Аляксандар Варонскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аляксандар Варонскі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 27 жніўня (8 верасьня) 1884 або 8 верасьня 1884(1884-09-08)[1]
Памёр 13 жніўня 1937(1937-08-13)[1] (52 гады)
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці рэвалюцыянэр, пісьменьнік, літаратурны крытык, тэарэтык мастацтва
Мова расейская мова[2]

Аляксандар Канстанцінавіч Варонскі (8 верасьня 1884, сяло Харашаўка, Кірсанаўскі павет, Тамбоўская губэрня — 13 жніўня 1937, Бутаўскі палігон, Маскоўская вобласьць) — расейскі рэвалюцыянэр, пісьменьнік, літаратурны крытык і публіцыст.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся 8 верасьня [ст. ст. 27 жніўня] 1884 году ў сям’і патомнага вясковага сьвятара. Прозьвішча па рацэ Варона. У студзені 1890 году, пасьля сьмерці мужа Канстанціна Восіпавіча, ягоная ўдава, Хвядосься Гаўрылаўна, разам зь дзецьмі, Алесем ды Ляляй, з-за матэрыяльнай нястачы пераехала да свайго бацькі ў вёску Добрынку Ўсманскага павету Тамбоўскай губэрні. Спачатку яны жылі ў хаце свайго дзядулі, сьвятара ў вёсцы Чуеўка, што побач з Добрынкай, а потым, калі маці атрымала месца праскурніцы ў мясцовай царкве, займелі і ўласную хату.

У 1894 годзе Александра, як сына сьвятара, прымаюць у 1-е Тамбоўскае духоўнае вучылішча на казённы кошт. У бурсе ён пачынае шмат чытаць і ў ёй, па ягонай ініцыятыве, ствараецца тайная бібліятэка. Яшчэ ў сьценах бурсы за ім трывала замацавалася іранічная, і ў той жа час пачцівая мянушка «Пісьменьнік».

Пасьля заканчэньня вучылішча Варонскі ў 1900 г. паступае ў Тамбоўскую духоўную сэмінарыю ды наведвае гурток, дзе дамінавалі сымпатыі да сацыял-дэмакратаў. У красавіку 1905 г. ён, па даручэньні «таварышаў», піша ўлётку да сьвята 1-е траўня, якая зрабілася ягоным «першым літаратурна-публіцыстычным творам».

У 1905 г. у Расейскай імпэрыі адбыліся хваляваньні навучэнцаў у Віцебскай, Менскай, Літоўскай, Кіеўскай і шэрагу іншых духоўных сэмінарыяў ды вучылішчаў. Напрыканцы красавіку 1905 г. ў Тамбоўскай сэмінарыі таксама выбухнуў бунт навучэнцаў. Сярод падбухторшчыкаў, зразумела ж, быў названы Аляксандар Варонскі, які «біў лямпы і шыбы», а потым «узброены крэслам, з лаянкай, уварваўся ў настаўніцкі пакой, ды з якойсьці ашалеласьцю кінуўся на а. Рэктара і выкладчыкаў з несумненным намерам нанесьці пабоі». У выніку гэтага, пры пераходзе ў шостую клясу выкладчыцкая рада адлічыла яго з сэмінарыі «без балу паводзінаў за буянствы, якія шкодныя ў палітычных адносінах».

У жніўні 1905 г. Варонскі сустрэўся з чальцом ЦК РСДРП таварышам Макарам /Віктарам Нагіным/, які наведаў Харашаўку. Той прапанаваў яму папрацаваць у сталіцы. Неўзабаве Варонскі зьявіўся ў Пецярбурзе, дзе яго сустрэла Марыя Ільлінічна Ўльянава, якая ўзначальвала на той час Пецярбурскі камітэт РСДРП. У Пецярбурзе Варонскі, дзеля кансьпірацыі, пачаў звацца «таварышам Валянцінам», і тут ён упершыню пачуў Леніна, вернасьць якому ён захаваў да скону свайго жыцьця.

