Тамаш Жаброўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Тамаш Жаброўскі
лац. Tamaš Žabroŭski
Тамаш Жаброўскі. Мастак Ігнаці Эгенфэльдэр, XVIII ст.
Тамаш Жаброўскі. Мастак Ігнаці Эгенфэльдэр, XVIII ст.
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 25 лістапада 1714
Памёр 18 сакавіка 1758
Род Жаброўскія
Дзейнасьць матэматык, астраном, архітэктар

Тамаш Жаброўскі (25 лістапада 1714, каля Наваградку[1][2] — 18 сакавіка 1758) — рымска-каталіцкі дзяяч, матэматык, архітэктар. Магістар філязофіі й вольных навук.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Азначаўся як ліцьвін-русін (лац. Lithuanus-Ruthenus) з паходжаньня[3]. Навучаўся ў Наваградзкім езуіцкім калегіюме, потым на філязофскім (1735—1738 гады) і тэалягічным (1740—1744 гады) факультэтах Віленскага ўнівэрсытэту[4].

У 1732 годзе ўступіў у Ордэн езуітаў, у 1743 годзе высьвечаны на ксяндза. У 1745—1746 гадох прафэсар рыторкі й паэтыкі ў Ілукшце (Курляндыя), у 1746 годзе прэфэкт будаваньня ў Бабруйску, у 1746—1748 гадох прафэсар філязофіі й прэфэкт бурсы ў Крожах, у 1748—1750 гадох міністар і прэфэкт будаваньня ў Вільні. У 1750—1752 гадох вывучаў матэматыку, астраномію й архітэктуру ў Празе й Вене. У часе навучаньня ў Праскім унівэрсытэце слухаў лекцыі прафэсара I. Стэплінга, заснавальніка і кіраўніка Праскай астранамічнай абсэрваторыі.

Па вяртаньні ў 1752 годзе стаў прафэсарам Віленскай акадэміі, стварыў у ёй кабінэты (факультэты) матэматыкі й экспэрымэнтальнае фізыкі. Кіраваў катэдрай, выкладаў усе навукі матэматычнага цыклу, зь ягонай ініцыятывы ўнівэрсытэцкі курс матэматыкі пашырыўся да вышэйшай, займаўся ўдасканаленьнем вадзяных млыноў і ветракоў.

З фундацыі Альжбеты з Агінскіх Пузыны збудаваў у Вільні астранамічную абсэрваторыю, для якой выпісаў з Ангельшчыны патрэбнае абсталяваньне. Будынак абсэрваторыі, як адзначалі сучасьнікі, сваім абсталяваньнем і архітэктурай не саступаў падобным збудаваньням Эўропы[4].

Зрабіў спробу вызначыць геаграфічныя каардынаты Вільні. Як архітэктар распрацаваў пляны шматлікіх касьцёлаў і палацаў. Кіраваў будаваньнем касьцёла ў Ілукшце, перабудовай касьцёла езуітаў у Бабруйску, віленскіх касьцёлаў Сьвятога Ігната й Сьвятых Янаў і будаваньнем астранамічнае абсэрваторыі ў Вільні. Аўтар праекту касьцёла бэнэдыктынак у Крожах і езуіцкага калегіюму ў Жодзішках[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 622.
  2. ^ Календарыюм // Czasopis. № 11, 2004.
  3. ^ Zubovas V. Uzupełnienia do biografii Tomasza Żebrowskiego // Biuletyn Historii Sztuki. Nr. 3, T. 40 (1978). S. 280.
  4. ^ а б Госцеў А. Жаброўскі Тамаш // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзятлаўскага р-на. — Мн.: Універсітэцкае, 1997.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]