Зьдзецел

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Дзятлава»)
Зьдзецел
лац. Ździecieł
У цэнтры места
У цэнтры места
Герб Зьдзецелу Сьцяг Зьдзецелу
Першыя згадкі: 1498
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гарадзенская
Раён: Зьдзецельскі
Насельніцтва: 7624 чал. (2018)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1563
Паштовы індэкс: 231460
СААТА: 4223501000
Нумарны знак: 4
Геаграфічныя каардынаты: 53°27′0″ пн. ш. 25°24′0″ у. д. / 53.45° пн. ш. 25.4° у. д. / 53.45; 25.4Каардынаты: 53°27′0″ пн. ш. 25°24′0″ у. д. / 53.45° пн. ш. 25.4° у. д. / 53.45; 25.4
Зьдзецел на мапе Беларусі ±
Зьдзецел
Зьдзецел
Зьдзецел
Зьдзецел
Зьдзецел
Зьдзецел
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://dzyatlava.by/

Зьдзе́цел (афіцыйная назва — Дзя́тлава[a]) — места ў Беларусі, на рацэ Зьдзецелцы. Адміністрацыйны цэнтар Зьдзецельскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 7624 чалавекі[1]. Знаходзіцца за 165 км на паўднёвы ўсход ад Горадні, за 13 км ад чыгуначнай станцыі Наваельня (лінія БаранавічыЛіда). Аўтамабільныя на Слонім, Ліду і Наваградак.

Зьдзецел — даўняе мястэчка гістарычнай Слонімшчыны (частка Наваградчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[2]. Да нашага часу тут захаваліся касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў стылі віленскага барока, Спаская царква і палац Радзівілаў (часткова зруйнаваны расейскімі ўладамі), помнікі архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходжаньне тапоніму Зьдзецел упершыню спрабаваў патлумачыць географ Вадзім Жучкевіч. Ён прыйшоў да высновы, што паселішча атрымала назву ад ракі Зьдзецелкі (Дзятлаўкі), на якой яно знаходзіцца, а рака — ад віду птушак[3]. Паводле вэрсіі У. Данільчыка, айконім Здзечало мог утварыцца ад таго ж корня, што і слова сядло ці сяло, бо ва ўсходніх славянаў гуказлучэньне «дл» перайшло ў адзін гук «л» (мыдла — мыла). Апроч гэтага, назву Дзянцёл паселішча магло атрымаць праз прозьвішча або мянушку чалавека, які ў сваю чаргу мог набыць мянушку або прозьвішча ад свайго прафэсійнага занятку — дзяўбленьня калодаў для пчолаў, начовак, карытаў, чаўноў (дзёўб, як дзяцел), або яго нашчадкаў. Украінскі мовазнавец Анатоль Непакупны дасьледаваў лінгвістычную аснову назвы Зецела — імя ракі і места. Ён палічыў, што яно ўтварылася ад назвы летапіснага возера Зята, якое знаходзілася ля вытокаў, альбо ў рэчышчы ракі, бо толькі ў гэтым выпадку ўжываецца суфікс «ело». Рэшткі старажытнага возера захаваліся да нашага часу[4].

Варыянты назвы места ў гістарычных крыніцах: Здзенцел, Здзечаль, Здзенцель, Здэтэль, Зэтэль, Зэтэля, Зецял, Дзенцёл, Дзенцёлкі, Дзенцел, Зецел, Здзечало. На такое разыходжаньне, магчыма, паўплывалі мясцовыя жыды. На мове ідыш няма спалучэньня «дз», што магло прывесьці да яго замены на «з» і замест «Зьдзецел» атрымалася «Зецел», пагатоў на ідыш «тэль» — гэта места[4]. Варыянты назвы места на розных мовах: Зьдзецел[4][5] або Зьдзя́цел[6] (старабел. Здетел) — гістарычная беларуская назва, прысутнічае ў дакумэнтах часоў Вялікага Княства Літоўскага; Zdzięcioł — польская назва; Zietil — жыдоўская назва на мове ідыш; Zietela — летувіская назва; Дятловорасейская назва; Дзятлаванаркамаўская назва, калькаваньне з расейскай.