Падчас Сьнежаньскага ўзброенага паўстаньня 1905 г. партыя накіравала Варонскага ў Маскву, дзе ён, арганізатар Данілаўскага падраёну Замаскварэчча, уваходзіў у групу лятучых агітатараў. Пасьля задушэньня паўстаньня таварыш Валянцін быў накіраваны ў студзені 1906 г. у Гельсінгфорс, дзеля працы ў Фінляндзкай сацыял-дэмакратычнай вайсковай арганізацыі. Там ён прымаў удзел у выданьні нелегальнай газэты «Весьнік казармы», агітацыі ды распаўсюджваньні ўлётак. У Гельсінгфорсе Варонскі пазнаёміўся з Максімам Горкім, які знаходзіўся ў Фінляндыі з 4 студзеня па 12 лютага 1906 г. па запрашэньні фінскай сацыял-дэмакратычнай арганізацыі «Чырвоная гвардыя». Падчас Сьвеаборскага паўстаньня ваенная арганізацыя накіравала Валянціна ў Вільманстранд, дзе знаходзіліся 5-ты ды 7-мы Фінляндзкія пяхотныя палкі расейскай арміі, якія рыхтавалі для задушэньня паўстаньня.

Пасьля таго, як 17 чэрвеня 1906 г. Сьвеаборскае паўстаньне было задушанае, Варонскі вярнуўся ў Пецярбург. Напачатку верасьня 1906 г., пры чарговай аблаве паліцыі за Нарўскай заставай, Валянцін быў арыштаваны. Пры вобыску ў яго знайшлі рукапісную рэзалюцыю аб арганізацыі баявых дружынаў і ліст да маці, ў якім ён паведамляў аб сваёй працы ў партыі. Пасьля шасьцімесячнага арышту ён судзіўся Пецярбурскай судовай палатай. Суд адхіліў абвінавачваньне па 126 арт. Крым. Код. і асудзіў яго 21 сакавіка 1907 г. па п. 2-му, 132 арт. Крым. Код. да аднаго году крэпасьці, з улікам папярэдняга зьняволеньня.

У ліпені 1907 г., за два месяцы да сканчэньня тэрміну зьняволеньня, Варонскі быў пераведзены зь пецярбурскіх «Крыжоў» у тамбоўскі губэрнскі астрог. Пасьля вызваленьня Валянцін адразу ж паехаў да таварышаў ў Маскву, дзе не задоўга перад гэтым паліцыяй была амаль цалкам зьліквідаваная мясцовая арганізацыя РСДРП. У паперах паліцыі яго, арганізатара Прэсьненскага раёну, характарызуюць наступным чынам: «Габрэй, 25 гадоў, малога росту, з круглым паголеным тварам, блізарукі, у акулярах, у чорным мяккім капелюшы і з палачкай». З-за пагрозы арышту, якая навісла над ім, яго накіравалі ў веданьне Ўладзімерскай акруговай арганізацыяй РСДРП, якую, як і ў Маскве, амаль цалкам зьнішчыла паліцыя, а яе кіраўнік М. Фрунзэ быў арыштаваны. Варонскі, які ўзначаліў яе, умела наладаваў працу ня толькі ва Уладзімеры, але і ў Гусь-Крыштальным, Ундолі, Мураме ды Каўрове.

26 кастрычніка 1907 г. таварыша Валянціна арыштавалі ды зьняволілі ва Ўладзімерскі цэнтрал, дзе ён сустрэўся ды пасябраваў з М. Фрунзэ, які меў партыйную мянушку Арсень. Сьледзтва па справе Варонскага доўжылася да канца студзеня 1908 г., а 1 лютага 1909 г. ён быў высланы на два гады адміністратыўным парадкам ў г. Ярэнск Валагодзкай губэрні. У ссылцы пры непасрэдным удзеле Валянціна пачаў выходзіць нелегальны часопіс «Калёнія палітычных ссыльных гораду Ярэнска». Там жа ў ссылцы Варонскі пазнаёміўся зь Сімай Салямонаўнай Песінай, куды яна трапіла за ўдзел ў нелегальным гуртку і рэвалюцыйнай дэманстрацыі ў Мелітопалі.

У лютым 1910 г. Варонскі пасьля адбыцьця тэрміну пакараньня не вярнуўся ў Тамбоў, а падаўся ў Маскву, дзе ўладкаваўся на службу сакратаром Маскоўскага прафсаюзу гарбароў, ды арганізаваў сацыял-дэмакратычны гурток зь некалькіх рабочых. Але неўзабаве, прыкмеціўшы за сабою сочку, ўцякае з Масквы ў Тамбоў, нават не прыхапіўшы пашпарт.

