Вія Даляроза

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Крыжовы шлях, Рафаэль, 1516
Вуліца Вія Даляроза

Ві́я Даляро́за (па-лацінску: Via Dolorosa — «Шлях смутку», «Шлях пакутаў», «Шлях жарсьцяў») — вуліца ў старым месьце Ерусаліму, па якой Ісус Хрыстос нёс крыж да месца свайго ўкрыжаваньня. Пакручасты шлях зь цьвердзі Антонія на захад да храму Гроба Гасподняга працягласьцю каля 600 мэтраў цяпер адно зь месцаў хрысьціянскіх пілігрымак. Шлях складаецца зь дзевяці этапаў; яшчэ пяць з XV стагодзьдзя знаходзіліся ўнутры Храму.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галоўныя дарогі — паўночна-паўднёвая і усходне-заходняя — у Эліі Капіталіне. Вія Даляроза — паўночны дэкуманус

Вія Даляроза — рэшткі аднаго з двух асноўных шляхоў з усходу на захад (Дэкуманус Максымус) праз Элію Капіталіну, збудаваных Гадрыянам. У стандартнай пляніроўцы рымскіх местаў галоўная дарога праходзіла праз цэнтар з усходу на захад, аднак у Ерусаліме у цэнтры гэтае пазіцыі знаходзілася Храмавая гара, таму Гадрыянавы архітэктары мелі на поўнач ад яе збудаваць дадатковую скразную дарогу. У дадатак да звыклай цэнтральнай дарогі з поўначы на поўдзень (карда), якая ў Ерусаліме вяла акурат да заходняга схілу, другая вялікая паўночна-паўднёвая дарога вяла ўніз па лініі Тырапяонскай даліны; яны сыходзіліся ля Дамаскае брамы, побач зь Вія Далярозай. Калі б Вія Даляроза працягвалася на захад па сваёй лініі і перасекла абедзьве гэтыя дарогі, утварыўся б трыкутны квартал, вельмі вузкі для пабудовы дамоў; таму заходняя ад карда палова Дэкуманусу (сучасная Вія Даляроза) была зьмешчаная на поўдзень, і такім чынам цяперашняя вуліца разрываецца ў сярэдзіне на дзьве часткі.

Першыя зьвесткі пра паломніцтвы, зьвязаныя зь біблійнымі падзеямі, датаваныя бізантыйскай эпохай; у гэты пэрыяд працэсія стартавала ў Вялікі чацьвер ад Елеонскай гары, запынялася ў Гефсіманіі, праз Ільвіную браму ўваходзіла ў Старое места і прыкладна цяперашнім шляхам накіроўвалася да храму Гроба Гасподняга[1]; аднак на шляху па самой Вія Далярозе прыпынкаў не было[2]. У VIII стагодзьдзі шлях ужо праходзіў праз заходні пагорак: пачынаўся ў Гефсіманіі, пасьля да меркаванага Дому Каяфы на гары Сыён, пасьля да Сьвятой Сафіі (меркаванага месцазнаходжаньня прэторыюму), і ўрэшце да храму Гроба Гасподняга[2].

Вуліца Вія Даляроза

У Сярэднявеччы рыма-каталікі Ерусаліму падзяліліся на дзьве групоўкі, якія кантралявалі цэрквы з супрацьлеглых схілаў. Адпаведна і пілігрымаў праводзілі па шляху, які мінаў «іхнюю» царкву[2], называючы месцам разьмяшчэньня маёнтку рымскага губэрнатара альбо гару Сыён, альбо Антоніеўскую цьвердзь.

У XIV стагодзьдзі папа Клімэнт VI выдаў булу «Nuper Carissimae», якая ўсталёўвала францішканскае апякунства над Сьвятой зямлёй, абавязала манахаў «суправаджаць, інструктаваць і апекавацца лацінскімі пілігрымамі, а таксама апекавацца, захоўваць, абараняць і выконваць рытуалы каталіцкіх сьвятыняў Сьвятое зямлі»[3]. Каля 1350 францішкане распачалі правядзеньне афіцыйных вандровак па Вія Даляроза ад храму Гроба Гасподняга да дома Пілята, то бок у адваротным біблейскаму шляху[4]. Толькі ў 1517 францішкане пачалі прытрымлівацца храналягічнага парадку разьвіцьця падзеяў — ад дому Пілята да Гальготы[5].

