Бітва пад Кірхгольмам

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бітва пад Кірхгольмам
Карціна Пітэра Снаерса «Бітва пад Кірхгольмам» (1630)
Дата: 27 верасьня 1605
Месца: ваколіцы Кірхгольму, за 25 км ад Рыгі
Прычына: аблога Рыгі швэдзкім войскам
Вынік: перамога войска Рэчы Паспалітае
Супернікі
Рэч Паспалітая
Курляндыя і Сэмігалія
Швэцыя
Камандуючыя
Ян Караль Хадкевіч,
гетман вялікі літоўскі
Карл IX,
кароль Швэцыі
Колькасьць
1000 пяхоты
2600 кавалерыі
5 гарматаў
каля 2500 кавалерыі
каля 8868 пяхоты
11 гарматаў
Страты
100 забітыя
200 параненыя
5000 забітыя/параненыя, 500 паланёныя

Бі́тва пад Кірхго́льмам 27 верасьня [ст. ст. 17 верасьня] 1605 року — адна з найбуйнейшых бітваў вайны Рэчы Паспалітай са Швэцыяй 1600—1611 гадоў, якая скончылася вырашальнай перамогай літоўска-польскіх сілаў. Уваходзіць у лік вядомых поўных перамогаў, вядомых перамогаў меншымі сіламі, у лік значных перамогаў войска Вялікага Княства Літоўскага, дзе вырашальную ролю адыграла гусарства.

Перадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галоўнай падставай для бітвы была швэдзкая аблога Рыгі, прадпрынятая 23 верасьня 1605 року. Яе захоп дазволіў бы швэдам амаль бесьперашкодна заняць Інфлянты цалкам.

Марш на Рыгу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ян Караль Хадкевіч у бітве пад Кірхгольмам

Гетман Ян Караль Хадкевіч сабраў войскі Рэчы Паспалітай у табары пад Дорптам (цяпер — Тарту) і ранкам 25 верасьня вывеў іх фарсіраваным маршам на Рыгу. Двухдзённы 80-кілямэтровы марш скончыўся ўвечары 26 верасьня непадалёк ад Кірхгольма і быў сам па сабе беспрэцэдэнтным для войска, у складзе якога былі пяхота, артылерыя, вымушаная перасоўвацца па цяжкапраходных лясных дарогах.

Швэдзкі кароль, даведаўшыся 26 верасьня пра падыход войска РП, адзінаасобна, не зважаючы на меркаваньні швэдзкіх военачальнікаў, уночы на 27 верасьня вывеў амаль усе свае войскі насустрач Хадкевічу, пакінуўшы пад Рыгай толькі невялікія сілы для падтрыманьня аблогі. Адзначалася, што моцны начны лівень выматаў швэдзкую армію на шпацыры.

Сілы бакоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гетман Хадкевіч меў каля чатырох з паловай тысячаў чалавек: 2500—2900 крылатых гусараў і 1000—1300 пяхоты. У іх лік уваходзілі ў асноўным войскі Вялікага Княства Літоўскага, каля 200 чалавек складалі польскія дабраахвотнікі або блізкія Хадкевічавы хаўрусьнікі. Разам зь лятучымі гусарамі ў вырашальнай атацы таксама прымалі ўдзел казакі, у асноўным выкарыстоўваныя для выведкі і манэўраў, і авангард з татарскіх вершнікаў. Амаль перад бітвай падыйшлі курляндзкія падмацаваньні — 300 райтараў. Мелася 7 гарматаў.

Сілы Карла IX лічбава пераўзыходзілі аб’яднанае войска і ацэньваюцца прыкладна ў 11 000 жаўнераў. Таксама існуюць ацэнкі колькасьці швэдзкага войска, роўныя ці амаль роўныя колькасьці ўсяго швэдзкага войска пад Рыгай (12—14 тыс.)[a]. У гістарыяграфіі замацаваны розныя меркаваньні пра суадносіны швэдзкай пяхоты і кавалерыі: 7,8 тыс. і 2,2 тыс., 6 тыс. і 5 тыс., 11 тыс. і 3 тыс.

Вядома, што на полі бітвы швэдзкае войска арганізацыйна складалася з 13 батальёнаў (рэгімэнтаў) пяхоты і 11 эскадронаў кавалерыі, з 11 гарматамі. Пяхота была як наёмнай (немцы, галяндцы, шатляндцы), арганізаванай на 2/3 з мушкетэраў і на 1/3 з пікінэраў, так і швэдзкай, у якой пікінэраў было значна меней. Кавалерыя складалася з райтарыі.

Наконадні бітвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раніцай 27 верасьня 1605 літоўска-польскія і швэдзкія войскі сустрэліся ля мястэчка Кірхгольм (цяпер Саласьпілс у Латвіі, за 25 км на паўднёвы ўсход ад Рыгі). Абодва войскі занялі зручныя для абароны пазыцыі. Швэды стаялі фронтам шырынёй да 800 м на ўзгорку за ручаём, з апорай левага крыла на балоцістую мясцовасьць, а правага — на ўзгорак і вёску Кірхгольм. Іх сілы былі пастаўленыя ў 4 лініі, лініі пяхоты і кавалерыі па чарзе. Перад першай лініяй была выстаўлена артылерыя.

