Ана-Люсія Картэс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ана-Люсія Картэс
Ana Lucía Cortez

Мішэль Радрыгэс, якая выконвала ролю Аны-Люсіі
Першае зьяўленьне на экране Зыход — Частка 1
Цэнтральныя
эпізоды
Сутыкненьне
Двое на дарозе
Апошняе зьяўленьне на экране Дзеля чаго яны памерлі
Сэзоны 2, 3, 5, 6
Інфармацыя
Узрост 29
Паходжаньне Лос-Анджэлес, ЗША
Прафэсія былая афіцэр паліцыі, афіцэр службы аховы аэрапорту
Актор Мішэль Радрыгэс

А́на-Люсі́я Картэ́с (па-ангельску: Ana Lucía Cortez) — выдуманы пэрсанаж амэрыканскага тэлесэрыялу «Згубленыя». Адна з выжылых людзей з хваста самалёту рэйсу 815. На працягу другога сэзону зьяўлялася адной з галоўных гераіняў. Былая афіцэрка паліцыі. На Высьпе робіцца лідэрам другой групоўкі выжылых пасажыраў. Пражыла 64 дні, застрэлена іншым пасажырам, Майклам Доўсанам.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да авіякатастрофы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да авіякатастрофы Ана-Люсія была афіцэрам паліцыі Лос-Анджэлесу. Яна была цяжарнаю, але ў адно зь дзяжурстваў злачынец параніў яе, з-за чаго яна страціла дзіця. Праз чатыры месяцы лячэньня Ана-Люсія адмовілася апазнаць затрыманага Джэйсана Макормака, а пасьля яго застрэліла.

Пасьля звальняецца з паліцыі, пасварыўшыся з маці, якая была начальнікам паліцыі, і пачынае працаваць афіцэрам бясьпекі ў аэрапорце Лос-Анджэлесу. Тамака сустракае Крыстыяна Шэпарда, які просіць яе суправаджаць яго ў паездцы ў Аўстралію ў якасьці целаахоўніцы. У Аўстраліі яна пакідае Крыстыяна і купляе квіток на рэйс Oceanic 815, каб вярнуцца дахаты і памірыцца з маці.

У аэрапорце Сыднэю Ана-Люсія сустрэла Джэка (сына Крысьціяна, але пра гэта яна ня ведае). Яны завязваюць размову, якую дамаўляюцца працягнуць у самалёце. Але самалёт развальваецца ў паветры, і яны апынаюцца на розных частках выспы.

На высьпе[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля катастрофы Ана-Люсія трапляе ў акіян і, даплыўшы да берага, спрабуе выратаваць пасажыраў. Уночы частку пасажыраў выкрадаюць Іншыя, жыхары Выспы, празь некалькі начэй выкрадаюць яшчэ 9 чалавек. Пад час другога нападу Ана-Люсія забівае аднага з нападаючых, у якога яна знаходзіць сьпіс з прозьвішчамі пасажыраў. Яна адводзіць аднаго з пасажыраў, Натана, у лес, і кідае ў яму, каб дабіцца прызнаньня ў здрадзе. Калі аднае ночы Натан зьнікае, выжылыя паглыбляюцца ў джунглі, шукаючы яго, і знаходзяць бункер станцыі «Страла». Яны застаюцца ў ім. Праз пэўны час Ана-Люсія разам з Гудвінам адыходзіць ад лягэру і кажа, што той сапраўдны здрайца. Пасьля непрацяглай бойкі яна пратыкае Гудвіна зламанай галінай, і той памірае. Вярнуўшыся да лягэру, Ана-Люсія кажа застаўшымся, што цяпер яны ў бясьпецы.

Неўзабаве Лібі і Сындзі прыводзяць да яе Джына, якога вынесла хвалямі на бераг пасьля выбуху на плыту. Ён спрабуе зьбегчы, але Ана-Люсія перасьледуе яго і трапляе на Майкла і Соера, якія толькі што прыплылі да берагу[1]. Іх таксама бяруць у палон і кідаюць у яму. Пасьля Ана-Люсія ўдае, што яе таксама паймалі, і сядае ў яму[2]. Як толькі яна разумее, што тыя таксама ляцелі рэйсам Oceanic 815, яна вызваляе іх[3]. З-за раны Соера ўсёй групе даводзіцца ісьці праз джунглі да лягеру першай групы. Нечакана зьнікае Сындзі. Усе лічаць, што яе скралі Іншыя. Памылкова палічыўшы Шэнан за ворага, Ана-Люсія забівае яе[4]. Яна моцна пакутуе праз гэта і, скруціўшы Саіда, адмаўляецца весьці далей сваю групу. Лібі ўгаворвае Ану-Люсію адпусьціць усіх у лягэр, але Саід застаецца зьвязаны. Праз пэўны час Ана-Люсія адпускае і яго ды сама прыходзіць на пляж[5].

Празь нейкі час яе запрашаюць у знойдзены бункер, дзе трымаюць чалавека, які сьцьвярджае, што ён — Гэнры Гейл. Ана-Люсія дапытвае яго і атрымлівае мапу, дзе пазначана месцазанаходжаньне паветранага шару, на якім Гэнры быццам бы трапіў на Выспу[6]. Разам з Саідам і Чарлі яна знаходзіць шар, а побач і парэшткі сапраўднага Гэнры Гейла[7]. Ана-Люсія ізноў спрабуе пагутарыць з палонным, але той нападае на яе і ледзь не забівае. Каб адпомсьціць, яна крадзе пісталет, вяртаецца да люку і хоча застрэліць «Гэнры», але ня можа гэтага зрабіць. Майкл, які хоча вярнуць сына і сплыць з Выспы, бярэцца дапамагчы Ане-Люсіі забіць палоннага. Але, атрымаўшы пісталет, страляе ў яе і забівае, а пасьля страляе ў Лібі, якая таксама неўзабаве памірае[8].

Пасьля сьмерці Ана-Люсія зьяўляецца ў сэрыяле некалькі разоў: у сьне містэра Эка ў сэрыі «?» яна просіць дапамагчы Джону, і ў мроях Хёрлі ў сэрыі «Хлусьня», даючы парады адносна Саіда. У іншай рэчаіснасьці за хабар у 125 тысячаў даляраў дапамагае зьбегчы Дэсманду, Кейт і Саіду з паліцэйскай машыны пад час перавозу іх у вязьніцу[9].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]