Laser Squad

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Laser Squad
ZX Laser Squad.png
Здымак экрану першага сцэнару гульні («The Assassins»)
Распрацоўнік Target Games
Выдаўцы Blade Software
Micro League Multimedia (PC)
Дызайнэр Джуліян Голап
Кампазытар Мэт Фэрніс
Плятформы Amiga, Amstrad CPC, Atari ST, Commodore 64, MS-DOS, MSX, ZX Spectrum
Дата выпуску 1988
Жанр Пакрокавая тактыка
Рэжымы Адзінаасобная гульня, шматасобавая гульня

«Laser Squad» (па-беларуску: «Лязэрны аддзел») — пакрокавая тактычная кампутарная гульня, першапачаткова выпушчаная для плятформы ZX Spectrum, пазьней партаваная на Commodore 64, Amstrad CPC, MSX, Amiga, Atari ST і IBM PC-сумяшчальныя кампутары. Рапрацаваная калектывам Target Games на чале з Джуліянам Голапам і выдадзеная кампаніяй Blade Software[1], гульня разьвівае ідэі папярэдняй сэрыі гульняў «Rebelstar».

Арыгінальная «Laser Squad» мела пяць сцэнароў місіяў і пакет пашырэньня для 8-бітавых вэрсіяў з двума дадатковымі сцэнарамі. Гульня атрымала прыхільныя водгукі ад тэматычных часопісаў. Працяг ідэяў «Laser Squad» можна прасачыць у сэрыі «X-COM», асабліва ў адной зь яе найлепшых гульняў «UFO: Enemy Unknown», таксама створанай Джуліянам Голапам і першапачаткова плянаванай сыквэлам «Лязэрнага аддзелу».

Гульнявы працэс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Laser Squad» — пакрокавая тактычная вайсковая гульня, дзе гулец выконвае такія заданьні, як выратавальныя ці эвакуацыйныя апэрацыі, або простая зачыстка тэрыторыі ад ворага. Пад ягоным кіраваньнем знаходзіцца аддзел жаўнераў, кожны зь якіх можа перасоўвацца паасобку, паварочвацца, страляць, падымаць прадметы і выконваць іншыя дзеяньні, на што выдаткоўваецца пэўная колькасьць пунктаў дзеяньня. Посьпех апэрацыі залежыць ад выкарыстаньня асяродку, супольнае тактыкі чальцоў аддзелу і акуратнага выкарыстаньня ўзбраеньня. Цяжкаўзброеныя жаўнеры стамляюцца хутчэй, таму ім часьцей патрэбны адпачынак дзеля папаўненьня пунктаў дзеяньня. Істотным фактарам зьяўляецца таксама баявы дух: вой, на вачох якога загінулі ўсе ягоныя напарнікі, можа запанікаваць і выйсьці з-пад кіраваньня.

З улікам пакету пашырэньня гульня налічвае сем сцэнароў, кожны зь якіх адрозьніваецца па складанасьці і разьмяшчэньні аддзелу:

  • «The Assassins». Мэта місіі — забойства Стэрнэра Рэгнікса, уладальніка вайсковай вытворчасьці, які прымушае сваіх рабочых працаваць нелегальнымі мэтадамі. Гулец павінен правесьці свой невялікі аддзел да месца схованкі Рэгнікса і зьнішчыць яго любой цаной, увесь час не забываючыся на небясьпеку з боку дроідаў-ахоўнікаў.
  • «Moonbase Assault». Невялікі аддзел павінен пранікнуць на Месяцавую базу карпарацыі «Omni» і зьнішчыць іхнія сховішчы зьвестак і аналізатары, якія захоўваюць стратэгічную інфармацыю.
  • «Rescue from the Mines». Пасьля таго, як у звычайнай місіі ўсё пайшло наўскаскі, тры чальцы паўстанцкага аддзелу ўзятыя ў закладнікі. Аддзел гульца павінен трапіць у шахтавы комплекс карпарацыі Metallix, дзе трымаюць паўстанцаў, вызваліць усіх трох і эвакуявацца.
  • «The Cyber Hordes». Невялікі аддзел павінен абараніць паўстанцкую станцыю ад уварваньня аддзелу дроідаў. На базе паўстанцаў знаходзяцца сем сардэчнікаў стабілізатараў, неабходныя для забесьпячэньня ўстойлівасьці плянэты, і дроіды сфакусуюць свае намаганьні на зьнішчэньні гэтых мэтаў.
  • «Paradise Valley». У выніку місіі «The Cyber Hordes» сардэчнікі стабілізатараў былі зьнішчаныя, калёнія зруйнаваная. На арбіту плянэты прыбылі караблі, якія чакаюць загаду на атаку. Паўстанцы запісалі пляны і рысункі свайго ўдасканаленага крэйсэра на флэшку, і лязэрны аддзел павінен пакінуць калёнію, каб гэтыя пляны ня трапілі ў рукі агрэсараў.
  • «The Stardrive». Група наймітаў захапіла блёк кіраваньня ад зоркавага рухавіку новага крэйсэра паўстанцаў. Аддзел павінен пранікнуць на іхнюю сакрэтную базу і вярнуць прыстрой.
  • «Laser Platoon». Бойка каманда на каманду з пастаянным узнаўленьнем. Каманды складаюцца зь дзесяці жаўнераў.

