Жыгімонт Кейстутавіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Жыгімонт Кейстутавіч
лац. Žygimont Kiejstutavič[1]
Жыгімонт Кейстутавіч. Невядомы мастак, XIX ст.
Вялікі князь літоўскі
1432 — 1440
Папярэднік Сьвідрыгайла
Наступнік Казімер
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1365,
Памёр 20 сакавіка 1440, Трокі
Нашчадкі Міхал
Дынастыя Гедзімінавічы
Бацька Кейстут
Маці Бірута

Жыгімонт Кейстутавіч, Жыгімонт I[2] (каля 1365 — 20 сакавіка 1440) — вялікі князь літоўскі (1439—1440).

Імя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя артыкулы: Жыгімонт і Імёны ліцьвінаў

Зігімунд, Зігімунт, Зігісмунд або Зігісмонд, пазьней Зыгмунд, Зыгмант або Жыгмант (Sigimund, Sigimunt, Sigismund, Sigismondus[3], Siegmund, Zygmont[4], Żygmont[4]) — імя германскага паходжаньня[5]. Іменная аснова сіг- (зыг-, зег-) (імёны ліцьвінаў Зігібут, Зыгел, Зыгер; германскія імёны Sigibot, Sigel, Siger) паходзіць ад гоцкага і бургундзкага sigus 'перамога'[6], а аснова -мунд- (-мунт-, -монт-) (імёны ліцьвінаў Монтгерд, Валімонт, Скірмунт; германскія імёны Mundgerd, Walmont, Sciremunt) — ад германскага *mundô 'рука, абарона, крэўнасьць'[7] або гоцкага munds 'моц розуму, імкненьне', mundrs 'гарлівы, палкі'[6]. Такім парадкам, імя Жыгімонт азначае «перамога гарлівасьці»[8].

Адпаведнасьць імя Жыгімонт германскаму імю Sigimund сьцьвердзілі францускі лінгвіст-германіст Раймонд Шмітляйн, які на падставе шматгадовых дасьледаваньняў прыйшоў да высноваў пра германскае паходжаньне літоўскіх уласных імёнаў[9], і амэрыканскі лінгвіст Альфрэд Зэн[10].

Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: Sigismundus dei gracia dux Littuanie frater germanus Allexandri alias Witoldi magni ducis Littuanie etc. (11 лістапада 1411 год)[11]; Sigismundi fratris germani ducis Witawdi (1 лютага 1411 году)[12]; Sigismundo Keystodii duci Lithwanie (23 сьнежня 1427 году)[13]; Sigismund Kenstuthewicz[14], Sigismundus Kenstuthewicz[15] (22 чэрвеня 1431 году); Sigismundi Kyestutowicz[16], Sigesmundi Kenstuthowycz[17] (1 верасьня 1431 году); herczog Segemund (4 верасьня 1432 году)[18]; Nos Sigismundus Dei gratia magnus dux Lithwaniae, Russiaeąue etc. (24 верасьня 1432 году)[19]; herczoge Segemont… herczog Segemond (12 сьнежня 1432 году)[20]; herczog Sigemund (студзень 1433 году)[21]; herczog Sigemundt (красавік 1433 году[22], 12 студзеня 1434 году[23]); Segemund (17 ліпеня 1433 году)[24]; et Sigismundi magni ducis Lythuanie (31 ліпеня 1433 году)[25]; herczog Sigmund (1433 год[26], 16 кастрычніка 1436 году[27]); Proinde nos Sigismundus Dei gracia magnus dux Lithvanie necnon terrarum Russie dominus et heres (15 верасьня 1434 году)[28]; herczog Segemonth (4 лістапада 1434 году)[29]; Proinde nos Sigismundus Dei gratia magnus dux Lithwanie, Russie etc. (15 лютага 1436 году)[30]; herczogh Segemundt (15 ліпеня 1437 году)[31]; отъ великого князя Жикгимонта (сакавік 1440 году)[32]; Segemunth (29 чэрвеня 1451 году)[33].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жыгімонт Кейстутавіч на вялікай пячаці
Уяўны партрэт Жыгімонта Кейстутавіча. М. Барвіцкі, 1908 г.

