Яўхім Храптовіч
| Яўхім Храптовіч | |
Яўхім Ігнаці Юзэф Храптовіч |
|
Герб «Адравонж» |
|
| Асабістыя зьвесткі | |
| Нарадзіўся: | 4 студзеня 1729 Ясянец каля Наваградку |
| Памёр: | 4 сакавіка 1812 Варшава |
| Род: | Храптовічы |
| Бацькі: | Марцыян Храптовіч Рэгіна з Войнаў |
| Жонка: | Канстанцыя з Пшазьдзецкіх |
| Дзеці: | Ірэней, Адам |
Яўхім Ігнаці Юзэф Храптовіч (Літавор-Храптовіч, польск. Joachim Ignacy Jozef Litawor Chreptowicz; 4 студзеня 1729 — 4 сакавіка 1812) — дзяржаўны, гаспадарчы, навуковы і культурны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Сакратар сьвецкі (1764—1773), падканцлер (1773—1793) і апошні канцлер вялікі літоўскі (1793—1795).
Па сьмерці бацькі (1766) атрымаў маёнткі Шчорсы ў Наваградзкім павеце, Зэмбін у Менскім павеце, Пышна ў Полацкім ваяводзтве, Халопенічы ў Аршанскім павеце і іншыя, пазьней набыў Бешанковічы і Пачаевічы ў Полацкім ваяводзтве, Вішнева і Славенск у Ашмянскім павеце, Грыцкавічы і Нежыцы ў Аршанскім павеце. Трымаў Аршанскае, Жосьлінскае, Старадубскае староствы[1]. Кавалер ордэнаў Сьвятога Станіслава (1773)[2] і Белага Арла (1773)[3].
Зьмест |
Біяграфія [рэдагаваць]
Прадстаўнік шляхецкага роду Храптовічаў гербу «Адравонж», сын Марцыяна і Рэгіны Вайнянкі. Першую адукацыю атрымаў дома ў маёнтку Шчорсы Наваградзкага павету. Пазьней навучаўся ў Вільні, Нясьвіжы, Заходняй Прусіі.
У 1752 атрымаў свой першы ўрад стольніка наваградзкага. У 1753 абіраўся дэпутатам Гарадзенскага павету на Галоўны Трыбунал. У 1754, 1756, 1758, 1764, 1766 абіраўся паслом ад Наваградзкага павету на соймы Рэчы Паспалітай.
28 сьнежня 1764 па каранацыі Станіслава Аўгуста Панятоўскага атрымаў пасаду сакратара вялікага літоўскага. У 1765 быў маршалкам Галоўнага Трыбуналу.
У 1769—1772 падарожнічаў па Нямеччыне, Францыі, Ангельшчыне, Галяндыі, Аўстрыі, нібыта для паляпшэньня здароў’я. У рэальнасьці, на загад караля, мусіў нэйтралізоўваць дзейнасьць паслоў Барскай канфэдэрацыі ў Эўропе. 6 кастрычніка 1773 атрымаў урад падканцлера вялікага літоўскага. У тым жа годзе яго прызначылі камісарам дэпартамэнту Віленскай акадэміі і школаў Вялікага Княства Літоўскага пры новастворанай Адукацыйнай камісіі. У 1778 увайшоў у склад Пастаяннай Рады, дзе ўзначаліў Дэпартамэнт замежных інтарэсаў. 22 верасьня 1784 прыняў караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў сваім родавым маёнтку ў Шчорсах. У 1791 заняў пасаду міністра замежных справаў Рэчы Паспалітай і ўвайшоў у «Варту Законаў». 14 чэрвеня 1793 атрымаў урад канцлера вялікага літоўскага. У 1793—1795 лячыўся за мяжой.
У 1795—1812 жыў у Варшаве. Адыйшоў ад палітычных справаў. займаўся навукай. 4 сакавіка 1812 памёр у Варшаве. Спачыў у касьцёле капуцынаў.
Ажаніўся ў 1766 з Канстанцыяй, дачкой падканцлера вялікага літоўскага Антонія Тадэвуша Пшазьдзецкага. У шлюбе меў 4 сыны і дачку.
Палітычныя погляды [рэдагаваць]
На працягу ўсяго жыцьця быў адданым прыхільнікам караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста. Бараніў ягоныя інтарэсы на соймах і сойміках. З часам зрабіўся галоўным рэпрэзэнтантам манарха на землях Вялікага Княства Літоўскага. Адносіны да іншых магнацкіх радоў залежылі ад іх лаяльнасьці да караля. У 1780—1785 гадох быў адным з галоўных ініцыятараў судовай справы супраць Тызэнгаўза, спрабуючы такім чынам ліквідаваць небясьпечнага канкурэнта ў барацьбе за прыхільнасьць шляхты ВКЛ.
На Чатырохгадовым Сойме прапанаваў праект агульнага разьмежаваньня ўладаньняў у ВКЛ. Канстытуцыю 3 траўня прыняў, але з насьцярогай. Менавіта ён пераканаў караля ў 1792 годзе перайсьці на бок Таргавіцкай канфэдэрацыі.
