Яраслаў Дамброўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Яраслаў Дамброўскі
Jarosław Dąbrowski
Jaroslaw Dabrowski.jpg
Herb Radwan.svg
Радван
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 13 лістапада 1836
Жытомір, Валынская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр: 23 траўня 1871
Парыж, Францыя
Род: Дамброўскія
Рэлігія: рыма-каталік

Ярасла́ў Дамбро́ўскі (па-польску: Jarosław Dąbrowski; 13 лістапада 1836, Жытомір23 траўня 1871, Парыж) — польскі, расейскі ды францускі рэвалюцыянэр, царскі афіцэр, генэрал і адзін з кіраўнікоў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў Польшчы, Беларусі й Жамойці, а таксама Парыскае камуны.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Расейскі пэрыяд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Яраслаў Дамброўскі нарадзіўся ў Жытоміры ў зьбяднелай шляхецкай сям’і гербу Радван. З 1845 па 1853 год праходзіў навучаньне ў Берасьцейскім кадэцкім корпусе, затым быў адпраўлены ў Санкт-Пецярбурскі Дваранскі полк. У 1855 годзе Дамброўскі, які пасьпяхова скончыў навучаньне, атрымаў званьне прапаршчыка і быў прызначаны ў 19 палявую артылерыйскую брыгаду, чатыры гады служыў на Каўказе і быў узнагароджаны. З 1859 па 1861 год Дамброўскі навучаецца ў Акадэміі генэральнага штабу, па сканчэньні якой атрымлівае званьне капітана. У Пецярбургу Дамброўскі ўступае ў кружок апазыцыйна настроеных афіцэраў, затым становіцца адным зь ягоных кіраўнікоў.

Паўстаньне 1863—1864 гадоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зь сьнежня 1860 году Дамброўскі пачынае ўсталёўваць сувязі з польскімі кансьпіратарамі. 6 лютага 1862 году прыязджае ў Варшаву і пачынае падпольную працу ў якасьці кансьпіратыўнага начальніка гораду. Фактычна Дамброўскі быў арганізатарам Цэнтральнага Нацыянальнага Камітэта (ЦНК). У чэрвені прымаецца распрацаваны Дамброўскім плян паўстаньня. 14 жніўня Дамброўскі быў арыштаваны і кінуты ў Варшаўскую цытадэль. Знаходзячыся ў зьняволеньні, кіруе паўстаньнем. Пасьля правалу паўстаньня быў прысуджаны да 15 гадоў катаржных прац у Сыбіры, але ў сьнежні 1864 году здолеў зьдзейсьніць уцёкі з маскоўскай перасыльнай турмы.

Эміграцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У чэрвені Дамброўскі з жонкай эмігруюць у Эўропу. У Швэцыі, Нямеччыне, Бэльгіі, Швайцарыі Дамброўскі ўсталёўвае кантакты з рэвалюцыйнай эміграцыяй і шукае працу. Увосень 1865 году прыязджае ў Парыж. У 1866 годзе ўзьнікае Аб’яднаньне польскай эміграцыі (пазьней — Аб’яднаньне польскай дэмакратыі).

Дамброўскі становіцца актыўным сябрам гэтай арганізацыі, выступае зь вельмі левых пазыцыяў. У 1868 годзе выйшла кніга «Крытычны нарыс вайны 1866 году ў Нямеччыне й Італіі», у якой Дамброўскі выявіў сябе выдатным вайсковым тэарэтыкам. У 1869 годзе быў арыштаваны францускай паліцыяй па ілжывым абвінавачваньні, аднак суд апраўдаў Дамброўскага.

У 1870 годзе Дамброўскі заклікае стварыць польскія атрады для ўдзелу ў Франка-прускай вайне, але ўрад нацыянальнай абароны адмаўляе ў гэтым. У кастрычніку таго жа году па просьбе Гарыбальдзі Дамброўскі выяжджае ў Ліён для камандаваньня польскім легіёнам, але гэты плян праваліўся, таму ў сакавіку Дамброўскі вяртаецца ў Парыж. Актыўна ўдзельнічае ў дзеяньнях Парыскае камуны: кіруе XI легіёнам, затым прызначаецца кашталянам Парыскага ўмацаванага раёну і камандуючым войскамі заходняга сэктара абароны Парыжа. Дамброўскаму было прысвоена званьне генэрала. У красавіку і траўні актыўна ўдзельнічае ў баявых дзеяньнях Камуны. 23 траўня 1871 году атрымаў цяжкае кулявое раненьне ў баі і сканаў праз 2 гадзіны ў парыскай лякарні.

Памяць ў Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Горадні імем Дамброўскага названа вуліца.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Яраслаў Дамброўскісховішча мультымэдыйных матэрыялаў