У Тамбове Валянцін прабыў каля месяцу. Там ён здолеў атрымаць дублікат «згубленага» пашпарту, ды ў кастрычніку 1910 г. зьехаў у Саратаў, дзе жылі дзьве ягоныя стрыечныя сястры.

У Саратаве Варонскі хутка ўстанавіў сувязь з К. К. Крыжаноўскім, які кіраваў гуртком сацыял-дэмакратычнага кірунку. Неўзабаве да іх далучылася Марыя Ільлінічна Ўльянава, якая прыехала туды на сталае месца жыхарства.

У сярэдзіне траўня 1911 г. Варонскі перапыняе сваю нелегальную дзейнасьць і прыяжджае ў Эўпаторыю, куды пасьля ссылкі вярнулася Сіма Песіна ды працавала касіркай. Там ў траўні-чэрвені 1911 году ў лібэральнай газэце «Эўпатарыйскія навіны» зьявіліся некалькі ягоных фэльетонаў, падпісаных псэўданімам «Нурмін», які быў утвораны ад назвы фінскага паселішча Нурміярві, што паблізу Гельсінгфорса, дзе ён хаваўся пасьля паразы Сьвеаборскага паўстаньня.

Вырашыўшы свае матрыманіяльныя справы, Валянцін, напрыканцы лета перабіраецца ў Адэсу, каб узнавіць свае сувязі з партыяй. Там ён знаёміцца зь вядомым партыйным публіцыстам Вацлавам Вароўскім, які, як толькі даведаўся, што Валянцін пачаў пісаць фэльетоны ды літаратурна-крытычныя артыкулы, прапанаваў яму супрацоўніцтва ў легальнай напаўбульварнай газэце «Ясная заря», якой ён загадваў.

У верасьні 1911 г. па прапанове Вароўскага Варонскі едзе ў Мікалаеў дзеля ўзнаўленьня там зьнішчанага падпольля. Валянцін здолеў заарганізаваць ініцыятыўную групу ды два нелегальныя гурткі зь пекараў і рабочых суднабудаўнічага заводу, ды таксама ўзначаліў кіраўніцтва легальнымі рабочымі саюзамі.

На пачатку лістапада 1911 г. Варонскі атрымаў ад М. І. Ульянавай шыфраваны ліст, у якім паведамлялася, што яго нібыта, нейкая Саратаўская філія РСДРП, абрала дэлегатам на IV Усерасейскую канфэрэнцыю РСДРП. Канфэрэнцыя праходзіла ў Празе з 5 па 17 студзеня 1912 г., пад непасрэдным кіраўніцтвам У. І. Леніна (Ульянава), дзе Варонскаму даручылі весьці пратаколы пасяджэньняў. Ён выступіў з прамоваю па арганізацыйнаму пытаньню партыйнай працы, ды таксама быў адным з аўтараў лістоў-зваротаў, якія растлумачвалі мэты ды задачы канфэрэнцыі да: ЦК сацыял-дэмакратаў Латыскага краю, ЦК Бунду, Галоўнаму праўленьню сацыял-дэмакратаў Польшчы і Літвы, сацыял-дэмакратычнай фракцыі III Дзяржаўнай думы, Каўкаскаму абласному камітэту, рэдакцыі газэты «Правда», групе «Уперад», Пляханаву ды М. Горкаму. Таксама Варонскі балятаваўся ў сябры ЦК, але яго абышоў, зь перавагаю ў адзін голас, таварыш Галяшчокін.

На трэці дзень пасьля заканчэньня канфэрэнцыі Варонскі вярнуўся ў Расею, дзе яго ўжо чакала паліцыя, папярэджаная праз таварыша Маліноўскага, які быў правакатарам. Спачатку Валянцін заехаў у Мелітопаль, да Сімы Песінай, сваёй нявесты, а ўжо потым, напрыканцы студзеня прыбыў у Адэсу, але яму там не далі магчымасьці выступіць. Тады ён паехаў у Мікалаеў, дзе выступіў на трох сходах, на якіх прысутнічала «чалавек 15—17». Потым ізноў вярнуўся ў Адэсу, дзе на гэты раз, 12—13 красавіка, здолеў выступіць перад бальшавікамі Адэсы, а 15 сакавіка 1912 г. перад сябрамі ініцыятыўнай групы РСДРП. 26 сакавіка 1912 г. Варонскі атрымаў па пошце 20 рублёў грошаў і ў той жа вечар выехаў у Саратаў.

