Linux

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
GNU/Linux
Сымбалі Linux і GNU
Працоўны стол стол KDE 4
Працоўны стол KDE
Распрацоўнік
Шматлікія распрацоўнікі па ўсім сьвеце
Выпускі
Сямейства АС UNIX-падобныя (POSIX-сумяшчальныя)
Апошні стабільны рэліз Ядро: 3.2.1 (12 студзеня 2012 г.; 2 гады таму)
Тып ядра маналітнае ядро з падтрымкай падгружальных модуляў ядра
Ліцэнзія У асноўным GNU GPL
Бягучы стан
Актуальна
Афіцыйны сымбаль Linux — Tux, вясёлы пінгвін

Linux (таксама вядомы як GNU/Linux, вымаўляецца «ГНУ/Лі́нукс») — вольная UNIX-падобная апэрацыйная сыстэма. Яна заснаваная на сыстэмных праграмах, распрацаваных у рамках праекту GNU, і на ядры Linux. У адрозьненьне ад закрытых апэрацыйных сыстэмаў, такіх як Windows ці OS X, усе крынічныя коды гэтай апэрацыйнай сыстэмы цалкам адкрытыя для выкарыстаньня, мадыфікацыяў і распаўсюджаньня.

Першапачаткова Linux распрацоўваўся і выкарыстоўваўся асобнымі аматарамі на сваіх пэрсанальных кампутарах. Але цяпер Linux падтрымліваюць такія вялікія карпарацыі, як IBM, Sun Microsystems, Hewlett-Packard і Novell, а таксама гэтую АС эфэктыўна выкарыстоўваюць у сэрвэрнай сфэры і, апошнім часам, як настольную апэрацыйную сыстэму. Linux выкарыстоўваюць і ў супэркампутарах, і ў мабільных тэлефонах. Аналітыкі лічаць асноўнымі прычынамі посьпеху гэтай апэрацыйнай сыстэмы яе бясьпеку, нізкі кошт, свабоду выкарыстаньня і распаўсюджваньня.

Да апэрацыйнай сыстэмы GNU/Linux таксама часта адносяць праграмы, якія дапаўняюць гэтую апэрацыйную сыстэму, і дастасоўныя праграмы, што робіць яе паўнавартасным шматфункцыянальным апэрацыйным асяродзьдзем.

У адрозьненьне ад большасьці іншых апэрацыйных сыстэмаў, GNU/Linux ня мае адзінае «афіцыйнае» камплектацыі. Замест гэтага GNU/Linux пастаўляецца ў вялікай колькасьці так званых дыстрыбутываў, у якіх праграмы GNU аб’ядноўваюцца зь ядром Linux і іншымі праграмамі. Найбольш вядомымі дыстрыбутывамі GNU/Linux зьяўляюцца Slackware, Red Hat Linux, Fedora Core, SuSE, Debian, Gentoo, Ubuntu.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1983 годзе Рычард Столман заснаваў Праект GNU, мэтай якога было стварэньне паўнавартаснай UNIX-падобнай апэрацыйнай сыстэмы, якая б зьяўлялася да таго ж свабоднай. У пачатку 1990-х гадоў праект GNU ўжо меў амаль усе неабходныя складнікі гэтай сыстэмы — бібліятэкі, кампілятары, тэкставыя рэдактары, UNIX-падобную абалонку каманднага радка — акрамя галоўнага, ядра. Праект GNU пачаў распрацоўку ядра Hurd у 1990, заснаванага на мікраядры Mach, але распрацоўка гэтай канцэпцыі цягнулася вельмі марудна.

Лінус Торвальдс, стваральнік ядра Linux

Тым часам, у 1991 годзе, студэнт Хэльсынскага унівэрсытэту Лінус Торвальдс пачаў, спачатку як аматарскі праект, напісаньне іншага ядра. Торвальдс на той час карыстаўся АС Minix, спрошчанай UNIX-падобнай сыстэмай, напісанай Эндру Танэнбаўмам у навуковых мэтах. Аднак Танэнбаўм не дазваляў іншым людзям зьмяняць сваю апэрацыйную сыстэму, і менавіта гэты факт прымусіў Торвальдса пачаць напісаньне свайго ядра.

