Tatra

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Tatra, a.s.
Logo 1227177195.jpg
Заснаваная 1850
Заснавальнікі Ігнац Шустала
Разьмяшчэньне Сьцяг Чэхіі Копршыўніцы
Ключавыя фігуры Рональд Адамс (CEO)
Галіна аўтамабілебудаваньне
Прадукцыя трамваі, грузавыя аўтамабілі
Лік супрацоўнікаў 2000 (2011)
Афіцыйны сайт www.tatra.cz

Tatra, a. s. (па-беларуску: Та́тра) — чэская кампанія-вытворца транспартных сродкаў са штаб-кватэрай у месьце Копршыўніцы, заснаваная ў 1850 року. Найбуйнейшая кампанія машынабудаўнічай прамысловасьці Чэхіі. Асноўнай прадукцыяй зьяўляюцца грузавыя аўтамабілі, якія кампанія вырабляе з 1898 року; вытворчасьць легкавікоў спыненая ў 1999. 75% прадукцыі ад агульнага аб’ёму грузавых аўтамабіляў Татры прызначана для экспарту.

Аддзяленьні фірмы разьмешчаныя ў Чэхіі (Прага-Сьміхаў — тралейбусы, трамваі, цягнікі), Маравіі (Копржыўніцы — грузавыя аўтамабілі) і Славаччыне (Браціслава, Банаўцы-над-Бэбравай, Чадца).

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Nesselsdorf Präsident Tatra Prezident
Рэпліка Nesselsdorf Präsident (1977) і прататып Tatra Prezident (1994)

Фірму заснаваў у 1850 року Ігнац Шустала пад назвай «Schustala & Company». Кампанія вырабляла калыскі і конныя брычкі. У 1860-х фірма мела заводы ня толькі на тэрыторыі Чэхіі, але і ў Бэрліне, Вене, Уроцлаве, Кіеве і Чарнаўцах.

У 1882 року фірма пачала вырабляць чыгуначныя вагоны. У 1891 кампанія была пераназваная ў «Nesselsdorfer Wagenbau-Fabriksgesellschaft». У 1897 быў выпушчаны першы легкавік у Цэнтральнай Эўропе (і трэці ў Эўропе) — «Прэзыдэнт» (чэс. Präsident).

У 1918 зьявілася новая назва — «Kopřivnická vozovka», а ў 1919 кампанія пачала выкарыстоўваць значок з надпісам «Tatra» — у гонар горнай сыстэмы Татры ў Славаччыне. Брэнд Tatra ўпершыню зьявіўся на чатырохтонным грузавіку NW TL4 і легкавым NW U. Згодна з карпаратыўным летапісам, сваім паходжаньнем назва Tatra абавязаная вынікам пасьпяховых выпрабаваньняў гальмавых мэханізмаў легкавога аўтамабіля сэрыі U ў Татрах.

У 1923 року на аўтамабілі Tatra 11 упершыню была ўжытая хрыбтовая рама, якая стане візытоўкай кампаніі. Заднія паўвосі мелі незалежную падвеску. Наватарскім вырашэньнем быў таксама двухцыліндравы рухавік з паветраным ахаладжэньнем аб’ёмам 1056 см³. У 1927 кампанія была перайменаваная ў «Závody Ringhoffer-Tatra a.s.».

Менавіта ў 30-я рокі XX стагодзьдзя, калі фірмай кіраваў інжынэр Ганс Ледвінка, Tatra заваявала аўтарытэт як вытворца люксавых легкавікоў. Ад двухцыліндравых рухавікоў з паветраным ахаладжэньнем адбыўся пераход да чатырох- і шасьціцыліндравых, а ў 1931 року быў сканструяваны дванаццаціцыліндравы рухавік аб’ёмам 6 літраў з разьмеркавальным валам[1]. У 1934 року быў выпушчаны першы ў сьвеце аэрадынамічны аўтамабіль Tatra 77, сярэдні каэфіцыент аэрадынамічнага супраціву кузаву якога склаў 0,2455[2]. Ён меў (як і амаль усе пазьнейшыя вялікія легкавікі) усталяваны ззаду васьміцыліндравы рухавік з паветраным ахаладжэньнем, вельмі прагрэсіўны для таго часу.

Мадэлі легкавікоў «Татра»
T603 спартовы
T613 кабрыялет

Пасьля Другой сусьветнай вайны нацыяналізаваная і перайменаваная ў «Tatra Národní Podnik». Да 1989 вырабляла грузавікі і легкавікі клясы «люкс». Аўтамабілем, які меў вярнуць былую славу маркі «Tatra», была мадэль T603 1955 року выпуску, сканструяваная паводле ўзораў даваенных лімузінаў, таксама мела васьміцыліндравы рухавік і знакаміты аэрадынамічны выгляд. Асаблівасьцю T603 былі тры фары, а першыя прататыпы мелі стабілізацыйны кіль (хоць у вытворчасьць гэта не пайшло). Гэты легкавік амаль напоўніцу ручной зборкі быў даступны толькі для партыйнае эліты, як і ягоны непасрэдны наступнік — T613 1968 року, які прадукаваўся ў шматлікіх мадыфікацыях да 1996.

