Вілхелмс Пурвіцыс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Фота Пурвіцыса з 1910-х гадоў

Ві́лхелмс Ка́рліс Пу́рвіцыс (па-латыску: Vilhelms Kārlis Purvītis) — латыскі мастак, пэдагог, прафэсар, майстар пэйзажу. Справядліва лічыцца адным з заснавальнікаў нацыянальнай школы жывапісу.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся 3 сакавіка 1872 г. на хутары Яўжас недалёк Рыгі. Навучаўся жывапісу ў Імпэратарскай акадэміі мастацтваў у Пецярбургу ў майстэрні А. Куінджы (18901897), якую скончыў як мастак І ступені зь Вялікім залатым мэдалём, атрыманым за дыплёмную працу «Апошнія промні». Падчас вучобы ўваходзіў у кола латыскіх студэнтаў «Rūķis», пасьля быў удзельнікам групы «Мир искусства» (18951910), якую ўзначальваў Аляксандар Бэнуа.

Напачатку кар’еры мастака Пурвіцыс аддаваў перавагу імпрэсыяністычнай манэры маляваньня, аднак затым распрацаваў свой уласны някідкі стыль, прясякнуты тонкім лірызмам і блізкі да традыцый паўночнага мадэрну. Асабліва любіў маляваць вясну й зіму. У 1905 годзе ангельскі мастацкі часопіс «The Studіo» назваў майстра адным з самых сугучных эпосе мастаком, які любіць адлюстроўваць сапраўдную прыроду і адчувае яе паэзію[1].

Пурвіцыс працаваў дырэктарам Рыскай гарадзкой мастацкай школы (19091915), а затым — першым рэктарам Латвійскай мастацкай акадэміі (19191934), якая паўстала на падмурку былой школы. У той самай Акадэміі ў Пурвіцыса была свая пэйзажная майстэрня, якой ён кіраваў да 1941 г. Паралельна з 1919 да 1940 і на працягу 1941—1944 гг. Пурвіцыс быў дырэктарам Рыскага дзяржаўнага мастацкага музэю.

Вілхелмс Пурвіцыс, «Вясна» (1930)

У выставах Пурвіцыс удзельнічаў з 1894 г. Шмат падарожнічаў па Заходняй Эўропе. У 1898 г. наведаў Францыію, Аўстрыю, Нямеччыну. Езьдзіў у Ісьляндыю і на Шпіцбэрген. Акрамя Латвіі жыў у Эстоніі (1906—1909) ды Нарвэгіі (1917—1919).

У 1913 г. Пурвіцыс быў прызнаны акадэмікам у сваёй alma mater, а ў 1934 — ганаровым сябрам ЛМА. Сярод ягоных узнагарод — бронзавы мэдаль Сусьветнай выставы ў Парыжы (1900), залаты мэдаль 8-га Мюнхэнскага Сэцэсіёну (1900), залаты мэдаль і крыж прызнаньня Ліёнскага таварыства выяўленчага мастацтва (1901), Ордэн Ганаровага Легіёну Францыі (1926), а таксама Ордэн Трох Зорак (1926, 1928).

У 1944 г. Пурывіцыс эміграваў у Нямеччыну, баючыся перасьледу з боку савецкіх уладаў. Памёр 14 студзеня 1945 г. у Бад-Наўгайме, дзе знаходзіўся на лячэньні. Прах мастака ў 1994 г. быў перапахаваны ў Рызе.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ http://artmuseum.by/by/vyst/tek/latvia(недаступная спасылка)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]