SWIFT
| Society for Worldwide Interbank Financial Telecommunication | |
| Тып | Каапэратыў |
|---|---|
| Заснаваная | 1973 |
| Разьмяшчэньне | Брусэль, Бэльгія |
| Галіна | Тэлекамунікацыі |
| Прадукцыя | Фінансавыя тэлекамунікацыі |
| Лік супрацоўнікаў | > 2000 |
| Афіцыйны сайт | www.SWIFT.com |
SWIFT, Society for Worldwide Interbank Financial Telecommunications (па-беларуску: Супольнасьць сусьветных міжбанкаўскіх фінансавых тэлекамунікацыяў) — арганізацыя, якая кіруе міжнароднай сыстэмай перадачы інфармацыі і правядзеньня плацяжоў між банкамі і іншымі фінансавымі ўстановамі. Кампанія таксама прадастаўляе праграмнае забесьпячэньне (у асноўным дзеля ўжываньня ў сусьветнай сетцы SWIFTNet) і банкаўскія ідэнтыфікацыйныя коды ISO 9362, больш вядомыя як «SWIFT-коды».
SWIFT — каапэратыўнае таварыства, створанае паводле бэльгійскага заканадаўства, якое належыць ягоным чальцам — 8740 банкам з 209 краінаў (па стане на лістапад 2008 году). Галоўны офіс разьмешчаны ў Ля-Хульпэ каля Брусэлю, Бэльгія. Аддзяленьні кампаніі існуюць у мностве краінаў сьвету.
Заснаванае ў 1973 годзе з мэтай усталяваньня агульных стандартаў для фінансавых транзакцыяў, стварэньня сыстэмы апрацоўкі супольнадаступных дадзеных і сусьветнай інфармацыйнай сеткі. Сузаснавальнікамі выступілі 239 банкаў з 15 краінаў. Фундамэнтальныя апэрацыйныя інструкцыі, нормы адказнасьці і да т. п. былі ўсталяваныя ў 1975 годзе. У 1977 адасланае першае паведамленьне.
Кожны банк, улучаны ў сыстэму, атрымоўвае свой унікальны SWIFT-код. Тэарэтычна для зьдзяйсьненьня плацяжу ў Эўропе дастаткова ведаць SWIFT-код банка і IBAN-код атрымоўцы.
Штодзень праз SWIFT праходзіць больш за мільён транзакцыяў пра грашовыя пераказы, міжбанкаўскія плацяжы, каштоўныя паперы. Штогод — 2,5 млрд плацёжных паручэньняў.
Уласна SWIFT не займаецца перасылкай фінансаў, кампанія толькі выстаўляе патрабаваньні на аплату. Яны павінны быць аплочаныя праз рахункі-карэспандэнты, якія фінансавыя ўстановы маюць паміж сабой.
Пасьля падзеяў 11 верасьня 2001 ЦРУ і Міністэрства фінансаў ЗША атрымалі доступ да фінансавае інфармацыі сеткі SWIFT з мэтай адсочваньня магчымых фінансавых транзакцыяў тэрарыстаў.