30 сакавіка 1912 г. Варонскі, разам з двума філёрамі, ранішнім цягніком прыбыў у Саратаў і, празь дзень пасьля прыезду, 2 траўня 1912 г. наведаў М. Ульянаву, дзе ў ноч на 8 траўня 1912 г. яны былі арыштаваныя. У кастрычніку 1912 г. Валянцін быў высланы на тры гады адміністрацыйным парадкам ў горад Кем Архангельскай губэрні, дзе ў 1914 г., ад Сімы Салямонаўны Варонскай, якая падзяліла зь ім ссылку, у яго нарадзілася дачка Галіна.

Тэрмін ссылкі, у сувязі з 300-годзьдзем Дому Раманавых, для Варонскага быў скарочаны на адзін год, і ён зь сям’ёй 25 верасьня 1914 г. выехаў у Тамбоў. Не знайшоўшы там працы, Варонскі пераяжджае ў Запарожжа-Каменскае Кацярынаслаўскай губэрні.

У лістападзе 1915 г. Аляксандар Варонскі здолеў уладкавацца статыстыкам у бальнічнай касьсе[3] пры жалезапракатным і сталеліцейным заводзе ў г. Кацярынаславе (цяпер г. Дніпро, Украіна), а потым сакратаром гэтай жа кассы эстампажнага заводу.

Высілкамі Валянціна і іншых таварышаў Кацярынаслаўская арганізацыя РСДРП была адноўленая, што надта ж не спадабалася паліцыі. 26 красавіка 1916 г. пачаліся масавыя ператрусы, якія не абмінулі і Варонскага. Да таго ж на яго насунулася пагроза пакліканьня ў войска. Таму Варонскі, не без дапамогі сяброў, у красавіку 1916 г. пакідае Кацярынаслаў ды выяжджае, пад прозьвішчам Ізмайлаў, на службу ў Земскае задзіночаньне Заходняга фронту. Служыў разам з Сымонам Пятлюрам, бываў ў Нясьвіжы, Міры, Менску. Гэты свой вайсковы побыт апісаў ў аповесьці «Вока гурагуну».

«Пасьля лютаўскай рэвалюцыі быў старшынёй Койданаўск. (Мінск. губ.) Савету салдацкіх дэпутатаў»[4].

Калі ў Петраградзе склікалася Ўсерасейская нарада Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, Варонскага накіравалі туды ў якасьці паўнамоцнага прадстаўніка салдатаў Заходняга фронту.

4 красавіка 1917 г. у Петраградзе перад дэлегатамі нарады з прамоваю «Аб задачах пралетарыяту ў дадзенай рэвалюцыі» выступіў Уладзімер Ленін. Пасьля нарады прадстаўнік адэскіх бальшавікоў Ачканаў зьвярнуўся да Леніна і ЦК з просьбаю, каб даслалі ў Адэсу вопытных партыйцаў. Туды неадкладна, разам зь іншымі, быў накіраваны і Аляксандар Варонскі, які празь некалькі дзён ужо быў у Адэсе і ўвайшоў у прэзыдыюм Савету рабочых дэпутатаў.

З красавіка па верасень 1917 г. А. Варонскі служыць на Паўднёва-Заходнім фронце памочнікам сакратара Адэскага земсаюзу. 10 траўня 1917 г. распачаў працу І зьезд Румчараду (Румынскага фронту, Чарнаморскага флёту і Адэскай вобласьці), на якім прысутнічалі барон Урангель, адмірал Калчак і А. Керанскі, а ў якасьці ганаровых гасьцей прадстаўнікі дыпляматычных місіяў ЗША, Ангельшчыны, Францыі ды Бэльгіі. Таварыш Валянцін, лідэр невялічкай купкі бальшавікоў, таксама некалькі разоў уздымаўся на трыбуну, але посьпеху не меў. 18 мая 1917 г. Варонскі ініцыяваў сход бальшавікоў, якія падтрымалі ідэю аб утварэньні ўнутры адэскай арганізацыі РСДРП фракцыі бальшавікоў ды ўзначаліў яе. 6 чэрвеня 1917 г. выйшаў першы нумар газэты «Голас пралетара», у склад рэдкалегіі якой увайшоў таксама і Варонскі, а пасьля таго як бальшавікі 16 верасьня 1917 г. авалодалі газэтай «Известия» Адэскага савету, рэдагаваньне яе, разам зь іншымі, было даручана Варонскаму. Значны ўплыў ён аказаў і на рэдкалегію газэты «Солдатская мысль».