Малодшы сын Кейстута і Біруты, брат Вітаўта. У час змаганьня за ўладу паміж Вітаўтам і Ягайлам быў зьняволены апошнім (1382—1384). У 1384 годзе ў Прусіі разам зь Вітаўтам склаў дамову з Тэўтонскім ордэнам супраць Ягайлы, але ў 1386 годзе прысягнуў яму. У 1389 годзе Вітаўт паслаў Жыгімонта ў Прусію дзеля перамоваў пра супольныя з Ордэнам выступленьні супраць Ягайлы. Да 1398 году быў закладнікам у вялікага магістра ў Марыенбурзе. Па вяртаньні атрымаў ад Вітаўта Старадубскае княства[34].

Браў удзел у перамовах і складаньні пагадненьняў з Тэўтонскім ордэнам у 1398, 1411, 1422 і 1431 гадох, уніяў з Польшчай. Удзельнічаў у бітве на Ворскле ў 1399 годзе і Грунвальдзкай бітве ў 1410 годзе.

У час уладараньня Вітаўта ня меў палітычнага ўплыву, падтрымліваў брата. Па сьмерці Вітаўта і абраньня вялікім князем літоўскім Сьвідрыгайлы ў 1432 годзе ўдзельнічаў у змове супраць яго прапольска настроенай часткі князёў і баяраў Вялікага Княства Літоўскага і польскіх паноў, якія намагаліся ўзмацніць унію з Польшчай і пашырыць польскі ўплыў на палітыку Вялікага Княства Літоўскага. Па ўцёках Сьвідрыгайлы ў Полацак Жыгімонт абвясьціў сябе вялікім князем, яго ўладу прызналі Вільня, Трокі, Коўна, Жамойць, Горадня, Менск, у выніку ўзброенага падпарадкаваньня — Берасьце. Па гэтым, імаверна бачачы свае цяжкае становішча, на бок Жыгімонта перайшла Наваградчына. Астатнія землі засталіся адданымі Сьвідрыгайлу, які замацаваўся ў Віцебску[35].

Паміж Сьвідрыгайлам і Жыгімонтам пачалося змаганьне — грамадзянская вайна 1432—1439 гадоў. Каб залучыць на свой бок фэўдалаў зь незалежніцкай партыі, спачатку 15 кастрычніка 1432 году ад імя Ягайлы быў выдадзены агульназемскі прывілей 1432 году, паводле якога праваслаўныя фэўдалы атрымлівалі ўсе льготы, атрыманыя каталіцкай арыстакратыяй у выніку Гарадзельскай уніі (апроч скасаваньня выплачваньня дзякла), па чым у тых жа мэтах Жыгімонт выдаў Троцкі прывілей 1434 году, якім пашырыў усе правы, дадзеныя прывілеям 1387 году і Гарадзельскім прывілеям 1413 году фэўдалам, што прынялі каталіцтва, на ўсіх фэўдалаў Вялікага Княства Літоўскага незалежна ад іх веравызнаньня[36]. Але значная частка фэўдалаў Вялікага Княства Літоўскага ўсё адно не падтрымлівала Жыгімонта, бо ён вёў палітыку на падпарадкаваньне Вялікага Княства Літоўскага Польшчы. У выніку цяжкай паразы ў бітве пад Вількамірам у 1435 годзе падтрымкі ў Сьвідрыгайлы значна паменела, неўзабаве Жыгімонт стаў адзінаўладным вялікім князем. Нягледзячы на значныя апалчэньні ўсходнеславянскіх фэўдалаў з усходняй часткі ВКЛ, сабраных Сьвідрыгайлам для бітвы пад Вількамірам, Жыгімонт забясьпечыў сабе перамогу значна меншым паводле колькасьці войскам з прычыны слабай арганізацыі аддзелаў Сьвідрыгайлы і вялікае колькасьці наймітаў у аддзелах Жыгімонта (пераважна польскіх). Па паразе Сьвідрыгайлы пад Вількамірам на бок Жыгімонта неўзабаве перайшла Смаленская зямля, адносна значная апазыцыя Жыгімонту захавалася толькі ў Полацкай, Віцебскай землях і асабліва на Падольлі, хоць першыя дзьве неўзабаве таксама прызналі вяршэнства Жыгімонта.