Успрыняцьце[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Часопіс «Computer and Video Games» быў уражаны вэрсіяй гульні для ZX Spectrum і надаў ёй рэйтынг 97%[2]. Гульня атрымала 89% ад «Sinclair User»[3] і 9 зь 10 ад «Your Sinclair»[4]. У 1993 року вэрсія для ZX Spectrum заняла 16-е месца ў сьпісе 100 найлепшых гульняў усіх часоў па выніках апытаньня чытачоў часопісу «Your Sinclair»[5].

Вэрсія гульні для Commodore 64 атрымала ўзнагароду «Зялёная зорка» і рэйтынг 92% ад часопісу «CU Amiga-64»[6], 83% ад «Zzap!64»[7].

Вэрсія для CPC атрымала адзнаку 91% ад «Amstrad Action»[8], а пашырэньне — 93%[9].

Вэрсія для Amiga атрымала «Залатую ўзнагароду» і рэйтынг 93% ад часопісу «Amiga Format»[10], 88% ад «Zero»[11] і 87% ад «CU Amiga-64»[12]. У 1991 року вэрсія для Amiga заняла 25-е месца ў сьпісе найлепшых гульняў паводле вэрсіі часопісу «Amiga Power»[13].

Уплыў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Rebelstar» і «Laser Squad» ёсьць найранейшымі прыкладамі пакрокавых вайсковых гульняў з магчымасьцю кіраваньня асобнымі юнітамі. Многія ідэі «Лязэрнага аддзелу» пазьней былі выкарыстаныя ў сэрыі гульняў «X-COM», распрацоўкай якіх таксама займаліся Джуліян Голап і Mythos Games (былой Target Games). Некаторыя пэрсанажы і арганізацыі з гульняў «Laser Squad» і «Rebelstar» сустракаюцца і ў далейшых гульнях Mythos Games і Codo Technologies (наступнае кампаніі, створанае Джуліянам Голапам). Напрыклад, капрал Джонлэн і фірма-вытворца зброі Marsec сустракаюцца ў гульнях усутыч да X-COM: Apocalypse.

У 1990 року Mythos Games выпусьціла фэнтэзійную гульню «Lords of Chaos», якая мае шмат падабенстваў зь «Лязэрным аддзелам», хоць насамрэч зьяўляецца працягам яшчэ ранейшай створанай Голапам гульні для ZX Spectrum пад назваю «Chaos: The Battle of Wizards».

У 2002 року Codo Technologies выпусьціла гульню па электроннай пошце «Laser Squad Nemesis», якая, хоць і выкарыстоўвае арыгінальную назву, адхіляецца ад пакрокавае сыстэмы пунктаў дзеяньня і не дазваляе разьвіваць пэрсаніфікаванае ўзбраеньне.

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Edge Staff. (2009-05-15) The Making of: X-COM: Enemy Unknown(анг.). nex-gen.biz. Праверана 2011-04-08 г.
  2. ^ Dillon, Tony. Computer and Video Games, issue 86, December 1988, p 89
  3. ^ Sinclair User, issue 80, November 1988, p 61
  4. ^ Shaw, Pete. Your Sinclair, issue 35, November 1988, p 76
  5. ^ Readers' Top 100 Games of All Time // Your Sinclair. — Imagine Publishing, September 1993.
  6. ^ Dillon, Tony. CU Amiga-64, March 1989, p 45
  7. ^ Zzap!64, issue 53, September 1989, p 40
  8. ^ Webb, Trenton. Amstrad Action, issue 49, October 1989, p 50,51
  9. ^ Waring, Adam. Amstrad Action, issue 56, May 1990, p 52
  10. ^ Smith, Andy. Amiga Format, issue 5, December 1989, p 52,53
  11. ^ McCandless, David. Zero, issue 2, December 1989, p 53,54,55
  12. ^ Patterson, Mark. CU Amiga-64, November 1989, p 69
  13. ^ Amiga Power issue 0, Future Publishing, May 1991

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Laser Squadсховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Фэн-сайты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]