Аляксандар Мяленцьевіч Волкаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Аляксандар Волкаў.

Алякса́ндар Мяле́нцьевіч Во́лкаў (па-расейску: Александр Мелентьевич Волков; 14 чэрвеня 1891 — 3 ліпеня 1977) — расейскі пісьменьнік, драматурґ, перакладчык і матэматык.

Біяґрафія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аляксандар Волкаў нарадзіўся ў горадзе Усьць-Каменагорск (Расейская Імпэрыя, сёньня горад у Казахстане), у сям’і ваеннага фэльдфэбэля Мяленція Волкава. Чытаць навучыўся ва ўзросьце трох гадоў, а ў шэсьць адразу пайшоў у 2 кляс. Вучыўся толькі на выдатна, пераходзячы з клясу ў кляс з узнагародамі. У 1910 годзе скончыў Томскі Настаўніцкі Інстытут з правам выкладаньня ў гарадзкіх і вышэйшых пачатковых вучэльнях. Працаваў настаўнікам ў горадзе Калывань, потым выкладаў у сваім інстытуце ва Ўсьць-Каменагорску. Самастойна вывучыў нямецкую і францускую мовы.

У 1917 годзе ў газэце «Сибирский Свет» былі апублікаваныя ягоныя першыя вершы. У 19171918 гадох уваходзіў у склад усьць-каменагорскага савету дэпутатаў, удзельнічаў у газэце «Друг народа». Потым зноў выкладаў ў пэдаґаґічным тэхнікуме, пісаў п’есы для дзіцячага тэатру.

У 1920-я гады працуе дырэктарам школы ў Яраслаўлі. У той жа час экстэрнам здае экзамэны на фізыка-матэматычны факультэт пэдаґаґічнага інстытута. У 1929 годзе пераехаў у Маскву, працаваў загадчыкам вучэбнай часткі рабочага факультэту. Ва ўзросьце сарака год, ужо маючы дваіх дзяцей, паступае ў Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, дзе за сем месяцаў праходзіць увесь пяцігадовы курс матэматычнага факультэту. У наступныя дваццаць год Волкаў выкладаў вышэйшую матэматыку ў Маскоўскім інстытуце каляровых мэталаў і золата, вёў факультатыў па літаратуры, і працягваў вывучаць замежныя мовы.

Менавіта тады яму ў рукі патрапіла кніга «Цудоўны Чараўнік краіны Оз» Лаймэна Фрэнка Баўма, якую Волкаў зьбіраўся выкарыстоўваць як матэрыял для практыкаваньняў у ангельскай мове. Пасьля прачытаньня, ён распавёў гісторыю сваім дзецям, і вырашыў перакласьці яе на расейскую мову. Аднак, пераклад выйшаў даволі вольным. Волкаў назваў рукапіс «Чараўнік Ізумруднага гораду», з падзагалоўкам «Перапрацоўкі казкі амэрыканскага пісьменьніка Фрэнка Баўма». Тэкст быў дасланы Самуілу Маршаку, і ў 1939 годзе зь ягонага адабрэньня апублікаваны. Пазьней, ужо ў 1960-х і 1970-х гадох былі напісаныя працягі, вядомыя і папулярныя сярод усіх дзяцей былога СССР. Дзіцячыя кнігі Волкава былі перакладзеныя на многія мовы сьвету.

Аляксандар Волкаў памёр у Маскве ў 1977 годзе. Пахаваны ў Маскве на Кунцаўскіх могілках.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найбольшую вядомасьць Волкаву прынесла менавіта сэрыя дзіцячых кнігаў пра Чароўную Краіну. Першая кніга, «Чараўнік Смарагдавага гораду», грунтавалася на творы «Цудоўны Чараўнік краіны Оз» Лаймэна Фрэнка Баўма. Волкаў выдаліў некаторыя разьдзелы, напісаў новыя, дадаў шмат уласных элемэнтаў, а таксама зьмяніў імёны герояў.

Бліжэй да 1960-x гадоў кніга займела вялікі посьпех у Савецкім Саюзе, і Волкаў напісаў некалькі уласных працягаў, першым зь якіх стала кніга «Урфін Джус і ягоныя драўляныя жаўнеры» (1963), а апошнім — «Тайна закінутага замка», апублікаваная ў 1982 годзе ўжо пасьля сьмерці аўтара. Як і першая кніга, працягі займелі вялікую папулярнасьць сярод дзяцей. Кнігі Волкава былі перакладзеная на шэраг моваў. На тэрыторыі былой Ўсходняй Нямеччыны і іншых краінах былога савецкага блёку, а таксама ў Кітаі, яны вядомыя болей за кнігі Баўма.

Папулярнасьць гэтай сэрыі прывяла да таго, што іншыя расейскія аўтары, напрыклад, Юрый Кузьняцоў і першапачатковы ілюстратар Волкава Леанід Уладзімірскі, таксама апублікавалі свае працягі да яго дзіцячых кнігаў.

Іншыя творы аўтара ўключалі гістарычныя і навукова-папулярныя раманы і аповесьці, дзіцячыя фантастычныя аповесьці, і навуковую фантастыку. Акрамя мастацкай літаратуры, Аляксандар Волкаў пісаў і перакладаў навукова-папулярныя кнігі па ґеаґрафіі, астраноміі, гісторыі навукі, рыбнай лоўлі.

Бібліяґрафія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Казачныя аповесьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аповесьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «Вандроўнікі ў трэцяе тысячагодзьдзе» (1960)
  • «Прыгоды двух сяброў у краіне мінулага» (1963)
  • «Царградзкая палоньніца» (1969)

Раманы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «Цудоўны шар» (1940)
  • «Два браты» (1950)
  • «Дойліды» (1954)
  • «Бадзяньні» (1963)

Навукова-папулярныя кнігі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «Як лавіць рыбу вудачкай. Занатоўкі рыбалова» (1953)
  • «Зямля і неба. Займальныя апавяданьні па ґеаґрафіі і астраноміі» (1957)
  • «Сьлед за кармой» (1960)
  • «У пошуках праўды» (апублікаваная ў 1980)

Пераклады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Жуль Вэрн. «Дунайскі лоцман»
  • Жуль Вэрн. «Незвычайныя прыгоды экспэдыцыі Барсака»

Экранізацыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1974 годзе ў СССР па кнізе «Чараўнік Ізумруднага гораду» быў створаны лялечны мультфільм, а ў 1994 годзе Павел Арсёнаў зьняў дзіцячы фільм.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]