод камісараў датычна разьмежаваньня з Каралеўствам Польскім. Паводле Попісу 1528, выстаўляў з сваіх маёнткаў 148 вершнікаў, і яшчэ 88 вершнікаў з маёмасьці 2-й жонкі[1].

Браў удзел у вайне з Маскоўскай дзяржавай (15341537). Перад пачаткам ваенных дзеяньняў, дасылаў з Полаку здабытыя праз шпегаў даведкі пра падзеі ў Маскоўскай дзяржаве. Улетку 1535 разам зь Янам Радзiвілам і Юрыем Алелькавічам, кіраваў адной з трох вайсковых груповак, якая мусіла была пад Полацкам падтрымаць дзеяньні галоўнай арміі, але прадухіліць страты Себежа ня здолела. У лютым 1536 разам з гетманам А. Няміровічам спрабаваў вярнуць Себеж, але няўдала.

У сьнежні 1536 на чале пасольства ездзіў у Маскву, куды прыбыў 11 студзеня 1537. Пасольству не ўдалося скласьці мір зь вяртаньнем страчанага ў 1514 Смаленску. Перамір'е вызначалася на тэрмін 5 гадоў, пры гэтым за ВКЛ заставаўся Гомель, а за Маскоўскай дзяржавай — Себеж і Севершчына. У 1542 зноў з пасольствам у Маскве, перамір'е працягнутае на 7 гадоў.

Падтрымліваў вялікую княгіню Бону ў яе канфлікце зь літоўскімі магнатамі, на Берасьцейскім сойме (1544) такая пазыцыя выклікала галоснае абурэньне, з гэтае прычыны быў у ізаляцыі сярод паноў-рады, хоць і меў тамака найвышэйшае становішча. Калі ў 1540-я паўстала пытаньне пра аб'яднаньне з Польшчай, сьпярша выступаў за больш цесны зьвязак, аднак пазьней быў супраць гэтага.

Варагаваў з Радзівіламі. Так, па безпатомнай сьмерці Станіслава Гаштольда, міма ўдавы — Барбары з Радзівілаў — перавёў усю ягоную маёмасьць на скарб, матываючы вымарачным правам гаспадара. Разам з Хадкевічамі і Осьцікавічамі ствараў апазвцыю ўзмацненьню Радзівілаў.

Першы раз ажаніўся з Ганнай Барташэвіч, другі — з Соф'яй Пяткевіч, трэці — з Ганнай Заслаўскай (з 1537, паводле іншых зьвестак — зь сярэдзіны 1540-х). У першым шлюбе меў дачку Ядвігу, у другім — сына Станіслава, а таксама дачок Крыстыну, Соф'ю, Ганну і Альжбету, у трэцім — сына Яна, а таксама дачок Альжбету, Барбару і Дароту.

Крыніцы [рэдагаваць]

  1. ^ Заяц Ю. Глябовічы // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 540.

Літаратура [рэдагаваць]