Войска РП стаяла на процілеглым узгорку, абапіраючыся левым крылом на ўмацаваны табар над Дзьвіной. Хадкевіч так паставіў свае войскі, каб схавана ад праціўніка забясьпечыць значную колькасную перавагу, асабліва ў гусарыі, на сваім левым крыле. Апроч таго, Хадкевіч загадаў сваім атрадам стаяць як мага шчыльней, каб здавалася, што іх яшчэ меней, чым было. 5 гарматаў былі пастаўленыя зь пяхотай у першай лініі, рэшта артылерыі была пакінутая ў табары.

Хада бітвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бітва пад Кірхгольмам

Бітва пачалася з атакі літоўска-польскай кавалерыі пад камандаваньнем Дубровы на швэдзкі левы флянг. Намагаючыся выцягнуць швэдаў зь іхняе абароннае пазыцыі, Хадкевіч загадаў вершнікам уцякаць з поля так, каб гэта выглядала як агульнае адступленьне ўсяго войска.

Карл IX няправільна ацаніў сытуацыю і загадаў першым дзьвюм лініям (7 батальёнаў пяхоты Ленартсана, 6 эскадронаў райтарыі Бранта (зьлева) і Мансфэльда (справа)) наступаць на пазыцыі сілаў РП. Гэта адпавядала пляну Хадкевіча, бо швэдзкае войска разьдзялілася на дзьве аддаленыя часткі, і войскі РП атрымалі магчымасьць змагацца толькі з паловай швэдаў за раз.

Перайшоўшы ручай, швэды пачалі падымацца на ўзгорак і былі сустрэтыя стралковым і артылерыйскім агнём. Мушкетэры швэдаў пасьпелі зрабіць толькі адзін залп, пасьля чаго гусарскія харугвы Вінцэнта Войны (300 гусараў) і курляндзкія Кетлера (300 райтараў) ўварваліся ў цэнтраў баявых пастраеньняў швэдзкай пяхоты, скаваўшы асноўныя сілы.

Зьлева яе абышла ўдарная групоўка (гуф) Дубровы (900 гусараў) і ў сустрэчным баі адкінула райтарыю Мансфэльда за тыл швэдзкай пяхоты. Скіраваўшы ў пагоню за разьбітымі райтарамі лёгкія харугвы, Дуброва павярнуў свой гуф на пяхоту.

Януары Сухадольскі(be). Пасьля бітвы пад Кірхгольмам

Амаль адначасова на правым крыле гуф Яна Пятра Сапегі (700 гусараў) здолеў разьбіць і пагнаць колькасна мацнейшую райтарыю Бранта (1200 райтараў). Тым часам гуфы Войны і Кетлера вязалі боем швэдзкую пяхоту.

Такім чынам, швэды трапілі ў цяжкае становішча: палова іх кавалерыі была разьбітая, а палова пяхоты трапіла ў акружэньне з трох бакоў. Тады Карл IX скіраваў супраць гуфа Сапегі рэшту сваёй кавалерыі з 4-й лініі, а адагнаная райтарыя Бранта здолела затрымацца, упарадкавацца і ўдарыла на гуф Сапегі з фланга.

Хадкевіч, бачачы, што Карл IX болей ня мае рэзэрваў, скіраваў гуф Ляцкага (200 гусараў) шырокім абыходным рухам, каб ударыць з флангу па райтарыі, якая білася з гуфам Сапегі. Атака ўдалася, райтарыя была разьбітая і хутка пачала ўцякаць.

Пасьля гэтага гусарыя Сапегі і Ляцкага атакавала левы флянг 1-й лініі швэдзкай пяхоты, якая ўсё яшчэ абаранялася, і разьбіла швэдзкія баявыя парадкі, прымусіўшы ўцякаць і пяхоту.

На гэтым лёс бітвы быў вырашаны. Швэды кінуліся ў агульныя ўцёкі, за імі гналіся і секлі на працягу 9 км. Страты швэдаў дасягалі 9 тысячаў чалавек. Сам Карл IX з рэшткамі войска ледзьве здолеў уцячы на караблі і адплысьці ў Швэцыю. Войска РП ўзяло 60 сьцягоў і 11 гарматаў.

Наступствы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэмарыяльны камень на месцы Кірхгольмскай бітвы

Пасьля паразы швэдзкі кароль быў вымушаны зьняць аблогу Рыгі і адмовіцца ад кантролю над паўночнай Латвіяй і Эстоніяй. Тым ня меней, Рэч Паспалітая аказалася ня ў стане скарыстацца перамогай напоўніцу, бо не ставала грошай на войскі, якія не атрымоўвалі аплату некалькі месяцаў.

Хадкевіч быў адкліканы дзеля змаганьня ўнутры краіны, чым скарысталіся швэды, да 1608 року здабыўшы шэраг цьвердзяў, якія потым давялося адваёўваць наноў. У рэшце рэшт у 1611 року было заключанае замірэньне, аднак у 1617 вайна разгарэлася наноў.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Напрыклад, такая лічба пададзена ў справаздачы самога Яна Хадкевіча каралю, пісанай 30 верасьня з-пад Рыгі.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • J. Cichowski, A. Szulczynski. Husaria. — Warszawa: WMON, 1977. — 267 с.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]