Вадзяны млын

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вадзяны млын XIX стагодзьдзя ў Талачынскім раёне

Вадзяны́ млы́н, або вадзя́к[1] — збудаваньне для абмалоту зерня, мэханізмы якога прыводзяцца ў рух сілаю вады.

Вадзяныя млыны зьявіліся на Беларусі ў ХІІ—ХІІІ стст. першапачаткова пры гаспадарках князёў і заможных манастыроў. Іх распаўсюджаньне магло адбыцца пад уплывам заходніх суседзяў, прыкладам ў палякаў вадзяныя млыны вядомыя з ХІІ ст. Асобны артыкул прысьвечаны ўрэгуляваньню пытаньня будаўніцтва вадзяных млыноў маецца ў статуце 1529 году. На тэрыторыі Беларусі вадзяныя млыны шырока бытавалі да пачатку ХХ ст., прыкладам у адным Крычаўскім графстве ў 1786 годзе налічвалася 33 вадзяныя млыны.

Месцам усталяваньня млыноў звычайна былі берагі рэчулак, рэкак або праточных азёраў. Для павялічэньня вытворчасьці млына перад імі маглі стварацца штучныя ставы. Млыны на невялікіх ставах мелі адпаведныя памеры і будаваліся звычайна з дрэва, у той час як на вялікіх ставах маглі будавацца мураваныя двухпавярховыя млыны.

Тыпы вадзяных млыноў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вадзяны млын ля Спаса-Эўфрасіньнеўскага манастыра ў Полацку, 1911—1912

Асноўнымі тыпамі вадзяных млыноў былі:

  • Колавыя — найбольш распаўсюджаны тып вадзяных млыноў, асноўнай часткай якога было вэртыкальнае кола дыямэтрам да 4 мэтраў, якое насаджвалася на гарызантальны вал і прыводзілася ў рух сілаю падаючай зьверху вады. Радзей сустракаюцца колавыя млыны ніжняга бою. Гарызантальная вось млынавага кола перадавала рух празь меншае па памерах кола з кулакамі, якое рухала гарызантальную шасьцярню, якая непасрэдна круціла верхні камень жорнаў.
  • Турбінныя — былі распаўсюджаныя ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стст. Турбіна магла мець дыямэтр ад 1 да 4 мэтраў і значна павышала магутнасьць мэханізму ў параўнаньні з колам.
  • Наплаўныя — мелі распаўсюджаньне на поўдні Беларусі. У адрозьненьне ад колавых млыноў іх колы прыводзіліся ў рух плыньню ракі. Асноваю для падобных млыноў служылі паромы ці баржы, на якіх мацавалася гарызантальная вось зь некалькімі коламі.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Народная сельскагаспадарчая тэхніка беларусаў. Мінск, 1974.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]