Агінскія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Агінскія
лац. Ahinskija[1][2][3] / Aginskija
Герб Агінскіх
Герб Агінскіх
Краіна паходжаньня: Вялікае Княства Літоўскае
Тытул: князі, графы
Прызнаныя ў: Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Расейская імпэрыя

Агінскія[a] — княскі род гербаў уласных «Агінец» («Брама») і «Агінскі»[4], які ўваходзіў у шэрагі магнатаў Вялікага Княства Літоўскага.

Сваё паходжаньне выводзілі ад Рурыкавічаў (казельская галіна чарнігаўскіх князёў). Паводле іншай вэрсіі, пачынальнік роду — смаленскі князь Іван Глушонак[4]. Прозьвішча ўтварылася ад маёнтку Агінты ў Жыжмарскім павеце. Сьпярша вызнавалі праваслаўе, у XVII ст. прынялі каталіцтва[4].

У ХVІ стагодзьдзі род падзяліўся на дзьве лініі: старэйшую, прадстаўнікі якой ужывалі княскі, а потым і графскі тытул, і малодшую, якая страціла княскі тытул, але захавала за сабой шляхецтва. 3 красавіка 1868 году ўлады Расейскай імпэрыі прызналі Ірэнея Агінскага разам з сынамі ў княскай годнасьці і ўнесьлі іх у V частку Радаводных кнігаў.

Прадстаўнікам роду ў розны час належалі землі й маёнткі на Смаленшчыне, а таксама на тэрыторыі сучасных Беларусі (Віцебск, Маладэчна, Ганута, Залесьсе, Бабры, Мсьціславец, Бялынічы, Слонім, Чачэрск, Пінск і інш.), Летувы (Еўе, Кроны, Рэтаў, Плунге) і Польшчы (Гузаў, Саколаў).

Пытаньне паходжаньня роду[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб Агінскіх

Прадстаўнікі роду князёў Агінскіх, прыводзячы ў канцы XVIII ст. довады свайго шляхецкага паходжаньня, засноўвалі іх на зьвестках з кнігі А. Пяжарскага «Annibal ad Portas» і выводзілі пачынальнікаў свайго роду ад Уладзімера Кіеўскага, пры гэтым аднак пералічвалі няісных нашчадкаў апошняга.

Паводле адной з вэрсіяў, род Агінскіх пайшоў ад князя Міхала Ўсеваладавіча Чарнігаўскага (? — 1246), прапраўнук якога Ціт-Юры Фёдаравіч Казельскі (XV калена ад Рурыка) меў двух сыноў: Рыгора Цітавіча (Юр’евіча), па мянушцы «Агонь», які ўласна і распачаў род Агінскіх, і Ўладзімера Цітавіча (Юр’евіча), па мянушцы «Пузыр», які зрабіўся пачынальнікам роду Пузынаў.

Расейскі дасьледнік Г. Уласьеў, у сваёй кнізе «Нашчадкі Рурыка»[5] даў наступную зацемку пра паходжаньне князёў Агінскіх і іхныя роднасныя зьвязкі з домам Рурыка: «Род Агінскіх паходзіць ад старажытных князёў і ад 1547 году менаваўся ва ўсіх каралеўскіх рэскрыптах, соймавых пастановах і судовых актах, княскім тытулам».

Іншы расейскі дасьледнік П. Далгарукаў[6] прыняў пачынальнікам роду Агінскіх князя Рыгора Цітавіча або Юр’евіча, зь мянушкай «Агонь». Ягонага бацьку Ціта-Юрыя Фёдаравіча дасьледнік разглядаў як роднага ўнука Ціта Мсьціслававіча Карачэўскага і такім чынам зьвязваў бесьперапынным ланцугом род Агінскіх з князем Міхалам Усеваладавічам Чарнігаўскім. Аднак у гістарычных крыніцах няма ніякіх зьвестак пра сына і ўнука Ціта Мсьціслававіча Карачэўскага. У наступным сваім выкладаньні найбліжэйшых да пачынальніка роду каленаў, П. Далгарукаў пагадзіўся з высновамі А. Пяжарскага.