Жыгімонт быў занадта падазроным, імаверна ведаючы, што незалежніцкая партыя ўсё адно мае шмат прыхільнікаў, таму ўвесь час шукаў змоўнікаў, нават уяўных, жорстка караў іх, канфіскоўваў маёнткі, выносіў сьмяротныя выракі. Ад гэта нават пайшлі чуткі, што ён жадае вынішчыць усіх князёў і баяраў. Супраць Жыгімонта арганізавалася змова князёў Івана і Аляксандра Чартарыйскіх, віленскага ваяводы Даўгерда і троцкага ваяводы Лялюша, якія належалі да незалежніцкай партыі і мелі зьвязак зь Сьвідрыгайлам. У выніку змовы Жыгімонта забілі ў Троцкім замку[37]. Іншыя вэрсіі тлумачаць забойства Жыгімонта ягоным імкненьнем адасобіцца ад уплыву Польшчы па сваім замацаваньні на стальцы, па чым палякі арганізавалі забойства князя.

Мова і культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя артыкулы: Ліцьвіны і Русіны

У сваёй лацінамоўнай грамаце касьцёлу ў Геранёнах, складзенай у 1411 годзе, упамінаў гутарковую (vulgariter dicitur) меру «пуд воску» (pud vosku)[38]. У дароўнай грамаце 1434 году, якой ужо будучы вялікім князем запісаў Віленскай катэдры наданьні ў Медніцкай, Дубінскай, Лынгмянскай і Немянчынскай воласьцях, упаміналіся загароджы на рацэ, якія «па-народнаму» называліся «язы»[a] (vulgariter jazi). У грамаце касьцёлу ў Малым Мядзеле, складзенай у 1440 годзе, прызначаў даніну «мыта або тарговага» (mitha alias targowego) і ўпамінаў раку «зь язам» (alias z jazem)[41]. Гэта адпавядае многім іншым тагачасным лацінскім граматам літоўскіх князёў і баяраў, дзе з азначэньнем «народны» («гутарковы») падаваліся менавіта беларускія словы[42].

Да акту фундацыі касьцёла ў Геранёнах (1411 год) прывесіў пячаць з рускім надпісам[43]:

ПЕЧАТЬ КНЯЗЯ ЖИКГИМОНТА

Пячаць з такім жа рускім надпісам змацоўвае ліст яго брата Вітаўта ад 14 кастрычніка 1398 году, адрасаваны крыжацкаму вялікаму магістру[44]. Апроч таго, прывесіў пячаць з падобным рускім надпісам да акту Мельнскага міру (1422 год)[45]:

ПЕЧАТЬ КНЯ(зя) ЖИКГИМАНТА

У 1433 годзе пісаў на беларускай («рускай») мове да Ягайлы[46][47].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Партрэты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пячаці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Папярэднік
Сьвідрыгайла
Вялікі князь літоўскі
1432—1440
Наступнік
Казімер