Традыцыйная гістарычная назва места — Зьдзецел[7]. У 1866 годзе ўлады Расейскай імпэрыі з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага склалі сьпіс населеных пунктаў, назвы якіх «перакруцілі ў час польскага панаваньня ў краі» (рас. подверглись извращению во время польского господства в здешнем крае) і якім неабходна надаць «тутэйшыя расейскія назвы» (рас. местные русские названия). Адным з пунктаў гэтага сьпісу было перайменаваньне Зьдзецелу ў «Дзятлава»[8]. Такім чынам, цяперашняя афіцыйная назва Дзятлава пачала ўжывацца адносна нядаўна[3]. У наш час прапануецца вярнуць месту традыцыйную гістарычную назву Зьдзецел у якасьці афіцыйнай[9].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Гісторыя Зьдзецелу

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню Зьдзецел упамінаецца ў 1440—1450-х гадох. У гэты час паселішча ўваходзіла ў склад Троцкага ваяводзтва. Каля 1492 году вялікі князь Казімер фундаваў тут будаваньне касьцёла. У 1498 годзе вялікі князь Аляксандар перадаў воласьць Зьдзецел гетману вялікаму Канстантыну Астроскаму ў вечнае карыстаньне з правам заснаваньня мястэчка[10]. Апошні ў пачатку XVI ст. збудаваў у мястэчку драўляны замак, які некаторы час меў важнае абарончае значэньне (у дакумэнтах упамінаецца як двор Здетело).

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Зьдзецел увайшоў у склад Слонімскага павету Наваградзкага ваяводзтва. На 1580 год тут было 118 двароў і 5 вуліцаў[10]. У пачатку XVIІ ст. Зьдзецел перайшоў у валоданьне Сапегаў. У 1624—1646 гадох Леў Сапега збудаваў у мястэчку касьцёл, пры якім дзейнічаў шпіталь. З 1655 году Зьдзецелам валодалі князі Палубінскія, з 1685 году — Радзівілы. На 1689 год тут было 126 двароў і 9 вуліцаў[10].

За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у студзені 1708 году ў ваколіцах Зьдзецелу некаторы час знаходзілася асноўная групоўка расейскіх войскаў. У самім мястэчку на працягу тыдню кватараваў маскоўскі гаспадар Пётар I. Пазьней Зьдзецел занялі швэды, якія спалілі яго разам з замкам. У 1743 годзе мястэчка пацярпела ад пажару. У 1751 годзе Радзівілы збудавалі ў Зьдзецеле палац. На 1784 год тут было 176 двароў, 5 вуліцаў і 3 завулкі; працавалі 3 млыны, школа і шпіталь[10]. У канцы XVIII ст. мястэчка перайшло ў валоданьне Солтанаў.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Зьдзецел апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі. Апошні ўладальнік мястэчка Станіслаў Солтан браў удзел у паўстаньні 1830—1831 гадоў, за што расейскія ўлады канфіскавалі ягоныя маёнткі.

На 1878 год у Зьдзецеле было 118 двароў; дзейнічалі мураваны касьцёл, драўляная царква і 2 сынагогі; працавалі народная вучэльня, паштовая станцыя, валасная ўправа, магазын, крамы, 6 заезных двароў, корчмы; у аўторкі праводзіліся кірмашы. На 1914 год — працавалі ватная фабрыка, 5 мёдаварняў, лесапільня, цагельня і 2 гарбарныя заводы.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў жніўні 1915 году Зьдзецел занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Зьдзецел абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён ўвайшоў у склад Беларускай ССР[11]. Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 году Зьдзецел апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Наваградзкага павету Наваградзкага ваяводзтва.

У 1939 годзе Зьдзецел увайшоў у БССР, дзе 15 студзеня 1940 году атрымаў афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу і стаў цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці (з 8 студзеня 1954 году ў складзе Гарадзенскай вобласьці). У Другую сусьветную вайну з 30 чэрвеня 1941 да 9 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. З 4 траўня 1945 году да 8 студзеня 1954 году цэнтар раёну знаходзіўся ў мястэчку Наваельні. 25 сьнежня 1962 году Зьдзецельскі раён расфармавалі, яго тэрыторыя ўвайшла ў склад Лідзкага, Наваградзкага і Слонімскага раёнаў. 6 студзеня 1965 году раён аднавілі ў складзе Гарадзенскай вобласьці.