Вядома, што ў 1408 годзе князь Юры Казельскі быў ваяводам у Ржэве і ў летапісах згадваецца як будаўнік гэтага гораду, але «ці адносяцца гэтыя адзіныя ўказаньні Летапісаў да разгляданага князя Ціта-Юрыю Фёдаравічу, сьцьвярджаць цяжка, і яшчэ больш цяжка пагадзіцца з князем П. Далгарукавым, які сьцьвярджае разам з польскімі пісьменьнікамі, што ў яго было два сыны: Уладзімер, праз гарачнасьць свайго характару, названы „Агнём“, нашчадкі якога быццам бы сталі таму звацца Агінскімі, і Рыгор, праз сваю сытасьць названы „Пузыром (Бурбалкай)“, нашчадкі якога сталі звацца Пузынамі»[7].

З дасьледаваньняў З. Л. Пташыцкага вынікае, што «… у другой палове XV ст. існаваў князь Васіль Глазына, які меў двух сыноў — князя Алехну Васілевіча й князя Івана Васілевіча, уцекача ў Маскву, які пакінуў у Літве пяць сыноў: князёў Зьмітра, Яна, Льва, Міхала й Андрэя. Гэтыя апошнія ў афіцыйных дакумэнтах завуцца дзецьмі князя Івана — Глазыніна брата, без згадваньня мянушак іх або прозвішчаў…» Далей З. Л. Пташыцкі, на падставе дакумэнтаў, выводзіў род Пузынаў ад другога сына князя Івана Васілевіча Глазыні князя Івана Іванавіча Пузыны, які атрымаў ад Жыгімонта Старога двор Носава ў Мельніцкім павеце, а пра брата апошняга — князя Зьмітра Іванавіча, сьцьвярджае, што ад яго пайшоў род князёў Агінскіх.

Г. Уласьеў пісаў: «З укладаньня Адама Банецкага „Poczet Rodów w Wielkim K. Litewskiem“ вядома, што ў канцы XV ст. існавалі два брата Глушонкі — князь Зьміцер Іванавіч, які атрымаў ад вялікага князя Аляксандра двор Агінты Жыжмарскага павету, і князь Іван Іванавіч, які атрымаў у 1496 годзе вёску ў Мельніцкім павеце… унук князя Зьмітра Іванавіча — князь Хведар Багдановіч, мае прозьвішча Агінскага».

Пры параўнаньні імёнаў гэтых асобаў дасьледнікі прыйшлі да наступнай выновы: «… трэба прызнаць, што ў абодвух выпадках гаворка ідзе пра адных і тых жа братаў — князёх Зьмітры й Іване Іванавічах родапачынальніках Агінскіх і Пузынаў з адрозьненьнем толькі ў мянушках»[7].

Радавод[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фрагмэнт інвэнтару маёнтку Залесьсе

Васіль Глазына, атрымаў ад вялікага князя Казімера маёнтак Мсьціславец на Смаленшчыне

  1. Іван Глазына, уцёк у Масковію, але ягоная жонка й дзеці былі вернутыя ў ВКЛ
    1. Юры, згадваецца ў 1496
    2. Зьміцер Глушонак (? — да 1510), ад вялікага князя Аляксандра атрымаў маёнтак Агінты ў Жыжмарскім павеце
      1. Багдан (? — да 1555), у 1510 атрымаў у спадчыну маёнтак Агінты, у 1542 судзіўся з князем Бароўскім за дом у Вільні; ж. — Багуміла
        1. Мацей (?—1564), заснавальнік старэйшай галіны, прадстаўнікі якой ужывалі графскі й княскі тытул; цівун віленскі, лоўчы літоўскі, у 1556 падпісаўся князем Агінскім
        2. Фёдар (?—1575), заснавальнік малодшай, браслаўскай галіны, прадстаўнікі якой страцілі княскі тытул; маршалак вялікі літоўскі, кашталян віленскі, дзяржаўца магілёўскі, староста гаінскі
    3. Іван
      1. Цімох Пузына, заснавальнік роду Пузынаў
    4. Леў
    5. Міхал
    6. Андрэй
  2. Алёхна Глазына, у 1458 ваяваў з крыжакамі, смаленскі акольнічы (ад 1486), у 1494—1500 намесьнік Лучына; у 1492 атрымаў сяло Мамаеўскае, у 1496 вёскі Кожухава, Вэхры, Разрабовічы, Нямлёнава, Наскова на Смаленшчыне, у 1498 — Шчарбінін, Казлоў, Чулкаў, у 1499 — Давыдкаў, Скавародна, у 1500 — двор Опса ў Браслаўскім павеце; ж. — Сапяжанка
    1. Фядора Глазынава; м. — Аляксандар Салтановіч, маршалак гаспадарскі