25 кастрычніка (7 лістапада) 1917 г. у Петраградзе адбыўся кастрычніцкі пераварот. У той жа дзень А. Варонскі на аб’яднаным паседжаньні Адэскага Савету палымяна выказаўся за падтрымку ўлады Саветаў. Румчарад на ранішнім паседжаньні «асудзіў выступленьне купкі петраградзкіх рабочых і бальшавікоў», але ў адпаведнасьці з указаньнем СНК Вярхоўны галоўнакамандуючы М. Крыленка і УРК пры стаўцы ў Магілёве 3 сьнежня 1917 г. абвясьцілі аб роспуску Румчараду і абраньні ягонага новага складу. Таварыш Валянцін прымаў непасрэдны ўдзел у распрацоўцы і зацьвярджэньні парадку дню ІІ зьезду Румчараду. 10 сьнежня 1917 г. ІІ зьезд пачаў сваю працу, і прызнаў уладу Саветаў. Варонскі ўвайшоў у склад прэзыдыюму зьезду і быў высунуты дэлегатам на І Усеўкраінскі зьезд Саветаў, які адбыўся 11-12 сьнежня 1917 г. у Харкаве і абвясьціў Украіну савецкай рэспублікай ды абраў ЦК Саветаў Украіны.

Пасьля вяртаньня з Харкава Варонскі, які быў абраны ў выканкам Румчараду, уключыўся ў правядзеньне ў жыцьцё рашэньняў ІІ зьезду Румчараду. Ён прымаў актыўны ўдзел у працы ІІІ Усерасейскага зьезду Саветаў, які праходзіў 10-18 студзеня 1918 г. у Петраградзе, пад час якога Ленін прызначыў Варонскага камісарам-арганізатарам па расейска-румынскім справам на «поўдні Расеі». Але справа не выправілася і Румынія анэксавала Бесарабію. Далей Варонскі ўдзельнічае ў правядзеньні эвакуацыі Адэсы, перад захопам яе германска-аўстрыяцкімі войскамі, а ў ноч з 13 на 14 сакавіка 1918 г., разам з часткамі 3-й Украінскай арміі Валянцін пакідае яе. Канцавымі пунктамі ўцёкаў зрабіліся Феадосія і Севастопаль. Варонскі падчас знаходжаньня ў Адэсе, напісаў больш за 150 артыкулаў, нарысаў, зацемак, фэльетонаў ды 2 апавяданьні ў размаітых адэскіх газэтах, якія падпісваў псэўданімамі: Нурмін, Нур-н, А. Нурмін, А. В., В.

Ад сакавіка 1918 г. знаходзіўся ў Саратаве, дзе ў той час выбухнуў эсэраўскі мяцеж. Неўзабаве запрасілі на працу ў Іванава-Вазьнясенск Шуйскага павету Ўладзімерскай губэрні, дзе старшынём губкаму і губвыканкаму быў М. Фрунзе. У чэрвені 1918 г. таварыш Валянцін пачаў загадваць газэтай мясцовых губэрнскага і гарадзкога Саветаў «Рабачы край», дзе неаднаразова друкаваўся таварыш Арсень.

Пасьля ад’езду на фронт М. Фрунзе Варонскі са студзеня па верасень 1919 г. ўзначальваў губэрнскую партыйную арганізацыю.

Под час страшэннай галадоўлі Варонскі з радасьцю, у пачатку 1920 г., згадзіўся на прапанову начальніка Галоўпалітпуці А. П. Разенгольца (ураджэнца г. Віцебска), які «жалезнай рукой» наводзіў парадкі на чыгунках, на час «адпачынку», заняць пасаду загадчыка Дарпалітам Данецкай чыгункі, сядзіба якога знаходзілася ў Харкаве, на хлебнай Украіне.

