Яўстах Валовіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Яўстах Валовіч
Яўстах Валовіч. Невядомы мастак, XIX ст.
Яўстах Валовіч. Невядомы мастак, XIX ст.

Герб «Багорыя»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1572(1572)
Памёр 19 студзеня 1630
Пахаваны
Род Валовічы
Бацькі Іван Валовіч
Кацярына з Гаслаўскіх
Дзейнасьць каталіцкі сьвятар, каталіцкі біскуп
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Валовіч.

Яўстах Валовіч (1572 — 19 студзеня 1630) — дзяржаўны і рэлігійны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, мэцэнат і бібліяфіл. Рэфэрэндар духоўны (1600—1615), пісар (1605—1615) і падканцлер вялікі літоўскі (1615—1618), біскуп віленскі (з 1616).

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадстаўнік шляхецкага роду Валовічаў гербу «Багорыя», сын Івана і Кацярыны з Гаслаўскіх. Меў братоў Андрэя і Паўла.

Я. Валовіч. Невядомы мастак, XVII ст.

Навучаўся ў Віленскай акадэміі і ўнівэрсытэце, працягваў адукацыю ў Падуанскім і Рымскім унівэрсытэтах. Кусташ, канонік віленскі у 1592, кантар у 1597, пробашч троцкі, віленскі біскуп з 18 траўня 1616.

З прычыны разьлегласьці тэрыторыі Віленскае дыяцэзіі ўтварыў Беларускі архідыяканат на чале зь біскупам-суфраганам (намесьнікам віленскага біскупа). У часе ягонага кіраваньня ў краіне збудавалі 26 касьцёлаў (галоўным чынам на захадзе сучаснай Беларусі)[2]. Высьвяціў на каплана Андрэя Баболю. Браў удзел у пасольстве Рэчы Паспалітай да Папы Рымскага ў 1595 і іншых пасольстваў[3].

У часе рокашу Зэбжыдоўскага падтрымаў караля і вялікага князя Жыгімонта Вазы, на просьбу якога ўдзельнічаў у перамовах з ракашанамі.

Быў шчодрым мэцэнатам. Кіраваў аднаўленьнем Віленскай катэдры па пажары 1610. Спрыяў утварэньню ў складзе Віленскай акадэміі (унівэрсытэту) факультэтаў права і мэдыцыны. Заснаваў на ўласныя сродкі лякарню Сьвятых Нікадзіма і Язафата ў Вільні.

Пахавалі біскупа ў Каралеўскай капліцы (капэла Валовічаў) Віленскай катэдры, разбудаванай і ўпрыгожанай ягонымі стараньнямі.

Бібліятэка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сабраў каштоўную асабістую бібліятэку, якая ўлучала працы гуманістаў, філязофскую і багаслоўскую літаратуру, геаграфічныя апісаньні. Большасьць кніг набыў ў часе вандраваньняў па краінах Эўропы. Шмат якія маюць прысьвячэньні аўтараў і выходзілі з найлепшых друкарняў Эўропы (Плянтэнаў, Эльзэвіраў).

Свае кнігі пакінуў бібліятэцы Віленскай акадэміі; мяркуецца, што ня ўсе яны туды патрапілі, бо Віленскі капітул адмовіўся іх перадаваць. Асобныя кнігі са збору біскупа Я. Валовіча ў наш час захоўваюцца ў Бібліятэцы Віленскага ўніверсытэту, Бібліятэцы Акадэміі навук Летувы і іншых бібліятэках.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Яўстах Валовічсховішча мультымэдыйных матэрыялаў