Гадзюка звычайная

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Звычайная гадзюка
Звычайная гадзюка
Клясыфікацыя
ЦарстваЖывёлы
ТыпХордавыя
КлясаПаўзуны
АтрадЛускаватыя
ПадатрадЗьмеі
СямействаГадзюкавыя
РодСапраўдныя гадзюкі
ВідГадзюка звычайная
Бінамінальная намэнклятура
Vipera berus

Гадзюка звычайная (Vipera berus) — ядавітая зьмяя сямейства гадзюкавых.

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Даўжыня цела 35-62 см, разам з хвастом 42-72 см, самкі даўжэйшыя за самцоў, маса 30-180 г. Цела ў адрозьненьне ад іншых зьмей адносна кароткае й тоўстае, з кароткім хвастом. Колькасьць лускавін вакол цела 19-21, брушных шчыткоў 131—162. Галава трохвугольнай формы, выразна адмежавана ад шыі й пакрыта дробнымі шчыткамі, а таксама трыма буйнымі — лобным і двума цемяннымі. Морда круглаватая, тупая. Ноздры прарэзаны пасярэдзіне насавых шчыткоў. Зрэнка вэртыкальная (шчылінападобная). Зьверху на галаве — своеасаблівы Х-падобны малюнак, ад вачэй да вугла рота цягнуцца цёмныя палоскі. На сьпіне зігзагападобны малюнак. Кончык хваста жаўтаваты альбо чырванавата-аранжавы. Для віду характэрна вялікая разнастайнасьць варыянтаў афарбоўкі й малюнка галавы, сьпіны, бруха, хваста; пераважаюць шэрыя й карычневыя тоны з рознымі адценьнямі (зеленаватым, блакітнаватым, чырванаватым), часам трапляюцца асобіны выключна чорнай афарбоўкі. Яд гадзюкі выпрацоўваецца ў відазьмененых сьлінных залозах, разьмешчаных у скроневай частцы галавы. Ядавітая залоза зьвязана пратокай зь верхняй сківіцай, і яд паступае да зубоў. Ядавітыя зубы даўжынёй да 5 мм, трубчастыя й мацуюцца на верхнясківічнай косьці; у стане спакою знаходзяцца ў складзеным становішчы (прыціснуты, канцы накіраваны назад), а пры ўкусе разам з адкрываньнем пашчы высоўваюцца ўперад і ўстаюць вэртыкальна.

Эўрапэйскі арэал

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Земнаводныя. Паўзуны: Энцыкл. даведнік. - Мн.: БелЭн, 1996. ISBN 985-11-0067-6
  • Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 4. - Мн.: БелЭн, 1997.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]