118-ы батальён дапаможнай паліцыі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
118-ы батальён дапаможнай паліцыі
SchutzmannschaftsBtl 118
Гады існаваньня 19421944
Краіны Трэці райх, СССР, Францыя
Уваходзіць у дапаможная паліцыя Трэцяга райху
Войны Другая сусьветная вайна
Дзейны камандзір маёр Смоўскі, маёр Іван Шудра
Вядомыя камандзіры камандзіры ротаў: гаўптман Ганс Вёльке, Віньніцкі;
узводныя: лейтэнант Мялешка, Пасічнык, Р. Васюра (да сьнежня 1942);
начальнікі штабу: Карніец, Р. Васюра (ад сьнежня 1942)

118-ы батальён дапаможнай паліцыі, 118-ы ахоўны паліцэйскі батальён (па-нямецку: SchutzmannschaftsBtl 118) — падразьдзяленьне нямецкай дапаможнай «ахоўнай паліцыі» (ням. Schutzpolizei), сфармаванае ў ліпені 1942 у Кіеве на аснове аднае з ротаў 115-га ахоўнага паліцэйскага батальёну з ваеннапалонных Чырвонай Арміі[1].

Камандоўца — штурмбанфюрэр Эрых Кернэр, начальнік штабу — Рыгор Васюра. Батальён налічваў каля 500 жаўнераў, падзеленых паміж 3 ротамі, кожная рота — на 3 узводы, кожны ўзвод складаўся зь некалькіх аддзяленьняў па 10-13 чалавек.

У канцы 1942 пераведзены ў Менск, пасьля ў Плешчаніцы. Забойства савецкімі партызанамі шэфа аднае з ротаў капітана Ганса Вёльке (алімпійскага чэмпіёна і ўлюбёнца Гітлера) сталася прычынай масавага гвалту 22 сакавіка 1943 часткай батальёну пад камандаваньнем начальніка штабу Рыгора Васюры разам з зондэр-злучэньнем СС «Дырлевангер» (ням. SS-Sonderregiment «Dirlewanger») у беларускай вёсцы Хатынь.

Зь вясны 1943 да савецкага наступленьня увесну 1944 знаходзіўся ў польскай вёсцы Эві. У ліпені 1944 перакінуты ў Францыю, уведзены ў склад 30-й грэнадэрскай дывізіі СС (2-й расейскай) (ням. 30.Waffen-Grenadier-Division der SS (russische Nr. 2)). У баёх супраць францускіх партызанаў новае падраздзяленьне ўдзелу не прымала, практычна ў поўным складзе перайшло на бок францускага руху супраціву. Зь іх быў сфармаваны 2-і ўкраінскі батальён імя Тараса Шаўчэнкі (па-француску: Le 2 Bataillon Ukrainien des Forces Francaices de L’Interier, Groupement Frontiere, Sous-Region D.2.)[2].

Пасьля вайны некаторыя з байцоў працягвалі службу ў Замежным легіёне Францыі.

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]