Manic Miner

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Manic Miner
Распрацоўнік Мэт’ю Сьміт
Выдаўцы Bug-Byte (1983)
Software Projects (1983)
Amsoft (1985)
Плятформы ZX Spectrum, Amiga, Amstrad CPC, BBC Micro, Commodore 16, Commodore 64, DOS, Dragon 32/64, Game Boy Advance, Microsoft Windows, Mobile phones, MSX, Oric 1, SAM Coupé, MTX
Дата выпуску 1983
Жанр Плятформавая гульня
Рэжым Адзінаасобная гульня
Носьбіты Аўдыёкасэта, дыскета, Катрыдж
Кіраваньне Клявіятура, джойстык

«Manic Miner» (па-беларуску: Маніякальны шахцёр) — плятформавая кампутарная гульня, створаная Мэт’ю Сьмітам і выдадзеная ў 1983 року Bug-Byte. Першапачаткова распрацаваная для плятформы ZX Spectrum, пазьней перанесеная на мноства разнайстайных плятформаў і гульнявых кансоляў.

Гульня стала першай у сэрыі пра шахцёра Ўільлі і адной зь першых у жанры плятформавых гульняў. У 1984 і 1985 выйшлі яе працягі — Jet Set Willy і Jet Set Willy II.

Гульнявы працэс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гульня мела выбітныя для свайго часу магчымасьці: музычнае суправаджэньне і гукавыя эфэкты, выдатны гульнявы працэс і маляўнічую графіку, няблага распрацаваную з улікам графічных абмежаваньняў ZX Spectrum.

«Manic Miner» стаў першай гульнёю для ZX Spectrum зь біпэрным музычным суправаджэньнем — гэта патрабавала пастаянных рэсурсаў працэсара і раней лічылася немагчымым. Аднак гэтая функцыя была рэалізаваная дзякуючы пастаяннаму пераключэньню часу CPU паміж музыкай і гульнёй (пра што сьведчыць «заіканьне» мэлёдыі ў інтэнсыўныя моматны). У якасьці музычнай дарожкі быў абраны ўрывак «У пячоры горнага караля» з твору Эдварда Грыга для п’есы Генрыка Ібсэна «Пэр Гюнт». Музыка, што грае на галоўнай застаўцы гульні — варыяцыя «Над сінім Дунаем» Ёгана Штраўса.

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Займаючыся падземнай здабычай, шахцёр Ўільлі выпадкова натрапіў на стары, забыты шыхт капальні. Працягнуўшы вышукі, ён адкрыў сьляды забытай цывілізацыі, якая значна пераўзыходзіць нашую. З дапамогай робатаў яна праводзіла шахцёрскія працы глыбока пад зямлёю, шукаючы матэрыялы, неабходныя для яе разьвітае прамысловасьці. Пасьля стагодзьдзяў спакою і дастатку гэтая цывілізацыя была зьнішчаная вайною і зьнікла ў нэтрах мінуўшчыны, а мэханізмы стаялі пакінутыя. Аднак горназдабываючыя робаты ўвесь гэты час працягвалі працу, скапіўшы незьлічонае багацьце шляхетных мэталяў і мінэралаў. Ўільлі ўсьведамляе, што гэта ягоны шанец.

У гульні налічваецца 20 пячораў, у кожнай зь якіх шахцёр Ўільлі мусіць сабраць мігцячыя аб’екты перш, чым скончыцца запас тлену. Сабраўшы ўсе аб’екты, неабходна зайсьці ў мігцячы партал, каб перанесьціся ў наступную пячору. Пры гэтым трэба пазьбягаць сустрэчы з ворагамі, якія рухаюцца па прадвызначаных траекторыях з пастаяннай хуткасьцю. Ўільлі можа загінуць і пры падзеньні з занадта вялікай вышыні, таму трэба ўлічваць і блізкасьць да ворагаў, і спосабы адыходу.

На пачатку гульні Ўільлі мае тры жыцьці. За кожныя набраныя 10 000 пунктаў дадаецца дадатковае жыцьцё.

Успрыняцьце[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сакавіцкім выданьні часопісу «Computer & video games» 1983 року «Manic Miner» атрымаў узнагароду «Залаты джойстык» за лепшую гульню аркаднага жанру, і па выніках року заняў трэцяе месца ў гэтай намінацыі[1].

У 1993 року вэрсія для ZX Spectrum заняла 6-е месца ў сьпісе 100 найлепшых гульняў усіх часоў па выніках апытаньня чытачоў і 25-е — па выніках галасаваньня часопісу «Your Sinclair»[2].

У 2004 року вэрсія для ZX Spectrum заняла 1-е месца ў сьпісе найлепшых гульняў усіх часоў па выніках галасаваньня часопісу «Your Sinclair»[3].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ The Golden Joystick Awards // Computer & video games. — сакавік 1984. — В. 29. — С. 15.
  2. ^ Readers' Top 100 Games of All Time // Your Sinclair. — Imagine Publishing, September 1993.
  3. ^ Top 50 Games of All Time // Your Sinclair. — Imagine Publishing, November 2004.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]