Spellbound Dizzy

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Spellbound Dizzy
Экранная застаўка гульні
Экранная застаўка гульні
Экранная застаўка гульні
Дата выпуску 11 лістапада 1991
Жанр Прыгодніцкая аркада
Стваральнікі
Распрацоўнік Big Red Software
Выдавец Codemasters
Кіраўнік Пол Рэнсан
Прадусары Сьцюарт Рэган, Шон Сэвідж
Дызайнэр Big Red Software
Праграмісты Р. Фрэд Уільямс, Андзі Торкінгтан
Кампазытар Дэвід Ўіттэйкер
Тэхнічныя дэталі
Плятформы Amstrad CPC, ZX Spectrum, Commodore 64, Amiga, Atari ST, CD32
Рэжым Адзінаасобная гульня
Кіраваньне Клявіятура/Джойстык

«Spellbound Dizzy» (па-беларуску: «Зачараваны Дызі») — аркадная прыгодніцкая кампутарная гульня, выпушчаная ў 1991 року Codemasters, пятая ў асноўнай сэрыі Dizzy. У распрацоўцы гульні ізноў практычна ня бралі ўдзелу блізьняты Олівэр, даручыўшы Big Red Software перапрацаваць графічны рухавік і стварыць новыя заданьні.

Гульнявы працэс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гульня можа пахваліцца найбуйнейшай мапай ва ўсёй сэрыі, якая складаецца з 105 экранаў. Адпаведна яна стала яшчэ больш складанай для праходжаньня, і нават просты праход па ўсіх лякацыях займае паўтары гадзіны[1]. Адна зь лякацыяў, «The 105th room!» (бел. 105-ы пакой!), дасяжная толькі з дапамогай сакрэтнага коду і зьмяшчае паведамленьне, што была дададзеная ў гульню проста дзеля круглага ліку[2].

Гульнявы працэс ускладнены тым, што пры падзеньні з вышыні Дызі губляе здароўе (у наступных гульнях гэтае новаўвядзеньне скасаванае). Такі ўзровень складанасьці змусіў многіх гульцоў махляваць, ужываючы патчы, што давалі Дызі бясконцыя жыцьці.

У «Spellbound Dizzy» прадстаўлены крыху адрозны ад ранейшых гульняў інтэрфэйс карыстальніка, графіка і прынцыпы, якія не фігуравалі больш ні ў якіх частках сэрыі (ні ранейшых, ні пазьнейшых): інвэнтар зь іконкамі прадметаў; разьдзеленыя калекцыйныя (зоркі) і ацаляльныя (вішні) прадметы; дынамічна анімаваныя спрайты (тунэлі, шахцёрская каламажка і інш.); скакаючы па грыбах або батутах, можна павялічыць вышыню скачку.

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дызі гасьцяваў у мясцовага добрага чараўніка Тэо. Тэо, хоць і майстар у справе маханьня чароўнымі палачкамі, не такі акуратны ў захоўваньні-рэчаў-па-месцах, таму ён пакінуў на стале ў сваёй лябараторыі «Кнігу сапраўды магутных чараў». Больш за тое, кніга была адчыненая на старонцы з назвай «Вельмі, вельмі магутны заклён (які нельга прамаўляць услых)». Невядома, ці бачыў Дызі гэтую назву, аднак — вой! — ён прамовіў заклён, што спрычынілася да катастрофы: Дызі перамясьціў усіх сваіх ёлкфолкаўцаў разам з чараўніком Тэо у падземны сьвет! Вось табе й маеш!

Галоўнаму пэрсанажу і вінаватаму застаецца адзінае выйсьце: прачытаць заклён яшчэ раз, каб перанесьціся ў падземны сьвет самому і ўратаваць сваіх суродзічаў…

Успрыняцьце[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1993 року вэрсія для ZX Spectrum заняла 18-е месца ў сьпісе 100 найлепшых гульняў усіх часоў па выніках апытаньня чытачоў часопісу «Your Sinclair»[3].

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Instant walkthrough playlist
  2. ^ Dizzy V - Spellbound Dizzy. Игровой процесс (рас.) SpeccyWiki Праверана 8 сьнежня 2012 г.
  3. ^ Readers' Top 100 Games of All Time // Your Sinclair. — Imagine Publishing, September 1993.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]