Старэйшая (княская) галіна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аляксандар, бацька Марцыяна Аляксандра. Панэгірык, 1667

]

Юры, сын Марцыяна Аляксандра. Панэгірык, 1680

]

Мацей (? — 1564), заснавальнік старэйшай галіны, прадстаўнікі якой ужывалі графскі й княскі тытул; цівун віленскі, лоўчы літоўскі, у 1556 падпісаўся князем Агінскім.

  1. Багдан (? — 1625); ж. — Раіна, д. ваяводы смаленскага Рыгора Валовіча.
    1. Раман (?)
    2. Ян Фэлікс (? — каля 1640), разам з бацькам і братам фундаваў праваслаўны манастыр сьвятых Пятра й Паўла ў Менску, у 1612 падпісаў зварот супраць уніяцтва; фундаваў Богаяўленскі манастыр у Магілёве; староста кармялаўскі (ад 1620), староста царквы сьвятога Духа ў Вільні, кашталян амсьціслаўскі (ад 1633)
    3. Аляксандар (1590—1653), ваявода менскі, кашталян троцкі
      1. Багдан (? — 1649), падчашы брацлаўскі (ад 1635), харужы надворны літоўскі
      2. Ян (?—1678)
      3. Марцыян Аляксандар (1632—1690), ваявода троцкі (ад 1670), канцлер вялікі літоўскі (ад 1684), граф на Дуброўне
    4. Зьміцер
      1. Юры (?)
    5. Самуэль Леў (каля 1595—1657), стольнік троцкі (ад 1620), ротмістар каралеўскі (ад 1625), цівун троцкі (ад 1633); уладальнік Агінтаў і Еўя ў Троцкім ваяводзтве й Мікуліна й Лёзна ў Віцебскім; разам з браслаўскім земскім судзьдзём Сэбасьцянам Мірскім аднавіў Віцебскі Маркаў манастыр; ж. — Соф’я зь Бялевічаў
      1. Сымон Караль (каля 1620—1699), ваявода амсьціслаўскі (1682—1685); 1-я ж. — Т. Стакманс, дачка бургамістра Франэкера; 2-я ж. — Тэадора з Корсакаў; 3-я ж. — Тэрэза з Войнаў-Ясянецкіх
        1. (ад 1-й ж.) Соф’я
        2. (ад 1-й ж.) Багуслаў Казімер
          1. Караль (каля 1690—1716)
            1. Юзэф (каля 1713—1787)
              1. Ігнаці (1755—1787), староста дарсунінскі; ж. — Юзэфа Зоф’я (1762—1841), д. Андрэя Ігнацыя Агінскага
                1. Габрыэль Юзаф (1784—1842)
        3. (ад 2-й ж.) Марцыян Міхал (1672—1750), ваявода віцебскі (ад 1730); 1-я ж. — 1701 Тэрэза (?—1721), д. троцкага кашталяна Яна Ўладзіслава Бжастоўскага; 2-я ж. — 1723 Тэрэза з Тызэнгаўзаў; 3-я ж. — 1733 Крыстына з Абрамовічаў (?—1738); 4-я ж. — 1745 Тэкля Ганна зь Лярскіх
          1. Станіслаў Юры (?—1748), староста вяжбоўскі, кашталян амсьціслаўскі (ад 1738), староста віцебскі (ад 1740)
            1. Мацей (?—1786)
            2. Аляіз (? — па 1769)
          2. Францішак Ксавэры (? — па 1750), у 1733 уступіў у ордэн езуітаў, быў рэктарам Віленскага, Віцебскага й Менскага езуіцкіх калегіюмаў
          3. Тадэвуш Францішак (1712—1783), ваявода троцкі (ад 1770); 1-я ж. — 1737 Ізабэла Кацярына з Радзівілаў; 2-я ж. — 1763 Ядвіга Тэрэза з Залускіх
            1. (ад 1-й ж.) Андрэй Ігнаці (1740—1787), ваявода троцкі (ад 1783); ж. — 1763 Паўліна, д. Марка Шэмбека й Ядвігі з Рудніцкіх
              1. Юзэфа Зоф’я (1762—1841); 1-ы м. — Ігнаці Агінскі (1755—1787); 2-гі муж — Ігнаці Шышка, падкаморы; 3-ці муж — Ян Нікадзім Лапацінскі (1747—1810), староста амсьціслаўскі.
              2. Міхал Клеафас (1765—1833), сэнатар, кампазытар; 1-я ж. — 1789—1803 Ізабэла Лясоцкая (1764—1852); 2-я ж. — 1803 Марыя дэ Нэры (1778—1851), дачка карчмара
