Аль-Газалі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Абу-Хамід Мухамад ібн-Мухамад Аль-Газалі
ابو حامد محمد بن محمد الغزالى
Дата нараджэньня 1058[1] або каля 1056[2]
Месца нараджэньня Тус
Дата сьмерці 19 сьнежня 1111
Месца сьмерці Тус
Месца пахаваньня
Занятак філёзаф, mutakallim, аўтабіёграф, тэоляг, паэт, факіх, journal editor, журналіст
Навуковая сфэра рэлігія, філязофія
Месца працы Багдад
Вядомы як адзін з заснавальнікаў суфізму
Вучні Абу Бакр ібн аль-Арабі[d]

Аль-Газалі́ (па-арабску: الغزالى‎), поўнае імя Абу-Хамі́д Мухама́д ібн-Мухама́д Аль-Газалі́́ (па-арабску: ابو حامد محمد بن محمد الغزالى‎; 10581111) — ісламскі багаслоў і філёзаф пэрсыдзкага паходжаньня[3], нарадзіўся ў мястэчку Тус (Харасан). Адзін з найбольш аўтарытэтных настаўнікаў, уваходзіць у лік пачынальнікаў суфізму. З 1091 году ўзначальваў багаслоўскую школу ў Багдадзе па запрашэньні сэльджуцкага султана. Дзейнасьць аль-Газалі была накіравана на фармаваньне ўсебаковага й сыстэматычнага вучэньня суфізму, ён сфармуляваў тэарэтычную базу суфізму й дамогся ягонай інтэграцыі з агульнапрызнаным ісламам.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Абу-Хамід аль-Газалі нарадзіўся ў беднай сям’і й рана страціў бацьку. Перад сьмерцю бацька даручыў свайму сябру-суфію заняцца выхаваньнем і навучаньнем сваіх сыноў. Ягоны сябар некаторы час займаўся малымі, але, потым, аддаў хлопцаў у мэдрэсе, бо грошай на малых яму не хапала. Новым настаўнікам аль-Газалі стаў імам Ахмад ар-Разікані ў Тусе, але дзеля працягу навучаньня ён пераехаў у Джурджан і Нішапур, дзе там навучаўся пад кіраўніцтвам імама аль-Харамайна. Аднойчы маладога Абу-Хаміда прыкмеціў сэльджускі візыр Нізам аль-Мульк, і дзякуючы ягонай дапамозе Газалі патрапіў у Багдад, дзе атрымаў высокія пасады пры двары й стаў аўтарытэтным навукоўцам і багасловам. З 1091 па 1095 аль-Газалі выкладаў ў мэндрэсы аль-Нізамія. У гэты час у 1092 годзе ад забойцы-асасына загінуў Нізам аль-Мульк.

У 1095 годзе аль-Газалі выправіўся ў хадж і пакінуў Багдад, закінуўшы службовую кар’еру ў самым ейным росквіце. 11 гадоў да 1106 году ён жыў як самотнік. Ён растлумачваў гэты свой учынак тым, што сярод багасловаў і законаведаў пачалося разлажэньне, і яго ахапіла «боязь пекла». Ён наведаў сьвятыя месцы як то Мэку, Мэдыну, а таксама Ерусалім, Дамаск, Багдад і зноўку вярнуўся ў Тусу. У гэтыя гады ён напісаў найболей значныя свае творы. У 1106 годзе Фахр аль-Мульк змусіў Газалі вярнуцца да выкладаньня й Абу-Хамід зноўку пачаў чытаць лекцыі ў мэдрэсы аль-Нізамія ў Нішыпуры. Неўзабаве перад сьмерцю ён зноўку кінуў выкладаньне й вярнуўся ў Тус, дзе пасяліўся ў кельлі й навучаў маладых пасьлядоўнікаў суфійскаму вобразу жыцьця. Аль-Газалі памёр у сьнежні 1111 году ўва ўзросьце 55 гадоў.

Характарыстыка вучэньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аль-Газалі належыў да артадаксальнай суніцкай школы аш-Шафіі. Ён спалучаў у сабе знаўца фікха з суфізмам, пад які ён падвёў тэарэтычную базу.

Калі ён стаў старанна вывучаць навукі, як то калам, філязофію, ісмаілізм, суніцкія дагматыкі, асабліва ў гады адзіноты, ён прыйшоў да высновы, што рацыянальна сканструяваная вера нежыцьцёвая, і сур’ёзна зьвярнуўся да суфізму. Ён зразумеў, што маральныя асновы павінны грунтавацца на непасрэдных зносінах з Алагам, а таксама на асабістым вопыце перажываньняў. Пры гэтым важна здабыцьцё прасьвятленьня альбо чароўнай ласкі, дзеля якой трэба вызваліцца ад усяго штучнага.

