Ігнаці Якуб Масальскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ігнаці Якуб Масальскі
І. Я. Масальскі. Мастак Ф. Смуглевіч, 1785—1786
І. Я. Масальскі. Мастак Ф. Смуглевіч, 17851786

Герб «Масальскі»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 22 ліпеня 1727
Памёр 28 чэрвеня 1794
Пахаваны
Род Масальскія
Бацькі Міхал Юзэф Масальскі
Францішка з Агінскіх
Дзейнасьць каталіцкі сьвятар, каталіцкі біскуп
Рэгаліі
Ордэн Белага арла
Ордэн Белага арла

Ігнаці Якуб Масальскі (польск. Ignacy Jakub Massalski; 22 ліпеня 1727, Алекшыцы Гарадзенскага павету — 28 чэрвеня 1794, Варшава) — рэлігійны, грамадзкі й палітычны дзяяч Рэчы Паспалітай, мэцэнат. Доктар кананічнага права (1752).

Ігнаці Якуб Масальскі — адна з найбольш супярэчлівых постацяў Асьветніцтва ў Рэчы Паспалітай[1].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З княскага роду Масальскіх гербу ўласнага, сын Міхала Юзэфа, гетмана вялікага, і Францішкі з Агінскіх. Меў братоў Юзэфа Адрыяна, Яна Мікалая і Казімера Адрыяна.

Зь дзяцінства рыхтаваўся да духоўнага сану. У пятнаццаць гадоў стаў канонікам віленскае капітулы. Навучаўся ад 1745 у місіянэрскай сэмінарыі ў Варшаве; працягнуў навучаньне ў Рыме, дзе атрымаў ступень доктара кананічнага й рымскага права (1752). Па вяртаньні зь Італіі ў 1752 стаў рэфэрэндарам вялікім літоўскім і прэлатам віленскім. Біскуп віленскі ад 1762. У 1766 на сойме выступіў супраць ураўнаваньня дысыдэнтаў з каталікамі. У 1772 пагадзіўся на першы падзел Рэчы Паспалітай.

На сойме 1773—1775 гадоў выказаўся за стварэньне Адукацыйнае камісіі, яе першы старшыня ў 17731776. Адначасна ў 1774 распарадчык фонду публічнае асьветы. У 1774 выступіў на сойме за вызваленьне сялянаў ад прыгону й надзяленьне іх зямлёй, у тым самым годзе перавёў частку сялянаў свайго маёнтку каля маёнтку каля Ігумену з паншчыны на чынш. Абвінавачаны ў злоўжываньнях, пакінуў пасаду старшыні (1777), але сябрам камісіі працягваў заставацца да сьмерці.

Імкнуўся да лібэралізацыі рэлігійнага жыцьця ў Вялікім Княстве Літоўскім; на ягоную ініцыятыву рэарганізавалі Віленскую каталіцкую сэмінарыю і абнавілі яе праграму (1763); у праграму ўвайшла гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, польская літаратура, француская мова. Дамагаўся таго, каб сельскае найніжэйшае духавенства ў сваёй дзейнасьці карысталася мовамі, зразумелымі для парафіянаў. Прапагандаваў ідэі фізіякратаў, заахвочваў асьвету сялянства, у Віленскай дыяцэзіі ствараў сетку пачатковых школ пры касьцёлах, напісаў школьную праграму.

Дапамагаў архітэктарам Лаўрыну Гуцэвічу і Марціну Кнакфусу, мастаку Францішку Смуглевічу. Яго стараньнямі і на яго сродкі рэканструяваўся віленскі Катэдральны сабор Сьвятога Станіслава і Сьвятога Ўладзіслава. Ад 1780 быў уладаром палацу ў Верках, які на ягоныя сродкі рэканструяваў у стылі клясыцызму Лаўрын Гуцэвіч.

На Чатырохгадовым Сойме 1788—1792 гадоў выступаў супраць прагрэсіўных рэфомаў, быў супраціўнікам Канстытуцыі 3 траўня (1791). Сябар Пастаяннай Рады. Далучыўся да Таргавіцкае канфэдэрацыі (1792). Прыхільнік Расеі, атрымліваў хабар ад расейскага пасла Якава Сівераса. Удзельнічаў у сойме ў Гародню, які пацьвердзіў другі падзел Рэчы Паспалітай (1793).

У 1794 падчас паўстаньня Касьцюшкі, супраць якога выступаў, быў арыштаваны на загад Тадэвуша Касьцюшкі й без суду павешаны ў Варшаве за здраду нацыянальным інтарэсам. Прах быў перавезены ў Вільню ў 1795 і пахаваны ў Катэдральны сабор Сьвятога Станіслава і Сьвятога Ўладзіслава.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Вячаслаў Шалькевіч. Масальскі Ігнацій Якуб // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 274.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
  • Масальскі Ігнацій Якуб // Мысліцелі і асветнікі Беларусі. Энцыклапедычны даведнік / гал. рэд. Б. І. Сачанка. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 1995. — С. 255—256. — 672 с. — 6000 ас. — ISBN 985-11-0016-1
  • Masalskis Ignacas Jokubas // Lietuviu dvasinikai kurejai. Kuriniai. Gyvenimai / Sudarytojas Ricardas Jakutis, vyr. red. kun. Vaclovas Aliulis.. — Vilnius: Poli, 2000. — С. 649. — 728 с. — 2000 ас. — ISBN 9986-511-10-0 (лет.)