Magicland Dizzy

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Magicland Dizzy
Экранная застаўка гульні
Распрацоўнік Big Red Software
Блізьняты Олівэр
Выдавец Codemasters
Дызайнэр Ніл Вінсэнт
Блізьняты Олівэр
Кампазытар Дэвід Ўіттэйкер
Плятформы ZX Spectrum, Commodore 64, Amiga, Amstrad CPC, Atari ST, DOS
Дата выпуску 1990
Жанр Прыгодніцкая аркада
Рэжым Адзінаасобная гульня
Кіраваньне Клявіятура/Джойстык

«Magicland Dizzy» (па-беларуску: «Чароўная краіна Дызі») — аркадная прыгодніцкая кампутарная гульня, выпушчаная ў 1990 року Code Masters, чацьвертая ў сэрыі Dizzy. Упершыню распрацоўкай гульні пра Дызі займаліся староньняя кампанія Big Red Software і дызайнэр Ніл Вінсэнт, у той час як блізьняты Олівэр працавалі над іншымі праектамі.

Гульня «Magicland Dizzy» у 1990—1992 была перанесеная на плятформы ZX Spectrum, Commodore 64, Amiga, Amstrad CPC, Atari ST і DOS.

Гульнявы працэс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У чацьвертай частцы сэрыі галоўны пэрсанаж па ймю Дызі павінен вырашыць разнастайныя ламаніны, каб выратаваць шасьцёх сваіх сяброў, зачараваных рознымі заклінаньнямі. Дзеяньне праходзіць у фантастычнай мясьціне пад назвай «Чароўная краіна» (анг. Magicland), тэрыторыі нагадваюць мясьціны з вядомых казак і легендаў[1]. Напрыклад, лякацыя са стаячымі камянямі завецца «Weirdhenge»; ёсьць таксама ведзьмаў востраў і замак Казачнага прынца (анг. Prince Charming)[2].

Кожны асобны экран прадстаўляе сабой новую мясьціну, дзе Дызі можа як скакаць, так і ўзьбірацца/спускацца па лесьвіцах[3].

Галоўны пэрсанаж мае магчымасьць насіць з сабою тры рэчы, напачатку гульні атрымлівае тры жыцьці. Новаўвядзеньнем сталася палоска ўзроўню здароўя, якая папаўняецца зьбіраньнем дыямэнтаў падчас дасьледаваньня мясцовасьці[4].

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Злы вядзьмак Закс, галоўны антаганіст у сэрыі, пераможаны Дызі ў папярэдняй частцы, вярнуўся, «прадпрыняўшы пэўныя захады супраць свайго заўчаснага сыходу»[5]. Ён наклаў закляцьці на шасьцёх чальцоў ёлкфолку і перанёс іх у Чароўную краіну[3]. На пачатку гульні Дызі таксама тэлепартуецца туды і намагаецца зьняць вядзьмарства са сваіх сяброў.

Праблема ў тым, што кожны з шасьці яйкападобных істотаў зачараваны рознымі закляцьцямі: Дылан пераўтвораны ў цярновы куст, Дэнзіл замарожаны, Дозі сьпіць непрабудным сном, Дора зрабілася жабай, Дэйзі кінутая ў цямніцу і павялічаная ў памерах, а Дзядуля Дызі трапіў па іншы бок чароўнага люстэрка[1].

На сваім шляху Дызі сустракае іншых жыхароў Чароўнае краіны: Каралеву чырваў, добрую чараўніцу Глэнду і Казачнага прынца, а таксама іншых пэрсанажаў, якія могуць або дапамагчы, або зашкодзіць праходжаньню гульні[1]. У працэсе Дызі знаходзіць легендарны меч Экскалібур і мае магчымасьць абудзіць Сьпячую прыгажуню[2].

Распрацоўка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля сумеснага з Codemasters выпуску трэцяй гульні сэрыі блізьняты Олівэр актыўна заняліся распрацоўкай гульняй для амэрыканскага рынку, дзе вялікую папулярнасьць заваёўвала Nintendo Entertainment System (NES). З гэтае прычыны яны не маглі самастойна займацца працягам сэрыі пра Дызі, якая працягвала карыстацца папулярнасьцю на іхняй радзіме, і прыцягнулі да гэтага працэсу староньніх распрацоўнікаў з Big Red Software[6]. Такім чынам, «Dizzy IV» стала першай гульнёй у сэрыі, якая ўпершыню ня была цалкам распрацаваная братамі Олівэрамі.

Дзеля раскруткі новай гульні была выпушчаная пяціэкранная міні-прыгода для ZX Spectrum пад назвай «Into Magicland» альбо «Dizzy 3.5», якая распаўсюджвалася разам са студзеньскім нумарам часопісу «Crash» 1991 року[7]. У гэтай гульні зьявіўся новы пэрсанаж — кузін Дызі па ймю Дэньні; болей ні ў воднай гульні ён не сустракаецца[6]. «Dizzy 3.5» уяўляла сабою прыквэл да чацьвёртае часткі, і ў канцы гульні Дызі тэлепартаваўся на першы экран «Magicland Dizzy».

Спачатку 4-я частка гульні прадавалася толькі ў камплекце зь пяці гульняў пра Дызі пад назвай «The Dizzy Collection». У зборнік увайшлі ўсе папярэднія квэсты, а таксама выпушчаны ў 1987 року «Fast Food». Пазьней гульня стала прадавацца асобна па бюджэтных коштах[3].

Успрыняцьце[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Magicland Dizzy» была сустрэтая пазытыўнымі водгукамі і атрымала ад адмыслоўцаў адзнакі ў асноўным 80—90%. Станоўчыя водгукі былі зьмешчаныя ў часопісе «Your Sinclair»[4], «Crash»[1], «Amstrad Action»[8].

У лістападзе 1991 року было паведамлена, што «Magicland Dizzy» была распрададзеная колькасьцю больш за паўмільёны копіяў на ўсіх плятформах[9].

У 2004 року вэрсія для ZX Spectrum заняла 12-е месца ў сьпісе найлепшых гульняў усіх часоў па выніках галасаваньня часопісу «Your Sinclair»[10].

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г Dizzy 4 — Magicland Dizzy // Crash. — Newsfield Publications Ltd, December 1990. — В. 83.
  2. ^ а б Magicland Dizzy(анг.). GameFAQs. Праверана 28 лістапада 2012 г.
  3. ^ а б в Magicland Dizzy // Zzap!64. — Europress, Jan 1991. — В. 69.
  4. ^ а б Rich Pelley. Magicland Dizzy // Your Sinclair. — Future Publishing, March 1991. — В. 63.
  5. ^ Magicland Dizzy(анг.) Yolkfolk — The Dizzy Fansite — Перадгісторыя апісаная ў буклеце з інструкцыяй да гульні. Праверана 28 лістапада 2012 г.
  6. ^ а б Darran Jones. Dizzy's Eggshellent Adventures // Retro Gamer. — Imagine Publishing. — В. 75. — С. 48—55.
  7. ^ Dizzy 3 and a half Into Magicland // Crash. — Newsfield Publications Ltd, January 1991. — В. 84.
  8. ^ Adam Waring. Magic Land Dizzy // Amstrad Action. — Future Publishing, November 1991. — В. 64. — С. 63.
  9. ^ Stuart Campbell. Magicland Dizzy // Amiga Power. — Future Publishing, November 1991. — В. 7.
  10. ^ Top 50 Games of All Time // Your Sinclair. — Imagine Publishing, November 2004.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]