Вылічальная матэматыка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Выліча́льная матэма́тыка — разьдзел матэматыкі, які ўключае ў сябе кола пытаньняў, зьвязаных з выкананьнем вылічэньняў і выкарыстаньнем кампутараў. У больш вузкім разуменьні вылічальная матэматыка — тэорыя лічбавых мэтадаў разьвязваньня тыповых матэматычных задачаў. Сучасная вылічальная матэматыка ўключае ў кола сваіх праблемаў вывучэньне асаблівасьцяў вылічэньня з выкарыстаньнем кампутараў.

Вылічальная матэматыка мае шырокае кола прыкладнога выкарыстаньня для правядзеньня навуковых і інжынэрных разьлікаў. На ейнай аснове ў апошнія дзесяцігодзьдзі разьвіліся новыя вобласьці навук, як то вылічальная хімія, вылічальная біялёгія.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вылічальная матэматыка ўзьнікла вельмі даўно, яшчэ ў старажытным Міжрэччы, дзе былі распрацаваны мэтады здабычы квадратнага кораня. У эпоху навуковай рэвалюцыі вылічальная матэматыка хутка разьвівалася, зыходзячы з практычных патрэбаў, паралельна з матэматычным аналізам. У прыватнасьці, набліжаныя вылічэньні шырока выкарыстоўваліся ў нябеснай мэханіцы для прадказаньня руху нябесных целаў, што прывяло да вынаходзтва геліяцэнтрычнай сыстэмы, законаў Кеплера, законаў Ньютана. XVII і XVIII стагодзьдзі сталі сьведкамі распрацоўкі значнай колькасьці лікавых мэтадаў і альгарытмаў.

Выкананьне вялікай колькасьці інжынэрных вылічэньняў у XIX і XX стагодзьдзях запатрабавала стварэньня адпаведных сродкаў. Адным з такіх сродкаў стала лягарытмічная лінейка, іншым — табліцы функцыі. Табліцы трансцэндэнтных фукнцыяў друкаваліся зь вялікай дакладнасьцю — да 16 знакаў пасьля коскі, і значна дапамагалі праводзіць разьлікі. Існавалі таксама мэханічныя прылады для выкананьня матэматычных апэрацыяў — арытмомэтры. У першай палове XX стагодзьдзя для рашэньня дыфэрэнцыяльных раўнаньняў выкарыстоўваліся аналягавыя электрычныя схемы.

Вынаходзтва кампутара ў сярэдзіне XX стагодзьдзя азначала стварэньне ўнівэрсальнага інструмэнта для матэматычных разьлікаў. Нараўне з мэйнфрэймамі да шырокага распаўсюджваньня пэрсанальных кампутараў ў распараджэньні інжынэраў і вучоных для выкананьня ручных аперацый былі калькулятары.