SOS-Дзіцячая вёска

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
SOS-Дзіцячая вёска
SOS-Kinderdorf
Дата ўтварэньня 1949
Тып дабрачынная арганізацыя
Сайт Афіцыйны сайт(анг.)

SOS-Дзіцячая вёска (ням. SOS-Kinderdorf, анг. SOS Children's Villages) — незалежная, няўрадавая, сацыяльная дабрачынная арганізацыя. Мэта — абарона дзяцей, якія засталіся без бацькоўскага нагляду, абарона іхных правоў ды інтарэсаў, спрыяньне разьвіцьцю гэтых дзетак.

«SOS-Дзіцячая вёска» — найбольшая міжнародная няўрадавая дабрачынная арганізацыя. Заснаваная ў 1949, у наш час працуе ў 132 краінах сьвету праз нацыянальныя асацыяцыі, у тым ліку ў Беларусі.

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«SOS-Дзіцячая вёска» ўтварае суцэльны комплекс з асобных будынкаў, у якіх пражываюць SOS-сем’і. Вёскі маюць разьвітую інфраструктуру. Звычайна ў кожным з дамоў жывуць 6—8 дзетак рознага веку разам з «SOS-мамай», як у звычайных радзінах. SOS-мама дбае пра дзяцей, выхоўвае іх і навучае тым рэчам, што могуць спатрэбіцца ў самастойным дарослым жыцьці: ад прыгатаваньня ежы і прыбіраньня ўдома да плянаваньня бюджэту і паходаў у крамы. Дзеці з SOS-вёсак наведваюць звычайныя дзіцячыя садкі і навучаюцца ў звычайных школах, што спрыяе іхнай сацыяльнай адаптацыі. Таксама на кожны з двух будынкаў маецца «SOS-цётка» — нянька, памочніца мамы. Каб зрабіцца «мамай» дзіцячай вёскі, трэба скончыць адмысловыя курсы, якія доўжацца 7 месяцаў. Сьпярша жанчыне прапаноўваць папрацаваць цёткай. Жанчыны за сваю працу атрымоўваюць заробак і маюць выходныя. Мама і цётка падмяняюць адна адну ў выходныя дні і ў часе адпачынку.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першая SOS-Дзіцячая вёска адкрылася ў 1949 у месьце Імст (Аўстрыя), для дзяцей, якія згубілі бацькоў у Другую сусьветную вайну. Заснавальнік арганізацыі Герман Гмайнэр (19191986). У наш час у 132 краінах на ўсіх кантынэнтах працуе больш за 500 SOS-Дзіцячых вёсак, 359 «SOS-Моладзевых дамоў» і яшчэ 1500 розных праграмаў і праектаў, скіраваных на дапамогу дзецям у важных жыцьцёвых сытуацыях, у тым ліку пры гуманітарных катастрофах, умацаваньню радзіны ды прафіляктыцы сацыяльнага сіроцтва.

Агулам ува ўсім сьвеце SOS-Дзіцячыя вёскі прытулілі 65 776 дзетак-сірацінаў. Больш за 130 000 дзяцей наведваюць SOS дзіцячыя садкі, школы ды цэнтры разьвіцьця, каля 620 000 асобаў атрымліваюць дапамогу ў SOS мэдычных ды сацыяльных цэнтрах. Апроч таго, «SOS-Дзіцячыя вёскі» надаюць дапамогу пацярпелым ў часе стыхійных бедзтваў, вайсковых дзеяньняў ды іншых надзвычайных сытуацыяў.

SOS-Дзіцячыя вёскі ў сьвеце[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нямецкая марка, 1999

Сёньня ўва ўсім сьвеце дзейнічаюць наступныя SOS-аб’екты:

  • Дзіцячыя вёскі: 508 (+23 у стадыі будаваньня)
  • Моладзевыя дамы: 383 (+10 у стадыі будаваньня)
  • Дзіцячыя садкі: 228 (+14 у стадыі будаваньня)
  • Школы: 191 (+14 у стадыі будаваньня)
  • Вучэльні: 109 (+2 у стадыі будаваньня)
  • Сацыяльныя цэнтры: +566 (+10 у стадыі будаваньня)
  • Мэдычныя цэнтры: 68 (+7 у стадыі будаваньня)
  • Праграмы наданьня надзвычайнай дапамогі: 10

Агулам арганізацыя апекваецца больш за 1,1 мільёна дзяцей і іхных сем’яў.

Эўропа[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Аўстрыі, пычынаючы з 1951, збудавалі 11 SOS-Дзіцячых вёсак. Нямеччына мае 15 такіх вёсак. Першую SOS-вёску Ўсходняй Эўропы збудавалі ў 1970 у Чэхаславаччыне.

SOS-Дзіцячыя вёскі Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

SOS-Дзіцячая вёска ў Мар’інай Горцы

Першая SOS-Дзіцячая вёска зьявілася ў Беларусі ў 1995[1]. У наш час у краіне працуюць 3 SOS-вёскі: у Бараўлянах, Мар’інай Горцы і Магілёве. Тамака ў 30 радзінах выхоўваюцца 175 дзяцей-сірацінаў і дзяцей, што засталіся без бацькоўскага нагляду.

У Менску, Бараўлянах і Мар’інай Горцы функцыянуюць 4 SOS-Моладзевыя дамы, у якіх пражываюць і выхоўваюцца 85 маладых людзей.

У 2011 у межах Фэстывалю беларускамоўнай рэклямы і камунікацыі AD.NAK! пры падтрымцы ГА «БФ SOS-Дзіцячая вёска» праводзіўся конкурс маладых беларускіх рэклямістаў[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  SOS-Дзіцячая вёскасховішча мультымэдыйных матэрыялаў