Быліна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Былі́на — адзін з эпічных жанраў даўняй народнай паэзіі. Узьніклі быліны ў Старажытнай Русі, шырока бытавалі на працягу XI—XVI стст., але запісвацца пачалі толькі з XVII ст. У былінах, якія выконваліся рэчытатывам, услаўляліся народныя героі — асілкі-волаты, абаронцы рускай зямлі ад нашэсьця ворагаў, увасабляліся ідэі патрыятызму і дэмакратызму. Для быліны характэрныя своеасаблівыя моўна-выяўленчыя сродкі (частае выкарыстаньне пастаянных эпітэтаў, паўтораў), кампазыцыя (наяўнасьць зачыну, апавядальнай часткі і канцоўкі), рытміка (г. зв. былінны верш) і інш. Існуе цэлы шэраг жанравых разнавіднасьцей былінаў: гераічныя, казачныя, сацыяльна-бытавыя, сатырычныя і інш. Быліны ствараліся, бытавалі калісьці і на тэрыторыі Беларусі, аднак як жанр у выніку пэўных гістарычных прычынаў зьніклі тут вельмі рана. Сьляды быліннага эпасу захаваліся толькі ў казках на былінныя сюжэты, песьнях быліннага складу, асобных фрагмэнтах беларускіх былінаў. Спроба адрадзіць гэты жанр у ХХ стагодзьдзі (напрыклад, у творчасьці расейскага паэта І. Сяльвінскага) посьпеху ня мела.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]