Францішкане пачалі распрацоўваць прыпынкі на шляху ў адпаведнасьці з эўрапейскімі рэлігійнымі практыкамі. Першымі прыпынкамі на шляху сталі Сустрэча з Сымонам Кіранэйцам і з Дачкамі ерусалімскімі. За імі зьявілася маса іншых, больш ці менш эфэмэрных, такіх як Дом Веранікі, Дом Сымона Фарысэя, Дом злога багатыра, які не даваў міласьціну бедным, і Дом Ірада[6].

Фармаваньне стадыяў крыжовага шляху цягнулася шэсьць стагодзьдзяў. Толькі ў XIX стагодзьдзі прыйшлі да агульнай згоды на разьмяшчэньне першага, чацьвёртага, пятага і восьмага прыстанкаў. Аднак археалягічныя адкрыцьці XX стагодзьдзя пераканалі ў тым, што першы маршрут, які праходзіў па заходнім схіле, быў больш набліжаны да ісьціны[7].

Атаясамліваньне Вія Даляроза зь біблійным шляхам грунтуецца на дапушчэньні, што прэторыюм знаходзіўся каля Антоніеўскай цьвердзі. Аднак, як і Філён Александрыйскі, пісьменьнік канца I стагодзьдзя Ёсіф Флявій сьведчыць, што рымскія губэрнатары Юдэі, якія кіравалі з узьбярэжнай Кесарыі, падчас прыезду ў Ерусалім жылі ў Ірадавым палацы[8], суды ладзілі тут жа на ходніках, і вінаватых бізунілі тут жа[9]. Ёсіф Флявій паведамляе, што Ірадаў палац знаходзіўся на заходнім схіле[10], што было пацьверджанае ў 2001 року раскопкамі пад кутом цытадэлі Джафавае брамы. Больш за тое, археолягі таксама высьветлілі, што да перабудовы Гадрыяна (глядзіце Элія Капіталіна) тэрыторыя, прылеглая да крэпасьці Антонія, была вялікім адкрытым басэйнам[7].

У 2009 ізраільскі археоляг Шыман Гібсан адкрыў рэшткі вялікага вымашчанага ўнутранага двару на поўдзень ад Джафавае брамы паміж двума фартыфікацыйнымі мурамі са зьнешнімі варотамі і з унутранымі, што вялі да кашараў. У двары стаяла ўзьнятая плятформа плошчай каля 2 м². Вывучэньне руінаў Прэторыюму, якія доўга лічыліся рымскімі кашарамі, паказала, што гэта была ўсяго толькі вартавая вежа. Сукупнасьць гэтых адкрыцьцяў «выдатна адпавядае» апісанаму ў Дабравесьці шляху і супадае з дэталямі, вядомымі зь іншых старажытных пісаньняў.

Адсочаны Гібсанам шлях пачынаецца на аўтастаянцы ў армянскім квартале, абыходзіць асманскія муры Старога места за вежай Давіда каля Джафавае брамы, пасьля паварочвае да храму Гроба Гасподняга. Дзякуючы новым дасьледаваньням таксама ўдакладненае месца ўкрыжаваньня, якое знаходзіцца прыкладна за 20 м ад цяпер шанаванага[11][12].

Сучасныя стадыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У адрозьненьне ад усіх астатніх вуліцаў, назва Вія Даляроза не перакладаецца на іўрыт і арабскую мову.

Традыцыйны шлях пачынаецца з-пад Брамы львоў (брама сьв. Стэфана) ля пачатковае школы Ўмарыя, дзе знаходзілася былая цьвердзь Антонія, і йдзе на захад праз Старое места да храму Гроба Гасподняга. Сучасная нумарацыя этапаў часткова заснаваная на кальцавым маршруце, які прапаноўвалі францішкане ў XIV стагодзьдзі; гэты шлях пачынаўся і сканчаўся ля храму Гроба Гасподняга і йшоў на ўсход па Вія Даляроза (у адваротным ад агульнапрынятага кірунку), па дарозе закранаючы Гефсіманію і гару Сыён.

Суд у Пілята: этапы 1—2[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Манастыр бізунаваньня

Першая і другая стадыі адзначаюць падзеі, што адбываліся падчас сустрэчы Ісуса з Пілятам: катаваньня Ісуса (Яна, 19:1-3) і Пілятавае фразы «Ecce Homo» (Яна, 19:5). Тут знаходзяцца тры каталіцкія храмы XIX стагодзьдзя, названыя паводле вышэй згаданых падзеяў: Касьцёл асуджэньня і накладаньня крыжа, Касьцёл бізунаваньня і Базыліка Ecce Homo. Яны збудаваныя на месцы рымскай брукаванкі (па-грэцку: lithostratos), якая ў Бібліі завецца судовым пасадам, дзе Пілят судзіў Ісуса[13].