Спачатку Лінус назваў сваё ядро «Freax». Назву ж «Linux» прыдумаў Ары Лемке (анг. Ari Lemmke, адміністратар сэрвэра FTP, на якім разьмяшчаліся першыя вэрсіі ядра; ён даў гэты назоў тэчцы, зь якой упершыню можна было сьцягнуць файлы гэтага ядра.

Першапачаткова для настаўленьня і ўстанаўленьня Linux быў неабходны кампутар, які працаваў бы на Minix. Да таго ж, першыя вэрсіі Linux не маглі загружацца з цьвёрдага дыску самастойна, без дапамогі іншай АС, аднак пазьней былі напісаныя адмысловыя праграмы стартаваньня Linux. Сыстэма Linux хутка пераўзышла Minix па функцыянальнасьці; Торвальдс і іншыя першыя распрацоўнікі ядра Linux адаптавалі яго для працы з кампанэнтамі GNU, каб стварыць закончаную поўнафункцыянальную свабодную апэрацыйную сыстэму.

У наш час Торвальдс працягвае кіраваць распрацоўкай свайго «дзіцяці», у той жа час іншыя складнікі апэрацыйнай сыстэмы — кампанэнты GNU — застаюцца асобнымі праектамі і распрацоўваюцца іншымі людзьмі (распрацоўка ядра Linux не зьяўляецца часткай Праекта GNU). Адмысловыя групы карыстальнікаў і камэрцыйныя кампаніі аб’ядноўваюць усе неабходныя складнікі апэрацыйнай сыстэмы GNU/Linux і дастасоўныя праграмы ў дыстрыбутывы.

Апаратныя плятформы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ядро Linux першапачаткова працавала толькі на мікрапрацэсарах Intel 80386, але цяпер яно падтрымлівае доўгі шэраг апаратных архітэктур. Linux — адна з самых пераносных апэрацыйных сыстэмаў, якая можа выконвацца і на кішэнных кампутарах на базе ARM-працэсараў, iPAQ, і на мэйнфрэймах IBM System z9. Адмысловыя дыстрыбутывы існуюць нават для рэдкіх апаратных плятформаў.

Правы капіяваньня, ліцэнзія, гандлёвая марка Linux[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ядро Linux і большасьць праграмаў GNU распаўсюджваюцца на ўмовах ліцэнзіі GPL. Ліцэнзія GPL дазваляе зьмяняць праграму як заўгодна з той толькі ўмовай, што атрыманы зьменены прадукт будзе таксама распаўсюджвацца на ўмовах гэтай ліцэнзіі. У 1997 годзе, Лінус Торвальдс сказаў, што «тое, што я пачаў распаўсюджваць Linux пад ліцэнзіяй GPL, стала адной зь лепшых рэчаў, якія я калі-небудзь рабіў». Аднак некаторыя важныя складнікі апэрацыйнай сыстэмы Linux ужываюць іншыя ліцэнзіі; шматлікія бібліятэкі карыстаюцца ліцэнзіяй LGPL, менш патрабавальнай вэрсіяй GPL, а сыстэма вокнаў X ужывае ліцэнзію MIT.

У ЗША назва Linux зьяўляецца гандлёвай маркай, зарэгістраванай на імя Лінуса Торвальдса.

Вымаўленьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1992 годзе Л. Торвальдс патлумачыў, як вымаўляецца слова Linux. З улікам беларускай фанэтыкі яго трэба вымаўляць як «лі́нукс»[1].

Linux і Праект GNU[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэтай Праекту GNU ёсьць напісаньне UNIX-падобнай апэрацыйнай сыстэмы, якая б цалкам складалася са свабодных праграмаў. Большасьць дыстрыбутываў Linux засноўваецца на свабодных праграмах, напісаных пад сьцягам Праекту GNU. Фонд Свабодных Праграм разглядае гэтыя дыстрыбутывы як «варыянты» сыстэмы GNU і патрабуе называць такія апэрацыйныя сыстэмы GNU/Linux ці сыстэма GNU на аснове Linux. Хаця некаторыя дыстрыбутывы пагадзіліся з такой назвай, але большасьць дыстрыбутываў не зьмяшчаюць літары «GNU» ў сваіх назвах. Лінус Торвальдс назваў патрабаваньне называць Linux-сыстэмы словаспалучэньнем-абрэвіятурай GNU/Linux «бязглузьдзіцай».

