OpenOffice.org
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
| Файл:OpenOffice.org.png | |
|---|---|
| Распрацоўка | Sun Microsystems |
| Апошняя вэрсія | 3.0 / 13 кастрычніка, 2008 |
| АС | Linux, Windows, Mac OS X, Solaris, іншыя |
| Тып | Офіснае праграмнае забесьпячэньне |
| Ліцэнзія | LGPL 3.0 |
| Афіцыйная старонка | www.openoffice.org |
OpenOffice.org — пакет офісных праграмаў для рэдагаваньня тэкстаў (Writer), электронных табліцаў (Calc), прэзэнтацыяў (Impress), вэктарных малюнкаў (Draw), а таксама кіраваньня базамі дадзеных (Base). Паводле сваёй функцыянальнасьці ООо параўнальны зь іншымі офіснымі пакетамі, уключна з Microsoft Office. ООо карыстаецца ўласным фарматам файлаў ODF, але можа імпартаваць і экспартаваць файлы фарматаў іншых праграмаў, у тым ліку з Microsoft Office, DocBook, Aportis.doc (Palm OS), Pocket Word, PDF, LaTeX і Macromedia Flash. Уласны фармат файлаў ООо заснаваны на XML, а тэкст захоўваюцца ў кадоўцы Unicode, што спрашчае працу з тэкстамі ў розных мовах / абэцэдах.
Продкам OpenOffice.org зьяўляецца пакет StarOffice кампаніі Sun Microsystems, і сёньня абодва пакеты разьвіваюцца паралельна, але калі SO — камэрцыйны прадукт, то ООо распаўсюджваецца свабодна ,зьяўляецца бясплатным, і ягоны зыходны код адкрыты. Праз гэта некаторыя кампанэнты ООо адрозьніваюцца ад SO, у прыватнасьці праверка правапісу.
OpenOffice.org уваходзіць у камплекты пастаўкі большасьці дыстрыбутываў АС Linux.
Сёньня ООо рэалізаваны на наступных плятформах:
- Linux (Intel, PowerPC ды Linux/SPARC)
- Solaris (SPARC і x86)
- Windows NT, Windows 2000, Windows 2003, Windows XP, Windows 98/Me
- FreeBSD
- Mac OS X (Intel і PowerPC)
- Irix
Windows 95 падтрымліваецца толькі вэрсіяй OpenOffice.org 1.0.3.
Распрацоўваюцца таксама рэалізацыі пад іншыя плятформы.