Аднак, як паведамлялася вышэй, цяпер навукоўцы перакананыя, што Пілят займаўся судовымі справамі ў Ірадавым палацы на паўднёва-заходнім ускрайку места, а не ў яго паўночна-ўсходняй частцы[7]. Археалягічныя дасьледаваньні пацьвердзілі, што рымская брукаванка на месцы двух сучасных прыстанкаў шляху была пакладзеная Гадрыянам для ўсходняга з двух Форумаў[7]. Да Гадрыяна тут знаходзіўся вялікі адкрыты басэйн(en), згаданы Ёсіфам Флявіем[7]. Ён захаваўся да нашага часу пад збудаванымі Гадрыянам скляпеньнямі, на якіх пастаўлены Форум; да яго можна трапіць з кляштару Ордэну сёстраў Маці Божай Сыёну ці праз тунэль у Заходняй сьцяне.

Арка Ecce Homo

Да базылікі Ecce Homo прылягае арка, што вядзе ўздоўж Вія Даляроза; гэтая арка пачаткова была цэнтральнай з трох у браме, збудаванай Гадрыянам як галоўны ўваход на Форум[7]. Пасьля таго, як паабапал Вія Далярозы вырасьлі новыя будынкі, дзьве скрайнія аркі сталі іхнімі працягамі.

Тры паўночныя царквы былі збудаваныя адна за адной пасьля таго, як мясьцовасьць часткова выкупіў у 1857 езуіт Мары-Альфонс Рацісбон, які зьбіраўся выкарыстаць яе як аснову для празэлітызму супраць юдаізму[14].

Тры падзеньні: этапы 3, 7, 9[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Польская каталіцкая каплічка на трэцім этапе

Хоць ні кананічныя Эвангельлі, ні афіцыйны хрысьціянскі дагмат не паведамляюць пра гэта падрабязна, у традыцыі лічыцца, што Хрыстос тройчы спатыкнуўся на сваіх шляху; такім чынам зьявіліся тры этапы, якія адзначаюць месцы ягонага падзеньня. Традыцыя трох падзеньняў, магчыма, зьяўляецца водгукам колішняга перакананьня, выказанага ў «Сямі падзеньнях»[15], якія не абавязкова літаральна азначалі падзеньні, хутчэй апісвалі выпадковыя прастрацыі Ісуса падчас выкананьня пэўных дзеяньняў. У вядомым у канцы XV стагодзьдзя апісаньні «Сяміпадзеньняў» Адама Крафта толькі адно з падзеньняў падпадае пад пэрыяд, калі Ісус упаў пад цяжарам крыжа, астатнія ж «падзеньні» былі альбо сустрэчамі з людзьмі, альбо ўласна ўкрыжаваньнем, альбо зьняцьцем мёртвага цела з крыжа.

Дзявятая стадыя, пазначаная чорным дыскам на сьцяне

Першае падзеньне прадстаўленае на трэцім этапе Крыжовага шляху, які знаходзіцца на заходнім канцы ўсходняй паловы Вія Далярозы, каля польскай капліцы XIX стагодзьдзя; капліца была ўзьведзеная армянскімі каталікамі, якія мешкалі ў Польшчы. У 1947-48 капліца была адноўленая дзякуючы фундаваньню Польскага войска.

Другое падзеньне, цяперашняя сёмая стадыя, знаходзіцца на вялікім раздарожжы побач з францішканскай капліцай, збудаванай у 1875. За часам Гадрыяна тут перасякаліся галоўная карда (паўночна-паўднёвая дарога) і дэкуманус (усходне-заходняя дарога), які стаў Віяй Далярозай; рэшткі тэтрапілёну, які пазначаў месца перасячэньня за рымскім часам, захаваліся на ніжнім узроўні капліцы. Да XVI стагодзьдзя тут разьмяшчалася апошняя, 8-я стадыя шляху[2].

Трэцяе падзеньне адпавядае цяперашняму дзявятаму этапу, які знаходзіцца не на самой Вія Далярозе, а ля ўваходу ў этыёпскі праваслаўны манастыр і копцкі праваслаўны манастыр сьвятога Антонія, якія разам утвараюць дах падземнай капліцы сьвятой Гелены ў храме Гроба Гасподняга; да 1959, калі этыёпская і праваслаўная царква падзяліліся, будынкі лічыліся адзіным манастыром. На пачатку XVI стагодзьдзя месца трэцяга падзеньня знаходзілася ля ўваходу ва ўнутраны двор храму Гроба Гасподняга, пра што дагэтуль нагадвае выгравіраваны каменны крыж.