У красавіку 1920 г. Валянцін вярнуўся да месца сваёй былой працы. На старонках газэты «Рабочы край» А. Варонскім было апублікавана ня менш за 370 артыкулаў, рэцэнзіяў, зацемак, фэльетонаў ды іншых матэрыялаў, не ўлічваючы ананімных перадавых артыкулаў. У сьнежні 1920 г. М. Фрунзе, пад час VIII зьезду Саветаў, перадаў Валянціну дзёньнік жонкі Нестара Махно, які здабыў ва Ўкраіне і Валянцін скарыстаў яго ў адным са сваіх нарысаў.

Напачатку 1921 г. Варонскі быў пераведзены ў Маскву, а 3 лютага 1921 г. Н. Крупская падпісала загад аб прызначэньні яго загадчыкам рэдакцыйна-выдавецкім пададдзелам Галоўпалітпрасьветы. У сакавіку 1921 г. аргбюро ЦК РКП(б) зацьвердзіла яго сябрам калегіі агітацыйна-прапагандысцкага аддзела Дзяржвыдату. У верасьні 1921 г. ЦК партыі накіраваў Варонскага на працу ў газэту «Правда», дзе ён на працягу двух гадоў кіраваў літаратурным аддзелам. У 1921 г. па заданьні Леніна Варонскі арганізаваў першы савецкі літаратурна-мастацкі тоўсты часопіс «Красная новь», рэдактарам якога заставаўся да 1927 году ўключна. Адначасова ў студзені 1922 г. ён быў уведзены ў склад рэдкалегіі Дзяржвыдату, а з 1923 г. зьяўляўся таксама рэдактарам часопіса «Прожектор» ды ўзначальваў створанае па ягонай жа ініцыятыве выдавецтва «Круг». Гэтаксама Варонскі быў рэфэрэнтам У. І. Леніна па літаратуры «белай эміграцыі».

Неўзабаве «выступаючы па пытаньнях мастацкай літаратуры і яе кіраўніцтва, Варонскі заняў пазыцыю, якая разыходзілася па шэрагу пунктаў з партыйнай лініяў у галіне літаратуры». Прынамсі летам 1923 г. ён заявіў што «пралетарскага мастацтва зараз няма і не можа быць, пакуль перад намі стаіць задача засваеньня старой культуры і старога мастацтва». Супраць выказаліся Луначарскі ды Фрунзе, які быў прызначаны старшынём літаратурнай камісіі ЦК РКП(б), але гэтае не адбілася на іхніх сяброўскіх адносінах. Тады ж ва вульгарызатарскай крытыцы трывала ўкараніўся тэрмін «варонаўшчына». У кастрычніку 1923 г. Варонскі неабачліва, разам з таварышамі па рэдакцыі часопіса «Красная новь», падпісаў «Заяву 46-ці», з патрабаваньнем узнаўленьня ўнутрыпартыйнай дэмакратыі, падтрыманую ў асноўным прыхільнікамі Троцкага.

У траўні 1927 г. Варонскі, падпісаў «Заяву 57-мі», а 14 сьнежня 1927 г., непасрэдна перад самым XV зьездам партыі, вялікая група апазыцыянэраў, у тым ліку і Варонскі, накіравала ліст у ЦК і ЦКК УКП(б), у якім выказвала пратэст супраць выключэньня Троцкага і Зіноўева з партыі. Таму 12 сьнежня 1927 г. на апошнім паседжаньні XV зьезда УКП(б) было прынятае рашэньне аб выключэньні з партыі 75 чалавек, якія адразу «паступалі ў распараджэньне ДПУ». У 1927 годзе Варонскі быў пазбаўлены працы ў часопісе «Чырвоная новь», выключаны з шэрагаў УКП(б), зьявіўся абразьлівы тэрмін «вароншчына».

