Віялета Пара

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Віялета Пара
Violeta del Carmen Parra Sandoval
Дата нараджэньня 4 кастрычніка 1917
Месца нараджэньня
Сан Фабіян або Сан Карляс
Дата сьмерці 5 лютага 1967
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Грамадзянства Чылі
Прафэсія сьпявачка
Навуковая сфэра паэзія і кампазыцыя[d]
Жанры Новая песьня[d]
Вакал мэцца-сапрана[d][1]
Інструмэнты гітара, charango[d], cuatro[d], арфа, акардэон, ударны музычны інструмэнт[d] і голас[d]
Лэйблы EMI[d]
Дзеці Isabel Parra[d] і Ángel Parra[d]
Узнагароды
Подпіс Выява аўтографу

Віяле́та Па́ра, Віялета дэль Кармэ́н Пара Сандава́ль (па-гішпанску: Violeta del Carmen Parra Sandoval; 4 кастрычніка 1917 — 5 лютага 1967) — чылійская сьпявачка, кампазытарка, фальклярыстка, мастачка. Яна распачала Новую Чылійскую Песьню (La Nueva Canción chilena), як адраджэньне і пашырэньне чылійскай фальклёрнай музыкі. Яе праца стала натхненьнем для шматлікіх творцаў, якія працягвалі цяжкую працу адраджэньня і ўдасканаленьня музыкі Чылі. Яе творамі цікавіліся крытыкі з розных краінаў.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раньнія гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Віялета нарадзялася 4 кастрычніка 1917 году ў сям’і прафэсара музыкі Ніканора Пара і сялянкі Клярысы Сандаваль Наварэтэ. Акрамя Віялеты, у сям’і было яшчэ пяць дзяцей. Віялета таксама мела двух стрыечных братоў. Наконт месца нараджэньня Віялеты вядуцца спрэчкі. Дакладна невядома, ці яна нарадзілася ў Сан Карлясе, ці ў Сан Фабіяне, і тлумачыцца гэта тым, што Сан Фабіян належыў да вобласьці Сан Карляс, і потым адбыліся шматлікія зьмены ў падзяленьні тэрыторыі на адміністрацыйныя адзінкі.

Дзяцінства Віялеты прайшло ў сялянскіх мясьцінах, сям’я часта пераяжджала. Маці цяжка працавала за швейнай машынай, каб забяспечыць вялікую сям’ю. Віялета часта хварэла; калі ёй было тры гады, захварэла на натуральную воспу.

Дзеці ў сям’і Пара цікавіліся творчасьцю. Імітавалі артыстаў цырка, які прыязджаў у горад. Яны перапраналіся ў касьцюмы, зробленыя з паперы; Віялета разам з братом Лялям сьпявалі і арганізавалі паказы, за якія бралі грошы ў дзяцей, якія іх наведвалі. Віялета пачала граць на гітары ў 9 гадоў, а калі ёй было 12 — пачала складаць свае першыя песьні.

Віялета пакінула школу, каб працаваць і дапамагаць сям’і, бо бацька цяжка захварэў. Дзеці змагаліся, каб выжыць, і ішлі сьпяваць на вуліцы, у рэстараны, цырк, цягнікі.

Прыезд у Сант’яга-дэ-Чылі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бацька Віялеты памёр у 1931. Жыцьцё пагоршылася, у тым ліку ў эканамічным пляне. Таму ў 1932 Віялета перабралася ў Сант’яга-дэ-Чылі, куды яе запрасіў брат Ніканор, які там атрымліваў адукацыю. Віялета зноў пачала вучыцца, але хутка зразумела, што ў школе для дзяўчынак, дзе яна апынулася, вучыцца ёй не падабалася, бо Віялета цікавілася сьпевамі, а ня школай. З-за гэтага ў хуткім часе пакінула школу і пачала сьпяваць у барах ды дамах адпачынку разам з сястрой Гільдай. Яны называлі сябе Las Hermanas Parra — Сёстры Пара.

У 1935 маці Віялеты з астатнімі дзяцьмі прыехалі ў Сант’яга. Праз тры гады Віялета выйшла замуж. Ад мужа Люіса Сэрэсэда (Luis Cereceda) мела двух дзяцей, Анґель ды Ісабэль, якія сталі музыкамі і ўзялі матчына прозьвішча. Аднак шлюб ня быў вельмі ўдалы. Тлумачыцца гэта прафэсійным жыцьцём Віялеты: яна сьпявала ў партовых лодках, радыё, удзельнічала ў тэатральнай групе. Усё гэта не адпавядала назове ідэальная жонка. У 1948 шлюб быў скасаваны. Але перад тым, Сэрэсэда, які быў у Камуністычнай Партыі Чылі, прыцягнуў Віялету да ўдзелу ў палітычычных акцыях. Абодва прынялі ўдзел у прэзыдэнцкай кампаніі Габрыэля Гансалеса Відэля ў 1946. У 1949 Віялета нарадзіла дачку Кармэн Люіса Пара (Carmen Luisa Arce Parra) і ў гэтым жа годзе адбыўся шлюб Віялеты з бацькам Кармэн, Люісам Арсэ (Luis Arce). У 1952 нарадзілася яшчэ адна дачка, Расіта Кляра (Rosita Clara). У гэты ж час Віялета разам з сястрой Гільдай запісала першыя альбомы. Яны працягвалі працу да 1953 году.

На пачатку 50-х Парра пачала вялізную працу па збору чылійскай музыцы. Усяго было зроблена каля трох тысячаў песень. Брат Ніканор натхніў Віялету на ўспрыманьне аўтэнтычнай музыкі краіны як нешта вартае яе аховы. Віялета пачала сьпяваць песьні, традыцыйныя для Чылі, якія дазволілі ёй зразумець каштоўнасьці нацыянальнай годнасьці, чаго да гэтага часу ніхто з музыкаў Чылі не зрабіў.

Першыя падарожжы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1953 запісала Casamiento de negros і Qué pena siente el alma, дзьве песьні, якія сталі найбольш вядомыя. У 1954 годзе працавала на радыё ў праграме Canta Violeta Parra — Сьпявае Віялета Пара, і атрымала прэмію Фальклярыст году, што надало ёй магчымасьць удзельнічаць у фэстывалі ў Варшаве. Таксама наведала Савецкі Саюз і некаторыя часткі Эўропы. У Парыжы запісала свае першыя LP (Guitare et chant: chants et danses du Chili), якія складаліся выключна з песень чылійскага фальклёру.

Знаходзячыся ў Парыжы, Пара атрымала зьвесткі аб сьмерці дачкі Расіты Кляры. У 1957 Віялета вярнулася ў Чылі і хутка пераехала з Люісай і Анґелям ў Кансэпсьён, дзе працавала ва ўнівэрсітэце Кансэпсьёна, адным зь вядучых навучальных устаноў у краіне. Там арганізавала Нацыянальны Музэй Фальклёрнага Мастацтва і ў хуткім часе вярнулася ў Сант’яга. У гэты перыяд зьявілася наступныя альбомы: Canto y guitarra, 1957; Acompañada de guitarra, La tonada і La cueca, усе ў 1958. Творчая дзейнасьць Віялеты была разнастайная. Яна працавала ў кераміцы, малявала алеем. Працавала ў мастацкім музэі. Падарожнічала па Чылі і прапаноўвала клясы па фальклёры.

Чылійская жанчына ў Парыжы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1961 Віялета паехала ў Аргентыну. У чэрвені сустрэлася з сынам, дачкой і унучкай Тыта ў Буэнас-Айрэсе. Адтуль разам зь імі паехала у Фінляндыю, каб удзельнічаць у Восьмым Сусьветным Фэстывалі Маладосьці і Студэнтаў у Хэльсынкі. Апасьля, падарожнічала па Савецкім Саюзе, Нямеччыне, Італіі, Францыі. Пасялілася ў Парыжы, дзе сьпявала свае песьні ў Barrio Latino — Латынскае суседства, праводзіла рэпэтыцыі ў Тэатры Нацыяў ЮНЭСКА, працавала на радыё і тэлебачаньні разам са сваімі дзяцьмі, рабіла скульптуры з дроту, малявала. Дзякуючы ёй, музычнаму сьвету сталі вядомыя яе дзеці Анґель ды Ісабэль, якія запісвалі называлі сябе Los Parra de Chile. Віялета працягвала запісваць новыя альбомы. Адзін з іх быў Recordando a Chile, таксама вядомы як Una chilena en París — Чылійская жанчына ў Парыжы. У альбом увайшлі дзьве песьні на францускай мове. У 1964 Віялета Пара стала першай лацінаамэрыканскай жанчынай, творы якой былі выстаўленыя ў Люўры. Пара таксама напісала кнігу Poesía popular de Los Andes — Папулярная паэзія Андаў, і швайцарскае тэлебачаньне зрабіла дакумэнтальны фільм, паведамляючы пра яе працу (Violeta Parra, bordadora chilena).

У гэты час пачаліся адносіны Віялеты са швайцарскім антраполагам Ґілбертам Фаўрэ, зь якім жыла ў Жэнэве. Фаўрэ быў вялікім каханьнем Віялеты, яму яна прысьвяціла шмат сваіх твораў.

Сьмерць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У чэрвені 1965 Пара вярнулася ў Чылі. Там ёй не ўдалося зьдзейсьніць сваю мару — пабудаваць цэнтар фальклёрнай культуры разам зь дзяцьмі і некаторымі фальклярыстамі. Скончыліся яе адносіны з Фаўрэ, які паехаў у Балівію. Калі Віялета наведала яго там, выкрылася, што ён ажаніўся з іншай жанчынай. Апошнія песьні запісала з сынам і дачкой, а таксама музыкам Альбэртам Сапіканам (Alberto Zapicán), некаторыя зь іх — Gracias a la vida ды Volver a los 17. 5 лютага 1967, калі ёй было 49 гадоў, Віялета скончыла жыцьцё самагубствам. Перад гэтым спрабавала зьдзейсьніць самагубства тры разы.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]