Агульнае пагадненьне аб гандлі паслугамі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
АПГП
Агульнае пагадненьне аб гандлі паслугамі
Дзяржавы-ўдзельніцы АПГП      Першапачатковыя      Далучыліся пазьней
Дзяржавы-ўдзельніцы АПГП

     Першапачатковыя

     Далучыліся пазьней

Тып дамовы Міжнароднае пагадненьне
Падпісаная 15 красавіка 1994
 ·  месца Маракеш (Марока)
Набыла моц 1 студзеня 1995
 ·  умовы аднолькавае абыходжаньне з айчыннымі ды замежнымі паслугамі й іх пастаўшчыкамі
Тэрмін дзеяньня неабмежаваны
Бакі 150 дзяржаваў
Статус дзейнае
Мовы ангельская, гішпанская, француская

Агульнае пагадненьне аб гандлі паслугамі (АПГП; па-ангельску: General Agreement on Trade in Services) — шматбаковае міжнароднае пагадненьне, упершыню падпісанае 74-ма дзяржавамі ў Маракешы (Марока) 15 красавіка 1994 году на ангельскай, гішпанскай ды францускай мовах у якасьці часткі Дадатку 1 да Пагадненьня аб заснаваньні Сусьветнае гандлёвае арганізацыі (СГА). Складалася з 29 Артыкулаў і 6 Частак:

  1. Ахоп і азначэньне (Артыкул 1),
  2. Агульныя абавязкі і парадкі (Артыкулы 2—15),
  3. Канкрэтныя забавязаньні (Артыкулы 16—18)
  4. Паступовае зьняцьцё абмежаваньняў (Артыкулы 19—21),
  5. Устаноўчыя агаворкі (Артыкулы 22—26),
  6. Апошнія агаворкі (Артыкулы 27—29).

Зьмест[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле Артыкула 2 АПГП урады-ўдзельнікі мелі неадкладна й безумоўна аказваць паслугам і іх пастаўшчыкам з краінаў іншых урадаў-удзельнікаў пагадненьня ня менш спрыяльнае абыходжаньне, чымся аднолькавым паслугам і іх пастаўшчыкам з трэціх краінаў. Паводле Артыкула 3 бакі пагадненьня мелі выдаваць датычныя гандлю паслугамі міжнародныя пагадненьні, удзельнікамі якіх яны зьяўляліся. Бакі пагадненьня таксама абавязваліся штогод паведамляць Радзе па гандлі паслугамі СГА аб усіх зьменах законаў ды ўказаў, што закранаюць гандаль паслугамі. Да таго ж, дзяржавы-ўдзельніцы СГА мелі ўтварыць даведачныя пункты для адказу на запыты іншых удзельнікаў пагадненьня аб іх міжнародных абавязках ды ўрадавых захадах у галіне гандлю паслугамі. Паводле Артыкула 5 бакі пагадненьня абавязваліся неадкладна апавяшчаць Раду па гандлі паслугамі аб удзеле ў пагадненьнях аб зьняцьці абмежаваньняў гандлю паслугамі й зьменах у тых пагадненьнях. Яны таксама ня мелі браць удзелу ў такіх пагадненьнях, калі тыя выключалі які-небудзь спосаб пастаўкі й зьяўляліся нераўнапраўнымі. Паводле Артыкула 7 удзельнікі пагадненьня ня мелі ствараць няроўных між краінамі ўмоваў прызнаньня ўпаўнаважаньняў або пасьведчаньняў пастаўшчыкоў паслугаў. Бакі пагадненьня таксама мелі паведамляць у Раду па гандлі паслугамі аб зьменах умоваў або пагадненьняў аб прызнаньні адукацыі, дасьведчанасьці або пасьведчаньняў, атрыманых у іншых краінах, а таксама аб пачатку перамоваў пра адпаведнае пагадненьне. Паводле Артыкула 12 бакі пагадненьня маглі насуперак сваім забавязаньням абмяжоўваць гандаль паслугамі ў выпадку парушэньня плацёжнага балянсу й нястачы замежных грошай. Пры гэтым удзельнікі пагадненьня мелі неадкладна апавяшчаць Агульную раду СГА аб уводзімых абмежаваньнях ды абгаворваць іх з Камітэтам па абмежаваньнях плацёжнага балянсу СГА.

Паводле Артыкула 16 АПГП дзяржавы-ўдзельніцы ня мелі ў межах сваіх канкрэтных забавязаньняў абмяжоўваць:

  1. колькасьць пастаўшчыкоў паслугаў,
  2. агульны кошт паслугаў або сродкаў іх ажыцьцяўленьня,
  3. агульную колькасьць паслугаў,
  4. агульную колькасьць людзей, занятых у асобных галінах паслугаў ды працаўладкаваных у аднаго пастаўшчыка паслугаў,
  5. забесьпячэньне паслугамі іх пастаўшчыкамі праз азначаныя віды юрыдычных асобаў або сумесных прадпрыемстваў,
  6. долю замежнага ўдзелу ў акцыянэрным капітале або агульны кошт паасобных ці агульных замежных укладаньняў.

Паводле Артыкула 19 сябры СГА мелі не пазьней як праз 5 год пасьля набыцьця моцы АПГП распачаць пасьлядоўны шэраг перамоваў аб паступовым зьняцьці абмежаваньняў у гандлі паслугамі. Пры гэтым ўрады «разьвіцьцёвых» краінаў мелі адчыняць для спабору менш галінаў за іншыя ўрады й здымаць абмежаваньні зь меншае колькасьці відаў вядзеньня гандлю. Паводле Артыкула 20 кожная дзяржава-ўдзельніца СГА мела вызначыць у сваім Сьпісе канкрэтных забавязаньняў:

  1. умовы, абмежаваньні ды абставіны доступу на рынак,
  2. абставіны й перадумовы для роўнага з мясцовымі абыходжаньня,
  3. дадатковыя абавязаньні,
  4. час на выкананьне дадатковых забавязаньняў,
  5. дату набыцьця моцы дадатковымі забавязаньнямі.

Паводле Артыкула 21 праз тры гады пасьля набыцьця моцы забавязаньнямі сябры СГА маглі іх зьмяняць або адклікаць. Пры гэтым яны мелі апавясьціць Раду па гандлі паслугамі аб сваім адпаведным намеры за тры месяцы да яго ажыцьцяўленьня. Яны таксама мелі на просьбу закранутага абвешчаным намерам сябра СГА ўступіць зь ім у перамовы. Калі бакі перамоваў не дасягалі згоды да ажыцьцяўленьня абвешчанага намеру, закрануты ім сябар СГА мог перадаць справу ў трацейскі суд. У такім разе адказчык ня меў зьмяняць або адклікаць сваё забавязаньне да выкананьня пастановы трацейскага суда аб адшкадавальным уладжаньні. Калі ўрад-адказчык зьмяняў або адклікаў забавязаньне й не падпарадкоўваўся пастанове трацейскага суда, пацярпеламу ўраду, які зьвяртаўся да суда, дазвалялася згодна зь яго пастановаю адклікаць раўнавартасныя выгоды, надаваныя дзяржаве-адказчыцы.

Паводле Артыкула 24 Рада па гандлі паслугамі мела спрыяць выкананьню АПГП ды магла дзеля выкананьня сваіх абавязкаў засноўваць дапаможныя органы. Паводле Артыкула 26 Агульная рада СГА мела супрацоўнічаць з Арганізацыяй аб'яднаных народаў[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^  (анг.)Агульнае пагадненьне аб гандлі паслугамі // Сайт Сусьветнае гандлёвае арганізацыі. Дата доступу: 11 ліпеня 2010.