Вядомыя працы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Апошні ліст аўтабіяграфіі аль-Газалі

Газалі напісаў больш за 70 кнігаў па ісламскай навуцы, філязофіі й суфізму.

Непасьлядоўнасьць філёзафаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кніга аль-Газалі XI стагодзьдзя пад назвай «Непасьлядоўнасьць філёзафаў» азначае важны паварот у ісламскай тэорыі пазнаньня. Сустрэча са скептыцызмам прывяла Газалі да шляху боскага аказіялізму, альбо перакананьня, што ўсе прычынныя падзеі й узаемадзеяньні не прадукт матэрыяльнай сувязі, а неадкладнай і бягучай волі Божай.

Непасьлядоўнасьць і стала паваротным пунктам у ісламскай філязофіі, што выявілася ў форме лютай адмовы ад Арыстотэля й Плятона. Кніга асуджала «falasifa», вольную групу ісламскіх філёзафаў VIIIXI стагодзьдзяў (найболей прыкметнымі сярод іх былі Авіцэна й аль-Фараб), якая інтэлектуальна зьвярталася да філязофіі старажытных грэкаў. Газалі асудзіў Арыстотэля, Сакрата й іншых грэцкіх пісьменьнікаў, як няверуючых, а таксама тых, хто карыстаўся іхнымі мэтадамі й ідэямі, што на ягоны пункт гледжаньня разбэшчвае ісламскую веру.

У наступным стагодзьдзі, Авэроэс падрыхтаваў абвяржэньне гэтай працы Газалі, назваўшы яго «Непасьлядоўнасьць непасьлядоўнасьці», аднак эпістэмалягічны курс ісламскай думкі ўжо былі ўсталяваны.

Аўтабіяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Газалі напісаў аўтабіяграфію пад канец свайго жыцьця, назваўшы яе «Збаўца ад памылак». Гэтая праца лічыцца адным з самых значных ягоных твораў[4]. У ім Газалі распавядае, што аднойчы ягоная крыза эпістмалягічнага скептыцызму была вызвалена «сьвятлом, які Бог кінуў у мае грудзі... ключ да найбольшых ведаў»[5]. Ён вывучыў і асвоіў аргумэнты каламу, ісламскай філязофіі й ісмаілізму. Ацэньваючы іх, ён прыйшоў да высновы, што ўсе тры падыходы былі недастатковымі й вызначыў вышэйшую каштоўнасьць толькі ў містычным досьведзе й інтуіцыі, гэтак званы стан прароцтва, ён распрацаваў такім чынам суфійскую школу. Аўтабіяграфія лічыцца таксама важным дакумэнтам, які дазваляе пазнаёміцца з сутнасьцю рэлігіі, выдатнай ад хрысьціянскай, бо аўтабіяграфічнай літаратуры гэтага пэрыяду па-за хрысьціянскай традыцыі амаль не існавала.

Адражэньне рэлігійных навук[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Іншай буйной працай аль-Газалі зьяўляецца «Адраджэньне рэлігійных навук» (Ihya'ul Ulumuddin). Яна ахоплівае амаль усе вобласьці ісламскай навукі: фікх (ісламскае права), калам (багаслоўе) і суфізм. Праца складаецца з чатырох асноўных разьдзелаў: «акты пакланеньня» (Rub' al-'ibadat), «нормы паўсядзённага жыцьця» (Rub' al-'adatat), «шляхі гібелі» (Rub' al-'muhlikat) й «шляхі выратаваньня» (Rub' al-'munjiyat). Многія выбітныя дзеячы пазьней казалі пра гэтую кнігу: «Калі б усе ісламскія навукі зьніклі, яны маглі зноўку паўстаць з "Адражэньня рэлігійных навук"». Акрамя таго аль-Газалі напісаў кароткую вэрсію гэтай кнігі на пэрсыдзкай мове пад назовам «Алхімія шчасьця» (Kīmyāye Sa'ādat).

Ерусалімскі трактат[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па патрабаваньні ягоных вучняў у Ерусаліме, аль-Газалі напісаў сьціснутае тлумачэньне ісламу азагалоўленае як «Ерусалімскі трактат»[6].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Али-заде А. Газали Мухаммад (рас.) // Исламский энциклопедический словарьМосква: Ансар, 2007. — ISBN 978-5-98443-025-8
  2. ^ https://archive.org/details/frank-griffel-al-ghazalis-philosophical-theology — С. 23—25.
  3. ^ Ghazali, The Columbia Encyclopedia, Sixth Edition 2006
  4. ^ Gerhard Böwering, Encyclopedia Iranica, Ghazali
  5. ^ Richard Joseph McCarthy. Freedom and Fulfillment, Boston: Twayne, 1980, стар. 66
  6. ^ Walid Khalidi (1984). Before Their Diaspora. Institute for Palestine Studies, Washington D.C.. p. 29.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аль-Газалісховішча мультымэдыйных матэрыялаў