                1. Тадэвуш Антоні (1798—1844), у 1821 разам з братам Францішкам Ксавэрыем прызнаны ў княскай годнасьці Каралеўства Польскага
                2. Францішак Ксавэры (1801—1873)
                  1. Фэлікс (1828—?), цырыманімайстар імпэрэтарскага двара (ад 1883)
                3. Амэлія (10 ліпеня 1803—1858); м. — 1826 Караль Тэафіл Залускі (1794—1845), маршалак шляхты Ўпіцкага павету
                4. Ірэней Клеафас (1808—1863 або 1870), гафмайстар; 1-я ж. — Юзэфіна (1816—1844), д. генэрала Юзэфа Каліноўскага; 2-я ж. — 1845 Вольга (?—1899), сястра папярэдняй
                  1. Багдан Міхал Юзэф Францішак (1848—1909), стацкі саветнік (ад 1899); ж. — Габрыеля з Патуліцкіх
                  2. Міхал Мікалай Севярын Марк (1850—1902), стацкі саветнік (ад 1899); ж. — Марыя з Скаржэўскіх (1857—1945)
                5. Эма (1810—1871), 1-ы м. — 1827 Іпаліт Бжастоўскі; 2-гі м. — Высоцкі
                6. Іда (1813—?)
            2. (ад 1-й ж.) Францішак Ксавэры Станіслаў (1742—1814), кухмістар вялікі літоўскі (1775—1780)
          4. Казімер Ігнаці (? — па 1769)
          5. Ігнаці (1698—1775), амбасадар у Расеі; ж. — 1739 Алена Агінская (каля 1700—1790)
        4. (ад 2-й ж.) Юры
        5. (ад 2-й ж.) Крыстына
        6. (ад 2-й ж.) Элеанора
        7. (ад 3-й ж.) Аляксандар
        8. Самуіл (?)
      2. Караль
      3. Ян (?—1684), гетман польны літоўскі; 1-я ж. — 1645 Ганна зь Сямашкаў, 2-я ж. — 1660 Яна Тэадора з Нарушэвічаў
        1. Мікалай Францішак, маршалак ваўкавыскі (1680—1685), мечнік вялікі літоўскі, падскарбі надворны літоўскі (ад 1695), кашталян троцкі (ад 1711), амбасадар у Расеі
          1. Людвік Караль (?—1718), біскуп смаленскі
          2. Юры
          3. Антоні
        2. Рыгор Антоні (?—1709), гетман польны літоўскі (з 1703)
          1. Казімер Марцыян (?—1727), падстолі вялікі літоўскі (1722), староста мсьцібаўскі й езярыскі
            1. Ян (?—1747)
          2. Ян (?—1710), староста мсьцібаўскі, кухмістар вялікі літоўскі (ад 1709)
          3. Альжбета Магдалена м. () — князь Антоні Міхал Пузына
        3. Лявон Казімер (?—1700), падстолі вялікі літоўскі (ад 1689)
          1. Міхал Антоні
        4. Аляксандар
        5. Казімер Дамінік (?—1773), староста гарждоўскі (ад 1698), ваявода троцкі (ад 1709), віленскі ад 1730; ж. — 1692 Элеанора Вайнянка
          1. Марцыбэла
          2. Тэрэза
          3. Алена (каля 1700—1790, Варшава), у 1761 падаравала Бялыніцкаму касьцёлу цудатворны абраз Панны Марыі, спачыла ў Віцебскім езуіцкім касьцёле; м. — 1739 Ігнаці Агінскі (?—1775)
          4. Мар’яна
          5. Юзэф Тадэвуш (каля 1693—1736), генэрал-маёр літоўскага войска (1728), мечнік вялікі літоўскі (ад 1729), ваявода троцкі (ад 1730); ж. — Ганна, д. Міхала Сэрвацыя Вішнявецкага
            1. Міхал Казімер (1728—1800), гетман вялікі літоўскі (1768—1793); ж. — 18 кастрычніка 1761 Аляксандра, д. Міхала Чартарыйскага
            2. Аўгуста
            3. Генавэфа
            4. Кацярына
            5. Казімера
            6. Альжбета
        6. Марцыян Антоні (?—1703), кашталян амсьціслаўскі
        7. Ганна
        8. Мар’яна
        9. Алена
  2. Ян, стольнік вялікі літоўскі