Судовыя справы SCO[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сакавіку 2003 году, SCO Group пачала судовую справу супраць IBM, абвінаваціўшы карпарацыю IBM у выдачы абароненага аўтарскім правам праграмнага коду SCO праекту распрацоўкі ядра Linux, што забаронена ліцэнзіяй на выкарыстаньне UNIX, якую дала SCO Group карпарацыі IBM. Прадстаўнікі SCO Group адправілі лісты ў шматлікія кампаніі, пагражаючы ім судовымі справамі за далейшае (незаконнае, на іх думку) выкарыстаньне ядра Linux. Аднак гэтыя карпарацыі аб’ядналі свае высілкі і, са свайго боку, таксама распачалі справы супраць SCO Group. Гэта былі такія карпарацыі як DaimlerChrysler (справа закрытая ў 2004), AutoZone, Red Hat і іншыя. Больш таго, пад пытаньнем цяпер і правы Групы SCO: карпарацыя Novell распачала судовую справу, аспрэчваючы правы SCO Group на гандлёвую марку UNIX.

Дагэтуль (2006) Група SCO не перадала ў судовыя інстанцыі ніводнага доказу парушэньня заканадаўства з боку IBM і іншых абвінавачаных карпарацыяў.

Распрацоўка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Апэрацыйная сыстэма Linux вельмі хутка распрацоўваецца энтузіястамі з усяго сьвету. У 2001 годзе было праведзенае дасьледаваньне праграмнага коду апэрацыйнай сыстэмы Red Hat Linux 7.1. Яно паказала, што каля 71% праграмнага коду гэтай апэрацыйнай сыстэмы напісана на C, але таксама выкарыстоўваліся іншыя мовы: C++, Lisp, Perl, Python, Ruby і г. д.

У адрозьненьне ад Microsoft Windows, Mac OS (OS X) ды камэрцыйных UNIX-падобных сыстэмаў, GNU/Linux ня мае геаграфічнага цэнтру распрацоўкі. Няма і арганізацыі, якая валодала бы гэтай сыстэмай; няма нават адзінага кардынацыйнага цэнтру. Праграмы для GNU/Linux — вынік працы тысячаў праектаў. Некаторыя з гэтых праектаў цэнтралізаваныя, некаторыя каардынуюцца фірмамі, але большасьць аб’ядноўваюць праграмістаў па ўсім сьвеце, знаёмых толькі па перапісцы. Стварыць свой праект або далучыцца да праекту, які ўжо існуе, можа любы і, у выпадку посьпеху, вынікі працы стануць вядомыя мільёнам карыстальнікаў. Карыстальнікі прымаюць удзел у тэставаньні вольных праграмаў, маюць зносіны з распрацоўнікамі напроста, што дазваляе хутка знаходзіць і выпраўляць памылкі і рэалізоўваць новыя магчымасьці.

Менавіта такая гнуткая і дынамічная сыстэма распрацоўкі, немагчымая для праектаў з зачыненым кодам, вызначае выключную эканамічную эфэктыўнасьць GNU/Linux. Нізкі кошт вольных распрацоўкаў, адладжаныя мэханізмы тэставаньня і распаўсюджваньня, прыцягненьне людзей з розных краінаў, якія валодаюць розным бачаньнем праблемаў, абарона кода ліцэнзіяй GPL — усё гэта паспрыяла посьпеху вольных праграмаў[2].

Вядома, такая высокая эфэктыўнасьць распрацоўкі не магла не зацікавіць буйныя фірмы, якія сталі адчыняць свае праекты. Так зьявіліся Mozilla кампаніі (Netscape, AOL), OpenOffice.org кампаніі (Sun Microsystems), вольны клён Interbase кампаніі (Borland) — Firebird, SAP DB. IBM спрыяла пераносу GNU/Linux на свае мэйнфрэймы.