Сустрэчы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хрысьціянскі квартал Старога места Ерусаліму ўночы пусьцее

Чатыры этапы адзначаюць сустрэчы Ісуса зь іншымі людзьмі на вуліцах; пра адну з сустрэчаў апавядаюць усе сынаптычныя Эвангельлі, яшчэ адна згаданая ў Эвангельлі паводле Лукі, а астатнія дзьве існуюць толькі ў народнай традыцыі.

З Марыяй, Ісусавай маці: этап 4[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пра сустрэчу Ісуса з маці па дарозе на крыж у Эвангельлях згадкі няма. Гэтая 4-я стадыя знаходзіцца на месцы армянскага каталіцкага араторыю XIX стагодзьдзя; над уваходам у капліцу знаходзіцца люнет з барэльефам польскага мастака Зяленскага, прысьвечаны гэтай падзеі. Араторый, які называецца Панна Марыя Вялікапакутніца, быў збудаваны ў 1881, але ў ягонай крыпце захаваліся археалягічныя знаходкі з былых бізантыйскіх збудаваньняў, у тым ліку мазаічная падлога.

З Сіманам Кірыняянінам: этап 5[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выгляд капліцы Сімана Кірынейца на пятым прыпынку

Пяты этап адпавядае біблійнаму эпізоду, дзе Сіман Кірыняянін нясе Ісусаў крыж замест яго[16]. Гэтая гісторыя згадваецца ва ўсіх трох сынаптычных Эвангельлі, а вось у Дабравесьці паводле Яна акцэнт зроблены на тым, што Хрыстос нёс крыж увесь шлях самастойна[17][18]. У цяперашні час гэты этап разьмешчаны на ўсходнім канцы заходняй паловы Вія Далярозы, каля капліцы Сімана Кірыняяніна, збудаванай францішканамі ў 1895. Надпіс на архітраве аднае зь дзьвярэй капліцы спасылаецца на сынаптычныя падзеі.

Да XV стагодзьдзя на гэтым месцы разьмяшчаўся іншы этап крыжовага шляху, Хата ўбогага чалавека — адсылка да прыпавесьці пра Лазара і багатыра з Эвангельля Лукі[19]. Да меркаванае хаты ўбогага чалавека прымыкае арка над дарогай; хата на арцы, адпаведна, лічыцца хатай багатыра[20]. Аднак гэтыя дамы пабудаваныя толькі ў Сярэднявеччы[21], таму гісторыя пра Лазара і багатыра цяпер лічыцца прытчаю[22][23][24].

Зь Веранікай: этап 6[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле сярэднявечнае каталіцкае легенды на асаблівым кавалку адзеньня, вядомым як покрыў Веранікі(en), якім Хрысту аціралі твар, адбілася Ісусава выява. Праз мэтатэзу лацінскіх словаў vera icon (бел. праўдзівая выява) ў Veronica[25] зьявілася паданьне, што Ісусаў адбітак зьявіўся на вопратцы, калі сьвятая Вераніка абцёрла ёй пот з твару Ісуса. Біблія пра гэты момант нічога не апавядае, хоць у позьнім апокрыфе «Лісты Ісуса Хрыста і Абгара, караля Эдэскага» згаданая падобная выява з Эдэсы. Покрыў Веранікі варта адрозьніваць ад выявы Хрыстовага аблічча(en), зробленага ўжо пасьля ўкрыжаваньня, вядомага як Турынская плашчаніца.

Месца шостага этапу было вызначанае ў XIX стагодзьдзі. У 1883 року грэцкія рыма-каталікі набылі руіны XII стагодзьдзя і пабудавалі на гэтым месцы храм Сьвятога аблічча і сьвятой Веранікі, заявіўшы, што Вераніка сустрэла Хрыста ля сваёй хаты, якая знаходзілася на гэтым месцы. Рэшткі будынкаў захаваліся ўнутры царквы; сярод іх засталіся і аркі збудаванага крыжакамі кляштару сьвятога Кузьмы. Сучасны будынак знаходзіцца ў валоданьні Малых сёстраў Ісуса і закрыты для агляду.