У студзені 1929 г. Аляксандар Варонскі быў арыштаваны ды высланы ў г. Ліпецк. Вярнуўся ён адтуль толькі напрыканцы 1929 г., калі «парваў з апазіцыяй» і быў накіраваны на працу ў Дзяржаўнае выдавецтва мастацкай літаратуры загадчыкам сэктару рускіх і замежных клясыкаў. У 1930 г. быў адноўлены ў партыі. Адным з самых прынцыповых і пасьлядоўных праціўнікаў Воронскага быў Аляксандар Фадзееў. [Фадеев А. Столбовая дорога пролетарской литературы. Ленинград. 1929. С. 26.] У той жа час, па прапанове Варонскага быў створаны гурток «30-я гады», «задачай якога была барацьба з партыяй у савецкай літаратуры». 21 кастрычніка 1933 г. пад час партыйнай чысткі ў ДВМЛ Варонскі прызнаў свае «апазыцыйныя грахі». Чыстку Варонскі прайшоў і застаўся працаваць ў ДВМЛ, але напачатку 1935 г . ён усё ж быў выключаны з партыі, за аказаньне матэрыяльнай падтрымкі ў 1931 годзе сям’і сасланага пісьменьніка Міронава, былога анархіста. 15 сакавіка 1935 г. рашэньне партячэйкі ДВМЛ было пацьверджанае Кастрычніцкім райкамам Масквы, а ў траўні зацьверджанае Маскоўскай абласной камісіяй Парткантролю. Выключэньне было таксама пацьверджанае КПК пры ЦК УКП(б) ў сакавіку 1936 г. 25 сьнежня 1935 г. на імя Наркама ўнутраных справаў паступіла «спэцпаведамленьне» аб раскрыцьці «контррэвалюцыйнай групы пісьменьнікаў».

13 лютага 1937 г. А. Варонскі быў арыштаваны па абвінавачваньню ў арганізацыі антысавецкай, трацкісцкай тэрарыстычнай групы, «якая рыхтавала тэракты супраць кіраўнікоў УКП(б) і савецкай дзяржавы». 6 жніўня 1937 г. была арыштавана Сіма Салямонаўна Варонская і атрымала 8 гадоў лягераў. 13 жніўня 1937 г. А. Варонскі быў асуджаны па артыкулам 58-8 і 58-11 КК РСФСР да расстрэлу. Прысуд быў прыведзены ў выкананьне ў той жа дзень і Аляксандра Варонскага засыпалі ў растральных ямах палігона Бутава пад Масквой. Аляксандар Канстанцінавіч зрабіўся ахвярай сыстэмы, створанай зь яго, Варонскага, удзелам. Сіма Салямонаўна, як невылечная хворая, празь некалькі гадоў была вызваленая і памерла 9 жніўня 1943 г. у Ташкенце. 7 лютага 1957 г. Аляксандар Канстанцінавіч Варонскі быў пасьмяротна рэабілітаваны, разам са сваёй жонкай Сімай Салямонаўнай. А ў ліпні 1957 г. быў пасьмяротна адноўлены ў непатрэбнай ужо партыі «са стажам з 1904 года».

Ягоная дачка Галіна Аляксандраўна Варонская атрымала 5 гадоў лягераў. Былая калымская лягерніца Аўгіньня Гінзбург ў сваіх бэлетрызаваных успамінах. На пасяленьне Галіна Варонская выйшла ў 1944 годзе. У 1947 г. Галіне Аляксандраўне, на яе запыт, адпаведныя органы афіцыйна паведамілі ў п. Стан Уціны Магаданскай вобласьці, дзе на той час яна жыла на паселішчы, што яе бацька Варонскі Аляксандар Канстанцінавіч памёр 13 кастрычніка 1943 г., ад «упадку сардэчнай дзейнасьці». Таму гэтая дата сьмерці Аляксандра Канстанцінавіча Варонскага ўвайшла ва ўсялякія даведнікі і энцыкляпэдыі, у тым ліку і ў кнігу: Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Дзяржынскага раёна. Мінск. 2004. С. 262. У 1949 г. Галіну Варонскую ізноў арыштавалі і прысудзілі да бестэрміновай катаргі. Толькі ў 1959 г. ёй дазволілі прыехаць у Маскву.

Творы Аляксандра Варонскага пачалі ізноў зьмяшчацца ў друку толькі пасьля хрушчоўскай адлігі, найперш, намаганьнямі ягонай дачкі Галіны Аляксандраўны Варонскай і ейнага мужа Івана Сьцяпанавіча Ісаева. Дарэчы пад псэўданімам Нурміна яе кніга «На далёкай капальні» выйшла ў 1992 г. у Магадане. 3 сьнежня 1991 г. Галіна Аляксандроўна Варонская памерла.