Зь іншага боку, адчынены код значна зьніжае сабекошт распрацоўкі зачыненых сыстэмаў для Linux і дазваляе зьнізіць кошт рашэньня для карыстальніка. Вось чаму Linux стала плятформаю, якую часта рэкамэндуюць для такіх прадуктаў, як Oracle Database, DB2, Informix, SyBase, SAP R3, Domino.

Супольнасьць GNU/Linux падтрымлівае сувязь пасродкам групаў карыстальнікаў Linux.

Праграмнае асяродзьдзе[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычна Linux выкарыстоўваўся як сэрвэрная апэрацыйная сыстэма, але яе нізкі кошт, пераноснасьць і магутнасьць UNIX дапамаглі пашырыцца гэтай АС і на іншыя, раней неўласьцівыя ёй задачы. Linux зьяўляецца адным з галоўных складнікаў канцэпцыі папулярнай сэрвэрнай плятформы «LAMP» (Linux, Apache, MySQL, Perl/PHP/Python).

Дзякуючы нізкаму кошту і высокаму ўзроўню пераноснасьці Linux часта выкарыстоўваюць у якасьці базавай плятформы для ўбудаваных сыстэмаў, напрыклад, тэлебачаньня, мабільных тэлефонаў, кішэнных кампутараў. Linux зьяўляецца галоўным канкурэнтам Symbian OS у сфэры мабільнай тэлефаніі, а таксама спрабуе заняць сваё пачэснае месца на рынку апэрацыйных сыстэмаў для кішэнных кампутараў, ствараючы альтэрнатыву Windows CE і Palm OS.

Linux таксама шырока выкарыстоўваецца для стварэньня прадуктаў аблслугоўваньня сетак (брандмаўэр, роўтар) з-за яе нізкага кошту і стабільнасьці працы.

Linux зьяўляецца самай распаўсюджанай апэрацыйнай сыстэмай для супэркампутараў. У лістападзе 2005 году ў сьпісе наймагутнейшых супэркампутараў сьвету TOP500 два найхутчэйшыя супэркампутары сьвету працавалі на базе Linux. З 500 сыстэмаў гэтага сьпісу, 371 (74,2%) выкарыстоўвалі розныя вэрсіі Linux, у тым ліку сем зь дзесяці найлепшых супэркампутараў.

Sony ўжо пастаўляла праграмны збор Linux, які кожны ўладальнік Sony Playstation 2 мог устанавіць на сваю кансоль. Распрацоўнікі гульняў, напрыклад, Atari і id Software, апошнім часам пачалі выпускаць вэрсіі сваіх вядомых гульняў пад АС Linux.

Дыстрыбутывы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Linux выкарыстоўваецца ў якасьці аднаго са складнікаў дыстрыбутываў Linux. Дыстрыбутывы Linux ствараюцца кампутарнымі аматарамі, закрытымі супольнасьцямі, камэрцыйнымі і грамадзкімі арганізацыямі па ўсім сьвеце. У склад дыстрыбутыву акрамя ядра Linux дадаюць сыстэмныя і дастасоўныя праграмы, сыстэму ўстаноўкі, інтэграваную сыстэму кіраваньня ўстаноўленымі праграмамі і іншае. Дыстрыбутывы ствараюць з абсалютна рознымі мэтамі: падтрымка адмысловай кампутарнай архітэктуры, лякалізацыя праграм, падтрымка праграмаў рэальнага часу выкананьня, для ўбудаваных сыстэмаў і іншага. Шмат дыстрыбутываў ня ўтрымліваюць несвабодных кампанэнтаў, якія могуць замінаць свабоднаму распаўсюджваньню і выкарыстаньню праграмаў.

Тыповы дыстрыбутыў агульнага прызначэньня ўключае:

  1. ядро Linux;
  2. бібліятэкі і службовыя праграмы Праект GNU;
  3. абалонкі каманднага радка;
  4. сыстэму вокнаў X;
  5. адзін ці некалькі кіраўнікоў вокнаў (KDE, GNOME, Xfce і інш.);
  6. тысячы іншых праграмных прадуктаў: офісныя праграмы, кампілятары, тэкставыя рэдактары, навуковыя праграмы і інш.

