Яўген Міткевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Яўген Міткевіч (1890 — ?) — беларускі палітычны дзеяч. Прыхільнік супрацы з польскімі ўладамі.

Падчас польска-савецкай вайны служыў на польскім вайсковым тэлеграфе ў Менску.

Восеньню 1920 году — сябра Беларускага Палітычнага Камітэту. У красавіку — жніўні 1922 — рэдактар гарадзенскай газэты «Беларускі шлях». Зь верасьня 1922 старшыня Цэнтральнага камітэту Арганізацыі беларускіх беспартыйных актывістаў. На выбарах у польскі сойм у 1922 годзе вылучаўся ад праўрадавага Дзяржаўнага аб’яднаньня на крэсах (сьпіс №2). У 1924 — кіраўнік Беларускага дабрачыннага таварыства ў Гародні. Быў адхілены ад займанай пасады пасьля абвінавачваньня ў растраце.

З 1925 году пераехаў у Баранавічы. 16 ліпеня 1926 году ў Баранавічах разам з Феліцыянам Цялоўскім быў арганізатарам праведзеньня беларускага зьезду Цэнтральнага камітэту па беларускіх справах, які мусіў быў супрацьстаяць Грамадзе. Падчас зьезду былі праведзеныя выбары ў Беларускую Раду. Аднак зьезд прыняў рэзалюцыю згодна з прапановамі пасла Васіля Рагулі — г. зн. згодна ідэалёгіі Беларускага пасольскага клюбу. Пасьля гэтага Міткевіч перайшоў у Беларускі Сялянскі Саюз.

Зьяўляўся фактычным рэдактарам мясцовай баранавіцкай беларускай газэты «Сялянская воля» (месячнік). У 1927 годзе супрацоўнічаў зь Беларускай нацыянальна-радыкальнай партыяй Ф. Умястоўскага. На выбарах ў польскі сойм ў 1928 годзе беспасьпяхова выстаўляў у Наваградзкай акрузе свой сьпіс Беларускага гаспадарчага саюзу незалежных сялянаў і рабочых, які не дабіўся посьпеху.

Вядома, што ў 1933 г. Яўген Міткевіч працаваў судовым абаронцам Наваградзкай судовай акругі ў Баранавічах.[1]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Kalendarz sądowy na rok 1933. Warszawa, 1932. C. 295.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]