21 чэрвеня 1990 году Зьдзецел атрымаў статус места. 1 сьнежня 2004 году афіцыйна зацьвердзілі мескія герб і сьцяг.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XVII стагодзьдзе: 1689 год — 1 тыс. чал.[10]
  • XIX стагодзьдзе: 1830 год — 564 муж., зь іх шляхты 8, духоўнага стану 7, мяшчанаў-юдэяў 444, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 102, жабракоў 3[12]; 1893 год — 3233 чал.[13]; 1897 год — 3155 чал.[5]
  • XX стагодзьдзе: 1971 год — 4,5 тыс. чал.; 1973 год — 5,3 тыс. чал.; 1991 год — 8,1 тыс. чал.; 1993 год — 8,7 тыс. чал.; 1997 год — 8,6 тыс. чал.[14]
  • XXI стагодзьдзе: 2004 год — 8,3 тыс. чал.; 2006 год — 8,2 тыс. чал.; 2009 год — 7,8 тыс. чал.; 2009 год — 7853 чал.[15] (перапіс); 2015 год — 7764 чал.[16]; 2016 год — 7706 чал.[17]; 2017 год — 7631 чал.[18]; 2018 год — 7624 чал.[1]

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галоўны уваход у сярэднюю школу № 3

У Зьдзецеле працуюць 2 сярэднія школы — «№ 1» і «№ 3», а таксама гімназія № 1, створанная на базе былой сярэдняй школы № 2.

На тэрыторыі места дзейнічае адзіная ўстанова дашкольнай адукацыі — «Ясьлі-сад № 1».

Мэдыцына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе меская лякарня «Дзятлаўская раённая цэнтральная бальніца».

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічаюць дом культуры, кінатэатар, 2 бібліятэкі.

Мас-мэдыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выдаецца раённая газэта «Перамога».

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дом 11а на вуліцы Наваградзкай у зімовы час

Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афіцыйная назва Гістарычная назва Былыя назвы
1 мая вуліца Памарайская вуліца
Памарайскі завулак
17 верасьня плошча Рынак пляц 11 лістапада пляц
Кастрычніцкая вуліца Савіцкая вуліца
Леніна вуліца Замкавая вуліца Касьцельная вуліца
Савецкая вуліца Гальшанская вуліца
Беліцкая вуліца[19]
Гарадзенская вуліца
Фрунзэ вуліца Дварэцкая вуліца
Чырвонаармейская вуліца Слонімская вуліца[20]

З урбананімічнай спадчыны Зьдзецелу да нашага часу гістарычную назву захавала толькі вуліца Наваградзкая.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадпрыемствы харчовай, дрэваапрацоўчай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасьці.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічае Зьдзецельскі гістарычна-краязнаўчы музэй[21]. Спыніцца можна ў гатэлях «Ліпічанка», «Дзядзя Ваня».

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Камяніцы на Рынку
Камяніцы на Рынку

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Царква могілкавая (ХІХ ст.)

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Зьнішчэньне традыцыйнай гістарычнай тапанімікі — адзін з захадаў палітыкі гвалтоўнай русіфікацыі і дэнацыяналізацыі беларусаў

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Ткачоў М. Замкі і людзі. — Мн., 1991. С. 159.
  3. ^ а б Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 115.
  4. ^ а б в Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзятлаўскага р-на. — Мн.: Універсітэцкае, 1997.
  5. ^ а б Шаблюк В. Дзятлава // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 256.
  6. ^ Насевіч В. Слонімскі павет // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 340—341.
  7. ^ Вячорка В., Карней І. Гарады з «памылкамі» ў назвах: Дзятлава ці Зьдзецел?, Радыё Свабода, 22 жніўня 2019 г.
  8. ^ Соркіна І. Палітыка царызму адносна гарадоў Беларусі ў кантэксце гістарычнай памяці і ідэнтычнасці гараджанаў // Трэці міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі. Працоўныя матэрыялы. Том 3. 2014. С. 377.
  9. ^ Гарбацэвіч А. 9 беларускіх гарадоў, якім варта вярнуць спрадвечныя назвы, Наша Ніва, 27 траўня 2016 г.
  10. ^ а б в г д Ярашэвіч А. Дзятлава // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 590.
  11. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  12. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 414.
  13. ^ Witanowski M. Zdzięcioł // Słownik geograficzny... T. XIV. — Warszawa, 1895. S. 556.
  14. ^ БЭ. — Мн.: 1998 Т. 6. С. 164.
  15. ^ Перепись населения — 2009. Гродненская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  16. ^ Статистический бюллетень «Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа»
  17. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  18. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  19. ^ Красюк Ф. Мястэчкі. Частка 3 // «Перамога» №53, ліпень 2011.
  20. ^ Красюк Ф. Мястэчкі. Частка 3 // «Перамога» №47, чэрвень 2011.
  21. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]