Большасьць карыстальнікаў для ўсталёўкі GNU/Linux выкарыстоўваюць дыстрыбутываў. Дыстрыбутыў — гэта ня проста набор праграмаў, а шэраг рашэньняў для розных задачаў карыстальнікаў, аб’яднаных адзінымі сыстэмамі ўсталёўкі, кіраваньня і абнаўленьня пакетаў, а таксама наладаў і падтрымкі.

Самыя распаўсюджаныя ў сьвеце дыстрыбутывы:

  • амэрыканская Red Hat Linux і яе нашчадак Fedora Core;
  • нямецкая SuSE;
  • міжнародны дыстрыбутыў Debian GNU/Linux;
  • адна з самых старых дыстрыбутцыяў Slackware;
  • параўнальна малады Gentoo, які актыўна разьвіваецца;
  • дыстрыбутыў Ubuntu і яе вэрсія Kubuntu, які выкарыстоўвае абалонку KDE замест GNOME.

Апроч пералічаных, існуе мноства іншых дыстрыбутываў, частка зь якіх базуецца на пералічаных, частка створаных з нуля і часцяком прызначаных для выкананьня абмежаванай колькасьці задачаў (напрыклад, Scientific Linux). Кожная зь іх мае сваю канцэпцыю, свой набор пакетаў, свае перавагі і недахопы. Ні адна ня можа задаволіць усіх карыстальнікаў, а таму побач зь лідэрамі пасьпяхова існуюць іншыя фірмы і суполкі праграмістаў, якія прапануюць свае рашэньні, свае дыстрыбутывы, свае паслугі. Раней была вядомая француская Mandriva (ранейшая назва Mandrake). Існуе мноства LiveCD, пабудаваных на аснове GNU/Linux. LiveCD дазваляе запускаць GNU/Linux непасрэдна з кампакт-дыска, без усталёўкі на цьвёрды дыск. Адным з найбольш папулярных LiveCD зьяўляецца Knoppix.

Для тых, хто жадае дасканала разабрацца з GNU/Linux, падыдзе любы з дыстрыбутываў, аднак даволі часта для гэтае мэты выкарыстоўваюцца так званыя source-based дыстрыбутывы, якія прадугледжваюць самастойную зборку ўсіх (або часткі) кампанэнтаў з зыходных кодаў, такія як LFS, Gentoo Linux або CRUX.

Linux на пэрсанальным кампутары[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Высокі ўзровень доступу да ўнутраных мэханізмаў працы Linux паспрыяў стварэньню міту пра тэхнічную арыентацыю Linux у параўнаньні зь яго канкурэнтамі на пэрсанальных кампутарах. Linux і іншыя свабодныя праграмы часта крытыкуюць за цяжкасьці выкарыстаньня гэтых праграмаў.

Аднак у апошнія гады сытуацыя карэнна зьмянілася. Цяпер Linux можна лёгка карыстацца, ня ведаючы спэцыфіку ўнутраных працэсаў гэтай АС, дзякуючы графічнаму інтэрфэйсу карыстальніка, падобнаму на інтэрфэйсы іншых апэрацыйных сыстэмаў. Хаця ў некаторых сфэрах для Linux яшчэ ня створаныя паўнавартасныя аналягі спэцыялізаваных праграмаў зь іншых апэрацыйных сыстэмаў (гульні, мадэляваньне), аднак большасьць неабходных кожнаму карыстальніку праграм ужо напісана і эфэктыўна выкарыстоўваецца. Да таго ж, шмат карпарацыяў абвесьцілі пра падтрымку Linux у наступных вэрсіях сваіх праграмных прадуктаў (Opera Software, Autodesk, MathWorks, Wolfram Research, Waterloo Maple). Усё гэта дазваляе зрабіць выснову, што Linux ужо амаль гатовы для паўсюднага выкарыстаньня і на пэрсанальных кампутарах.

Хаця для Linux існуе шмат праграмаў для наладкі сыстэмы, панэляў кіраваньня і іншага (напрыклад, CompizConfig, sugar-settings-manager, Xfce settings), але дагэтуль вельмі актыўна падтрымліваюцца магчымасьці наладкі сыстэмы шляхам рэдагаваньня адпаведных тэкставых файлаў настаўленьня.