У 1928 годзе часопіс «Новы сьвет» пачаў друкаваць бэлетрызаваныя ўспаміны Аляксандра Варонскага пад назвай «За жывой і мёртвай вадою» з прысьвячэньнем: «Галіне, дачцэ Валянціна». У гэтай аповесьці ён апісаў сваё дзяцінства, навучаньне ў бурсе, ссылку ды рэвалюцыйную працу. Спроба атрымалася ўдалай. М Горкі напісаў яму: «А што Вы аповесьці і апавяданьні пачалі пісаць, дык гэта вельмі пахвальна. Калі меркаваць па „Жывой і мёртвай вадзе“ пісьменьнік Вы добры, г. зн. — здольнасьцю апісаньня словамі багі адарылі Вас завельмі шчодра. Не камплімэнт». Праўда, ягоная жонка, Сіма Салямонаўна, запатрабавала выкінуць сёе-тое пра яе, бо «інакш яна сыдзе з дому назаўсёды» і ён падпарадкаваўся.

Затым была аповесьць «Вока ўрагану», пра шчымлівае каханьне двух маладых людзей, у якой Варонскі апісаў сваё знаходжаньне, пад чужым прозьвішчам — Ізмайлаў, на Ўсходнім фронце Першай сусьветнай вайны. Дзеі аповесьці адбываюцца ў асноўным у Койданаве і навакольлях: Стоўпцах, Замір’і (сучасная Гарадзея), Нясьвіжы ды Менску. Першапачаткова аповесьць, у скарочаным варыянце, пабачыла сьвет на старонках часопіса «Звязда» [№№ 1—3. Москва-Ленинград. 1931.], а затым асобнай кнігай пашыраным варыянтам у маскоўскім выдавецтве «Недры» ў 1931 г. ды «Савецкая літаратура» (Апавяданьні і аповесьці) у 1933 годзе.

Твор адразу ж быў заўважаны крытыкамі, якія выказаліся адмоўна[5][6][7][8][9]. А пасьля таго як аповесьць «Вока ўрагану» пабачыла сьвет у 1990 годзе ў Варонежы[10], адносіны крытыкаў да яе ўжо былі іншымі.

Па ўспамінах дачкі пісьменьніка Галіны Аляксандраўны Варонскай, Аляксандар Канстанцінавіч амаль скончыў пісаць чацьвертую частку кнігі «За жывой і мёртвай вадой» пад назвай «Сшыткі асаблівага прызначэньня», дзе апісваў таксама і больш падрабязна падзеі на Заходнім фронце, але яна была сканфіскаваная НКУС і зьнікла.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б ВОРОНСКИЙ Александр Константинович // Русская литература XX века. Прозаики, поэты, драматурги (рас.) / под ред. Н. Н. Скатов — 2005. — С. 432—434. — ISBN 5-94848-245-6
  2. ^ Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr (фр.): плятформа адкрытых зьвестак — 2011.
  3. ^ Касса — склад на грошы. Пішацца з двума сс дзеля адрожненьня ад касы. /В. Ластоўскі. Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік. Коўна. 1924. С. 251.
  4. ^ Деятели революционного движения в России. Биобиблиографический словарь. Т. 5. Социал-демократы. 1880—1904 гг. Вып. 2. Москва. 1933. Ст. 1030.
  5. ^ Оружейников Н. Воронский А. Глаз урагана. // Литературная газета. № 9. Москва. 1931
  6. ^ Зубковский И. Воронский А. Глаз урагана. // ЛОКАФ. № 11. Москва. 1931. С. 147—149
  7. ^ Воронский А. Глаз урагана. // Книга — строителям социализма. № 23. Москва. 1931. С. 88-89
  8. ^ Раиса Мессер. «Самосечение теоретика». // Звезда. № 11-12. Москва-Ленинград. 1931. С. 156—160
  9. ^ Амстердам А. Воронщина в действии. // Залп. № 1. Ленинград. 1932. С. 48-49
  10. ^ Глаз урагана. Повести. (Составление, подготовка текста и примечание Г. А. Воронской). Воронеж. 1990 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Варонскі А. Вока ўрагану. Аповесць. Койданава. 2008. 69 с.