У 1992 уладальнікамі кампаніі сталі Джэральд Грынвалд, Джэк Рутэрфорд і Дэвід Шэлбі. У 1995—1999 роках была спроба паўтарыць ранейшы посьпех выхадам люксавае мадэлі T700, які нагадваў T613, аднак ён ужо быў ня ўстане вытрымаць канкурэнцыі з боку замежных вытворцаў элітарных аўтамабіляў. T700 стала апошнім легкавіком Tatra, і пасьля 1998 вытворчасьць стала спэцыялізавацца выключна на грузавіках.

У 1996 была спроба ўцягнуць кампанію ў славацкі холдынг Sipox. Двума гадамі пазьней Tatra зноў апынулася пад кантролем дзяржавы.

У 2001 чэскі ўрад прыняў рашэньне прадаць кампанію (91,6% акцый) амэрыканскай SDC International. Тая, у сваю чаргу, захаваўшы за сабой кантрольны пакет, рэалізавала 40,6% акцый Tatra свайму стратэгічнаму акцыянэру — карпарацыі «Terex». Пазьней, у 2003-м, Terex Corporation стала ўласьніцаю 71% акцыяў «Татры»[3].

У 2006 утвораны холдынг Tatra Holdings s.r.o., куды ўвайшлі чатыры інвэстары — брусэльская KBC Private Equity, індыйская Vectra Ltd. (партнэр Tatra па сумесным прадпрыемстве ў Індыі), амэрыканскі інвэстар Сэм Эйд і чэская кампанія «Meadowhill s.r.o.» (уладальнік апошняй Рональд Адамс узначаліў пасьля раду дырэктараў Tatra a.s. і стаў яе генэральным дырэктарам). 91,6% акцыяў Tatra былі выкупленыя ў Terex.

У 2011 року гэтыя чатыры інвэстары Tatra Holdings s.r.o. прадалі частку сваіх акцыяў (19%) кампаніі DAF Trucks[4]. Першым эфэктам супрацоўніцтва зь нідэрляндзкім канцэрнам стала рэпрэзэнтаваная ў жніўні таго ж року новая мадэль Tatra Phoenix, у якой выкарыстаныя вырабленыя DAF кабіны і рухавікі.

У 2013 року кампанію праз аўкцыён за 176 млн кронаў набыла кампанія Truck Development, якая належыць чэху Марэку Галвасу[5].

Усе мадэлі, выпушчаныя фірмай, можна паглядзець у музэі Татры(cs) ў Копршыўніцах.

Прадукцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадукцыя «Татры»
Грузавік T141 (1957—1970)
Самазвал T147
Кран T815 (з 1983)
Трамвай RT8D5 у Маніле

Цяжкія грузавыя аўтамабілі вытворчасьці Tatra неаднаразова выкарыстоўваліся як колавая база для рознай цяжкай ваеннай тэхнікі, а таксама як транспартныя сродкі ваеннага прызначэньня (напрыклад, 152-мм самаходная гармата-гаўбіца vz.77 «Дана»). Tatra вырабляе поўнапрывадныя аўтамабілі з колавымі формуламі 4×4, 6×6, 8×8, 10×10 і 12×12 (шасьцівосевыя).

У цяперашні час кампанія вырабляе цяжкія грузавікі з хрыбтовай рамай, якая дазваляе будаваць аўтамабілі больш лёгкія, чым з апорнай рамай. У спалучэньні з дызэльнымі рухавікамі паветранага астуджэньня гэта дазваляе паменшыць вагу аўтамабіля і робіць іх больш эканамічнымі. Стваральнік хрыбтовай рамы — Ганс Ледвінка.

Спорт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Папяровая мадэль грузавіка Tatra 815

Аўтамабілі «Tatra» — неаднаразовыя пераможцы Ральлі Дакар. Легендарны чэскі гоншчык Карэл Лопрайс у 1988—2001 роках шэсьць разоў перамагаў у гэтым спаборніцтве (на той час Ральлі Парыж — Дакар) з аўтамабілем Tatra 815. На момант сваёй шостай перамогі ён стаў найбольш пасьпяховым кіроўцам у гісторыі гонак.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ G.N. Georgano. Cars: Early and Vintage, 1886–1930. — London: Grange-Universal, 1985.
  2. ^ Bohumír Mimra. Vývojové směry moderního automobilismu, SIA 1936, Technická práce na Ostravsku 1926—1936, Moravská Ostrava 1936, p. 593
  3. ^ Terex sells its 80 percent share of Tatra. here [1] and Here [2].
  4. ^ DAF i Tatra zacieśniają współpracę(пол.) Wiadomości. SAMAR (3 жніўня 2011). Праверана 31 траўня 2013 г.
  5. ^ Tatra má nového majitele, peníze poskytla J&T Více na: http://zpravy.e15.cz/byznys/prumysl-a-energetika/tatra-ma-noveho-majitele-penize-poskytla-j-t-965936#utm_medium=selfpromo&utm_source=e15&utm_campaign=copylink(чэс.) Byznys. E15.cz (15 сакавіка 2013). Праверана 21 чэрвеня 2014 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Tatraсховішча мультымэдыйных матэрыялаў