Рынак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Згодна з даследаваньнямі рынку, якія правяла кампанія IDC, 25% сэрвэраў і 2,8% настольных кампутараў працуюць пад кіраваньнем Linux (2004). Рынак Linux хутка павялічваецца, а таму прагназуецца, што ў 2008 годзе рынак напісаньня і абслугоўваньня праграмных прадуктаў для Linux дасягне 35,7 міліярда даляраў.

Устаноўка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Самы распаўсюджаны мэтад устаноўкі Linux на пэрсанальны кампутар — устаноўка з кампакт-дыску. Звычайна вобразы такіх дыскаў можна свабодна сьцягнуць зь Сеціва і запісаць на свой носьбіт.

Некаторыя вытворцы кампутарнай тэхнікі пастаўляюць на рынак кампутары з ужо ўстаноўленай і наладжанай АС Linux. Сярод такіх вытворцаў можна выдзяліць Hewlett-Packard і Dell.

Альтэрнатывай устаноўкі стандартнай настольнай апэрацыйнай сысэтмы зьяўляецца магчымасьць устаноўкі на кампутары тонкага кліента. Гэты мэтад дазваляе загрузку апэрацыйнай сыстэмы з аднаго зь сеткавых кампутараў. Такая загрузка зьмяншае каштарыс аднаго кампутарызаванага працоўнага месца.

Таксама даволі распаўсюджаная практыка загрузкі паўнавартаснай і гатовай для выкарыстаньня апэрацыйнай сыстэмы Linux з аптычнага дыску. Такую загрузку падтрымліваюць шматлікія дыстрыбутывы (Knoppix, Ubuntu і іншыя).

Праграмаваньне для Linux[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Інтэграванае асяродзьдзе распрацоўкі KDevelop

Збор кампілятараў GNU (GCC) зьяўляецца стандартным для АС Linux. GCC падтрымлівае наступныя мовы праграмаваньня: C, C++, Java, Фартран і інш. Большасьць дыстрыбутываў таксама падтрымліваюць інтэрпрэтатары Perl, Python. Апошнім часам распрацоўнікі дыстрыбутываў пачалі пастаўляць і кампілятар C# ад Праекту Mono.

Для Linux існуе шэраг інтэграваных асяродзьдзяў распрацоўкі, у тым ліку KDevelop, Anjuta, NetBeans, Eclipse, але ўсё роўна тэкставыя рэдактары Emacs і Vim застаюцца вельмі папулярнымі ў праграмісцкай супольнасьці. Дзьве асноўныя графічныя бібліятэкі стварэньня інтэрфэйсу для Linux: Qt і GTK+.

Акрамя свабодных кампілятараў і іншых праграмаў распрацоўкі існуюць і закрытыя, якія выпускаюць такія карпарацыі: Intel, PathScale і Група Portland.

Тэхнічная падтрымка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэхнічную падтрымку карыстальнікаў Linux забясьпечваюць камэрцыйныя кампаніі і зацікаўленыя групы карыстальнікаў Linux.

Бізнэс-мадэль камэрцыйных кампаніяў звычайна заключаецца ў атрыманьні грошай за абслугоўваньне сваіх дыстрыбутываў, якія распаўсюджваюцца бясплатна. Некаторыя дыстрыбутары таксама бяруць грошы за выкарыстаньне сваіх дыстрыбутываў, а ня толькі падтрымку. Яны дадаюць у дыстрыбутыў закрытыя праграмы і такім чынам абмяжоўваюць правы карыстальнікаў на распаўсюд.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Гукавы файл з запісам вымаўленьня гэтага слова самім Торвальдсам можна знайсьці тут
  2. ^ Алексей Новодворский, Александр Прокудин. Глава 5. Быстрый старт(рас.) Праверана 18 кастрычніка 2014 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Linuxсховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Беларускія парталы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Расейскамоўныя рэсурсы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Форумы аб Linux[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Расейскія фірмы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • ALT Linux Праверана 18 кастрычніка 2014 г.
  • Etersoft Праверана 18 кастрычніка 2014 г.