Малодшая (браслаўская) галіна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ян Юры, маршалак браслаўскі. Панэгірык, 1680

Фёдар (?—1575), заснавальнік малодшай, браслаўскай галіны, прадстаўнікі якой страцілі княскі тытул; маршалак вялікі літоўскі, кашталян віленскі, дзяржаўца магілёўскі, староста гаінскі

  1. Багдан (? — да 1607), падстолі троцкі (1593—1601), ктытар Царквы Сьвятога Духа ў Вільні, староста праваслаўнага брацтва
  2. Рыгор
    1. Багдан (?—1658)
      1. Міхал (?—1712)
        1. Ян
          1. Ігнаці
            1. Ян, палкоўнік (ад 1785)
            2. Аляіз
          2. Міхал, маршалак брацлаўскі, кашталян браслаўскі (1793)
            1. Тадэвуш
            2. Канстантын
              1. Аўгуст (1810—?)
              2. Артур Юзэф Маўрыцы Аўгуст (1838—?)
                1. Эдмунд Юзэф Ксавэры Андрэй Сымон
                2. Ян Маўрыцы Юзэф Віктар (1849—?)
              3. Маўрыцы Станіслаў (1811—?)
              4. Вацлаў (1815 — да 1883)
                1. Уладзіслаў
                  1. Вацлаў
                  2. Лявон
            3. Юзэф Казімер Вінцэнт (1767—?), шамбялян караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага
              1. Міхал (1794—1855)
                1. Фэрдынанд
                  1. Вітальд
                  2. Браніслаў
                2. Раймонд Напалеон (1826—?)
                  1. Мар’ян
                3. Мікалай (1831—?)
                  1. Багдан
              2. Канстантын (1795—?)
              3. Юзэф (1797—?)
    2. Зьміцер
    3. Пётар Багдан
      1. Ян Юры (?—1678), маршалак Браслаўскага павету

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Іканаграфія роду Агінскіх у наш час захоўваецца ў зборах Аўстрыі, Беларусі, Латвіі, Летувы, Польшчы, Францыі.

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Іншая форма прозьвішча: Аґінскія (Aginskija; старабел. Окгинския; польск. Ogińscy)

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ahinski family // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London, 1998.
  2. ^ Ahinski Canal (анг.). Encyclopædia Britannica OnlineПраверана 2 красавіка 2011 г.
  3. ^ Mikhail Kazimir Ahinski (анг.). The official internet-portal of the President of the Republic of Belarus. Праверана 2 красавіка 2011 г.
  4. ^ а б в Грыцкевіч А. Агінскія // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 202.
  5. ^ Власьев Г. А. Потомство Рюрика. — СПб., 1906—1917. Том 1. Часть 1. С. 343.
  6. ^ Долгоруков П. В. Российская родословная книга. — СПБ., 1855—1857.
  7. ^ а б Дворянские роды Российской империи. Том 1. Князья / Авторы-составители П. Гребельский, С. Думин, А. Мирвис, А. Шумков, М. Катин-Ярцев. — СПб.: ИПК «Вести», 1993. — 344 с ISBN 5-86153-004-1

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]