MP3

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

MPEG-1/MPEG-2 Audio Layer III або MP3запатэнтаваны фармат кадаваньня лічбавага гуку з выкарыстаньнем альгарытмаў стратнага сьцісканьня зьвестак. MP3 зьяўляецца распаўсюджаным фарматам утрыманьня аўдыёматэрыялаў і стандартам дэ-факта для перадачы і прайграваньня музыкі ў лічбавых аўдыёпрайгравальніках.

Фармат MP3 быў створаны працоўнай групай Moving Picture Experts Group (MPEG) у рамках стандарту MPEG-1 і пазьней яго пашыранай вэрсіі MPEG-2. Першая падгрупа MPEG — Audio (якая займалася гукавымі фарматамі) была сфармаваная з камандаў інжынэраў Fraunhofer IIS, Унівэрсытэту Гановэра, Bell Labs, Thomson-Brandt і іншых[1]. Над MPEG-1 Audio была пачатая працэдура стандартызацыі, і пасьля стварэньня чарнавіка стандарту ISO/IEC выніковы дакумэнт ISO/IEC 11172-3:1993 быў апублікаваны ў 1993 годзе[2]. У 1995 годзе было апублікаванае пашырэньне з адваротнай сумяшчальнасьцю MPEG-2 Audio (MPEG-2 Part 3), якое дадавала новыя бітрэйты і частасьці дыскрэтызацыі — ISO/IEC 13818-3:1995[3].

Выкарыстаньне ў фармаце альгарытмаў стратнага сьцісканьня дазваляе дасягнуць вялікіх узроўняў кампрэсіі гуку, пры гэтым пакінуўшы якасьць запісу на ўзроўні, амаль не адрозным для шырокага кола слухачоў. MP3-файл, створаны з выкарыстаньнем бітрэйту 128 Кбіт/с, будзе ў 11 разоў менш за арыгінальны запіс на CD[a]. MP3-файл можа быць створаны з большым ці меншым бітрэйтам, што адаб’ецца на якасьці ў лепшы ці горшы бок адпаведна.

Сутнасьцю сьцісканьня зьяўляецца выдаленьне гукаў, якія знаходзяцца за межамі гукаўспрыманьня большасьці людзей. Уваходны гук праходзіць праз псыхаакустычныя мадэлі для падаўленьня неўспрымальных для слыху частак, а ўсе слушныя зьвесткі запісваюцца ў выніковы файл.

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі
  1. ^ CD: 44 100 сэмплаў/с × 16 біт/сэмпл × 2 канала = 1 411 200 біт/с.[4] MP3 сьціскаецца зь бітрэйтам 128 Кбіт/с: 128 000 біт/с (1Кбіт = 1000 біт, а не 1024, бо гэта бітрэйт). Стасунак: 1 411 200/128 000 = 11.025.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гэта — накід артыкула па мабільныя тэлефоны. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго.

Гэта — накід артыкула пра гукавыя тэхналогіі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго.