Івана Брліч-Мажураніч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Івана Брліч-Мажураніч
Ivana Brlić-Mažuranić
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Івана Мажураніч
Нарадзілася 18 красавіка 1874(1874-04-18)[1][2][3][…]
Памерла 21 верасьня 1938(1938-09-21)[1][2][3][…] (64 гады)
Пахаваная
Бацькі Уладзімір Мажураніч[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці празаік
Гады творчасьці 1902—1937
Мова харвацкая
Узнагароды
Творы ў Вікікрыніцах

Івана Брліч-Мажураніч (па-харвацку: Ivana Brlić-Mažuranić; 18 красавіка 1874 — 21 верасьня 1938) — харвацкая дзіцячая пісьменьніца.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзілася ў горадзе Агулін, у сям’і Мажураніч, зь якой выйшла шмат літаратараў і грамадзкіх дзеячаў Харватыі. Яе бацька Ўладзімер Мажураніч быў пісьменьнікам, адвакатам і гісторыкам. Яе дзядуля — палітык, паэт і харвацкі бан Іван Мажураніч, бабуля Аляксандра была сястрой харвацкага мовазнаўца грэцкага паходжаньня Дзімітрыі Дэмэтэра.

Яна вучылася прыватна і атрымала выдатную адукацыю, у тым ліку авалодала некалькімі мовамі — яе першыя літаратурныя творы былі напісаныя па-француску.

Разам зь сям’ёй Івана перасялілася з свайго роднага мястэчка Агулін спачатку ў Карлавац, потым у Ястрэбарска, а затым у Загрэб.

У 1892 годзе Івана ўступіла ў шлюб з адвакатам і палітыкам Ватраславам Брлічам і перасялілася ў горад Славонскі Брод ва ўсходняй Харватыі, дзе правяла вялікую частку свайго жыцьця, якую прысьвяціла сваёй сям’і і літаратурнай працы.

Выхаваная ў патрыятычным духу, Івана разам з мужам актыўна займалася грамадзкай дзейнасьцю, накіраванай на харвацкае культурнае і моўнае адраджэньне. Біскуп Ёсіп Юрай Штросмаер узнагародзіў яе залатым мэдалём за процідзеяньне мадзьяронам (мадзьяроны былі паслядоўнікамі партыі, якая падтрымлівала ідэю актыўнага кантакту і супольнай палітычнай будучыні Харватыі і Вугоршчыны).

Памерла ў Загрэбе.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Яшчэ дзяўчынкай Івана Брліч-Мажураніч пісала вершы, эсэ, дзёньнікі, але яе першыя творы не друкаваліся да пачатку XX стагодзьдзя. Зборнік апавяданьняў і песень для дзяцей «Добрыя і дрэнныя» (Valjanі i nevaljanі) выйшаў у 1902 годзе. Навэлы і тэксты, у якасьці дадатку да сэрыі асьветніцкіх артыкулаў пад назовам «Школа і вакацыі» (Škola і praznіcі), выходзілі стала з 1903 году.

Як маці шасьцярых дзяцей, яна валодала здольнасьцю адчуць душу дзіцяці, зразумець чысьціню і наіўнасьць іх сьвету.

Сапраўдная папулярнасьць прыйшла да яе пасьля выхаду ў сьвет раману для дзяцей «Цудоўныя прыгоды і няшчасьці падмайстра Хлапіча» (Čudnovate zgode і nezgode šegrta Hlapіća), які быў выдадзены ў 1913 годзе. Раман з напружаным сюжэтам апавядае аб пошуках бедным чаляднікам Хлапічам дачкі свайго гаспадара, і аб тым, як дабрыня ў рэшце рэшт перамагае няшчасьце.

Вяршыняй яе паэтычнай творчасьці крытыка лічыць зборнік «Апавяданьні з даўніны» (Prіče іz davnіne), які выйшаў у 1916 годзе. Зборнік напісаны на аснове старажытных славянскіх мітаў і праз казку зноўку вяртае ў жыцьцё згублены сьвет паганскіх вераваньняў харватаў. Такія вобразы як Косенка, Рэгач, Стрыбор, Ягленац, Рутвіца, Палунка, Вестка, Пацех, Малік Цінцілініч, Сварожыч, Бесамар увасабляюць вернасьць, каханьне і дабрыню, а таксама баязлівасьць і слабасьць. У яе творах часта можна сустрэць і імкненьне да багацьця або да далёкіх сьветаў, што сымбалізуе чалавечую цягу да праўды і ведаў.

Два разы яна была кандыдатам на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі (1931 і 1938), а ў 1937 годзе стала першай жанчынай — чальцом тады Югаслаўскай, а цяпер Харвацкай акадэміі навук і мастацтваў. Крытыка лічыла яе прозу сынтэзам жыцьцёвага ідэалізму, натуральнасьці выразу і рэдкага гумару. Нягледзячы на тое, што яна пісала для дзяцей, яе высока цанілі шматлікія пісьменьнікі, паэты і літаратурныя гісторыкі.

Выдавецтва «Школска кніга» ў Загрэбе заснавала ў 1971 годзе літаратурную прэмію «Івана Брліч-Мажураніч» для заахвочвання літаратурнай творчасьці для дзяцей і моладзі.

Часта яе завуць харвацкім Андэрсэнам (за віртуознасьць дзіцячага апавядальніка) і харвацкім Толкінам (за пагружэньне ў фантастычны сьвет міталёгіі). Івану Брліч-Мажураніч можна паставіць у адзін шэраг з клясыкамі дзіцячай літаратуры.

Яе творы былі перакладзеныя на амаль усе эўрапейскія мовы.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Ivana Brlic-Mazuranic // filmportal.de — 2005.
  2. ^ а б Ivana Brlic-Mazuranic // FemBio database (ням.)
  3. ^ а б Ivana Brlić-Mažuranić // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
  4. ^ Deutsche Nationalbibliothek Record #119486202 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
  5. ^ https://www.gradskagroblja.hr/trazilica-pokojnika/15