Быў прыхільнікам добрасуседзкіх дачыненьняў з Расейскай імпэрыяй.
Гаспадарчая дзейнасьць [рэдагаваць]
Правёў значныя гаспадарчыя пераўтварэньні на сваіх землях. У 1770—1776 паводле праекту замежных архітэктараў Джузэпэ Сака, Карла Спампані і Якуба Габрыэля збудаваў у Шчорсах палацава-паркавы ансамбль.
У 70-я гады XVIII ст. істотна рэарганізаваў у сваіх маёнтках гаспадарку, якая зрабілася адной з найлепшых у ВКЛ. Усе працы ў фальварках Шчорсаў выконвалі толькі наёмныя работнікі (зь ліку сялянаў). Ураджайнасьць збожжа была вельмі высокай, таксама пэўныя посьпехі мелі жывёлагадоўля і пчалярства.
Пераўтварыў сялянаў у прыгонных арандатараў: замест паншчыны яны мусілі выпочваць трэць ураджаю грашыма. За кошт павелічэньня гаспадарчай самастойнасьці палепшыўся сялянскі побыт[4].
Будаваў для сялянаў школы, аптэкі, наймаў лекараў. Гэта спрыяла таму, што многія сяляне з Расейскай імпэрыі, шукаючы лепшую долю, уцякалі менавіта ў ягоныя маёнткі[4].
Збудаваў у Шчорсах адзін зь першых на Беларусі ветракоў[1]. У 1778 годзе заснаваў мэталюргічны завод у Вішневе.
Асьветніцтва [рэдагаваць]
У канцы жыцьця актыўна займаўся навуковай дзейнасьцю. Быў прыхільнікам тэорыі фізыякратызму.
У 1802 годзе ў Варшаве выйшла ягоная праца «Аб штогадовым нацыянальным узнаўленьні» («О reprodukcji corocznej krajowej»), а ў 1814 годзе — «Аб натуральным праве» («O prawie natury»), у якіх адстойваў менавіта гэтую тэорыю.
Пісаў вершы, у тым ліку і на беларускай мове[5][6], артыкулы на сельскагаспадарчыя тэмы. Для пацьверджаньня свайго шляхецтва напісаў «Памятку пра род Літавораў Храптовічаў ад першых зьвестак да 1795 г.», апублікаваную ў 1890—1891.
Галерэя [рэдагаваць]
Іканаграфія Яўхіма Храптовіча ў наш час захоўваецца ў зборах Летувы, Польшчы, Расеі. Другі партрэт з другога шэрагу галерэі традыцыйна лічыцца копіяй аўтарства Яна Дамеля з арыгінальнага твору пэндзля Дж. Б. Грасі. Аднак паводле апошніх дасьледаваньняў, аўтарства копіі належыць Марціну Янушэвічу. Апроч таго, на гэтым партрэце, відаць, выяўлены не Я. Храптовіч, а падстолі каронны Міхал Валіцкі[7].
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ а б Спірыдонаў М. Храптовіч Іахім Ігнацы Юзаф // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 718.
- ^ Dunin-Wilczyński Z. Order Św. Stanisława. — Warszawa, 2006. S. 177.
- ^ Kawalerowie i statuty Orderu Orła Białego 1705—2008. — Warszawa, 2008. S. 212.
- ^ а б Спірыдонаў М. Храптовіч Іахім Ігнацы Юзаф // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 719.
- ^ Мальдзіс А. Беларусіка ў польскіх рукапісных зборах // «Вяртанне» № 6, 1999. С. 158.
- ^ Яновіч С. Пад знакамі Арла й Пагоні. — Крынкі: Offset-Print, Białystok, 2003.
- ^ Хадыка А. Разгаданая тайна: партрэт Міхала Валіцкага, мэцэната і гульца // «Новы час», № 31 (76), 5—11 лістапада 2007.
Літаратура [рэдагаваць]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Спірыдонаў М. Апошні канцлер Вялікага Княства Літоўскага // «Спадчына» № 1—2, 2001.
- Tracki K. Ostatni Kanclerz Litewski. Joachim Litawor Chreptowicz w okresie sejmu Czteroletniego 1788—1792. — Wilno, 2007.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Яўхім Храптовіч — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
|||||||
- Нарадзіліся 4 студзеня
- Нарадзіліся ў 1729 годзе
- Асобы па альфабэце
- Памерлі 4 сакавіка
- Памерлі ў 1812 годзе
- Канцлеры вялікія літоўскія
- Падканцлеры вялікія літоўскія
- Сакратары вялікія сьвецкія літоўскія
- Маршалкі Трыбуналу Вялікага Княства Літоўскага
- Удзельнікі Вялікага Сойму 1788—1792
- Сябры Згуртаваньня прыхільнікаў урадавай канстытуцыі
- Канфэдэраты таргавіцкія
- Памерлі ў Варшаве
- Пахаваныя ў Варшаве