Фрэска П’етра Ляранцэцьці з выявай жанчын, што ідуць сьледам за Ісусам па Вія Далярозе (Асызі, 1320)

З праведнымі жанчынамі: этап 8[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Інсцэнізацыя крыжовага шляху па Вія Даляроза

Восьмая стадыя адзначае эпізод, апісаны ў Дабравесьці паводле Лукі, адзіным у кананічных Эвангельлях, дзе Ісус сустракае на шляху дачок Ерусалімскіх, спыняецца і кажа ім кароткую прамову[26]. Да XV стагодзьдзя апошні этап Хрыстовага шляху сканчаўся раней, не даходзячы да гэтага месца. Ля сучаснага 8-га этапу знаходзіцца грэцкі праваслаўны манастыр сьвятога Харалямпія.

Сучаснасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Штопятніцу шляхам Вія Даляроза праходзіць каталіцкая працэсія, якая пачынаецца ад манастырскага комплексу ля першай стадыі. Ладзяць крыжовы шлях францішкане з гэтага ж кляштару. Часта на вуліцы адбываюцца таксама інсцэнізацыі, як аматарскія (з самаробнымі шаломамі жаўнераў і саматканай рымскай вопраткай) да прафэсійных сцэнаў з гістарычна падобным адзеньнем[27][28][29].

Кожным суботнім ранкам ладзяцца арганізаваныя туры з дастаўкай з Тэль-Авіву[30]. Экскурсія ахоплівае ўсе 14 этапаў: суд, бізунаваньне, уручэньне крыжы, першае падзеньне, сустрэча з маці, Сімана дапамагае Ісусу несьці крыж, Вераніка абцірае Ісусаў твар, другое падзеньне, размова Ісуса зь ерусалімскімі жанчынамі, трэцяе падзеньне, дзяльба вопраткі, прыбіваньне да крыжа, укрыжаваньне, зьняцьце з крыжа і пахаваньне ў склепе.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Oxford Archaeological Guide: The Holy Land (paperback, 4th edition, 1998), pages 34-36
  2. ^ а б в г Jerome Murphy-O’Connor. The Holy Land, (2008), page 37
  3. ^ Wharton, Annabel Jane. Selling Jerusalem: Relics, Replicas, Theme Parks. Chicago: University of Chicago Press, 2006. p. 109.
  4. ^ Thurston, Herbert. The Stations of the Cross. London: Burns and Oates, 1906. p.34.
  5. ^ Thurston, Herbert. The Stations of the Cross. London: Burns and Oates, 1906. p.55.
  6. ^ Thurston, Herbert. The Stations of the Cross. London: Burns and Oates, 1906. p. 21.
  7. ^ а б в г д е Pierre Benoit. The Archaeological Reconstruction of the Antonia Fortress, in Jerusalem Revealed (edited by Yigael Yadin), (1976)
  8. ^ Pierre Benoit. The Archaeological Reconstruction of the Antonia Fortress, page 87, in Jerusalem Revealed (edited by Yigael Yadin), (1976)
  9. ^ Josephus, Jewish Wars, 2:14:8
  10. ^ Josephus, Jewish Wars, 5:2
  11. ^ Shimon Gibson: Final Days of Jesus
  12. ^ Archaeologist: Jesus took a different path 4VF News April 10, 2009
  13. ^ Яна, 19:13
  14. ^ Encyclopedia Judaica, Ratisbonne Brothers, Volume 13, pp.1570-1571, Keter Publishing House, Jerusalem, 1972
  15. ^ Catholic Encyclopedia, entry on Way of the Cross
  16. ^ Мк. 15:21
  17. ^ Ян. 19:17
  18. ^ Simon of Cyrene — Bible Study
  19. ^ Лк. 16:19—31
  20. ^ Dave Winter, Israel handbook, page 126
  21. ^ «Каталіцкая энцыкляпэдыя», артыкул Dives
  22. ^ The IVP Bible Background Commentary
  23. ^ N. T. Wright. Luke for Everyone
  24. ^ Joachim Jeremias. The Parables of Jesus
  25. ^ St. Veronica // Каталіцкая энцыкляпэдыя
  26. ^ Лк. 23:27—31
  27. ^ Jerusalem of the heavens: the Eternal City in bird’s eye view by Yehuda Salomon, Mosheh Milner 1993 ISBN 965-474-000-1 page 187
  28. ^ Frommer’s Jerusalem Day by Day by Buzzy Gordon 2010 ISBN 0-470-67636-1 page 12
  29. ^ Frommer’s Israel by Robert Ullian 2010 ISBN 0-470-61820-5 page 179
  30. ^ «Via Dolorosa Tour». The Holy Land Tours

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вія Далярозасховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Каардынаты: 31°46′45.84″ пн. ш. 35°13′55.46″ у. д. / 31.7794° пн. ш. 35.2320722° у. д. / 31.7794; 35.2320722