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Паводле Этымалягічнага слоўніка беларускай мовы НАН Беларусі, «Ез — 'перагародка, якую ставяць рыбакі на рацэ з праходам, у якім расстаўляюць нерат' <...> (гл. таксама яз)»[39], таксама шэраг прыкладаў ужываньня гэтага слова ў форме «яз» падае Гістарычны слоўнік беларускай мовы[40]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Жыґімонт = Žygimont // Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс) / Уклад. калектыў супрацоўнікаў выдавецтва «Наша Ніва». — Наша Ніва, 2001.
  2. ^ Насевіч В. Генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў 12—18 стагоддзяў. — Менск: БелЭН, 1993.
  3. ^ Morlet M.-T. Les noms de personne sur le territoire de l’ancienne Gaule du VIe au XIIe siècle. T. I: Les noms issus du germanique continental et les créations gallo-germaniques. — Paris, 1971. P. 198.
  4. ^ а б Słownik etymologiczno-motywacyjny staropolskich nazw osobowych. T. 5: Nazwy osobowe pochodzenia niemieckiego. — Kraków, 1997. S. 179.
  5. ^ Förstemann E. W. Altdeutsches Namenbuch. Bd. 1: Personennamen. — Bonn, 1900. S. 1330.
  6. ^ а б Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 18.
  7. ^ Kremer D. Die Germanischen Personennamen in Katalonien // Estudis romànics. Nr. 14, 1972. S. 180.
  8. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 23.
  9. ^ Schmittlein R. Toponymes finnois et germaniques en Lituanie // Revue internationale d’onomastique. Nr. 2, 1948. P. 102.
  10. ^ Senn A. Zur Bildung litauischer Gewässernamen // Annali. Sezione Slava. Istituto Universitario Orientale di Napoli. 2 (1959). P. 46.
  11. ^ Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wilenskiej. T. 1, z. 1: 1387—1468. — Kraków, 1932. S. 87.
  12. ^ Spory i sprawy pomiędzy Polakami a Zakonem Krzyżackim. T. 2. — Poznań, 1892. S. 460.
  13. ^ Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wilenskiej. T. 1, z. 1: 1387—1468. — Kraków, 1932. S. 128.
  14. ^ Liv-, Esth- und Curländisches Urkundenbuch nebst Regesten / Hrsg. von F. G. von Bunge. Bd. 8. — Riga; Moskau, 1884. S. 272.
  15. ^ Liv-, Esth- und Curländisches Urkundenbuch nebst Regesten / Hrsg. von F. G. von Bunge. Bd. 8. — Riga; Moskau, 1884. S. 273.
  16. ^ Бучинський Б. Кілька причинків до часів вел. князя Свитригайла (1430—1433) // ЗНТШ. Т. 76. — Львів, 1907. С. 136.
  17. ^ Бучинський Б. Кілька причинків до часів вел. князя Свитригайла (1430—1433) // ЗНТШ. Т. 76. — Львів, 1907. С. 135.
  18. ^ Полехов С. В. Наследники Витовта. — М., 2015. С. 518.
  19. ^ Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wilenskiej. T. 1, z. 1: 1387—1468. — Kraków, 1932. S. 144.
  20. ^ Rowell S. Bears and Traitors, or: Political Tensions in the Grand Duchy, ca. 1440—1481 // Lithuanian Historical Studies. Vol. 2, 1997. P. 54.
  21. ^ Полехов С. В. Наследники Витовта. — М., 2015. С. 310.
  22. ^ Полехов С. В. Наследники Витовта. — М., 2015. С. 288.
  23. ^ Полехов С. В. Наследники Витовта. — М., 2015. С. 533.
  24. ^ Полехов С. В. Наследники Витовта. — М., 2015. С. 335.
  25. ^ Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wilenskiej. T. 1, z. 1: 1387—1468. — Kraków, 1932. S. 146.
  26. ^ Полехов С. В. Наследники Витовта. — М., 2015. С. 313.
  27. ^ Полехов С. В. Наследники Витовта. — М., 2015. С. 534.
  28. ^ Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wilenskiej. T. 1, z. 1: 1387—1468. — Kraków, 1932. S. 153.
  29. ^ Rowell S. Bears and Traitors, or: Political Tensions in the Grand Duchy, ca. 1440—1481 // Lithuanian Historical Studies. Vol. 2, 1997. P. 55.
  30. ^ Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wilenskiej. T. 1, z. 1: 1387—1468. — Kraków, 1932. S. 164.
  31. ^ Полехов С. В. Наследники Витовта. — М., 2015. С. 426.
  32. ^ Полехов С. В. Наследники Витовта. — М., 2015. С. 537.
  33. ^ Полехов С. В. Наследники Витовта. — М., 2015. С. 472.
  34. ^ Žyhimont Kiejstutavič // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London, 1998. P. 225.
  35. ^ Грыцкевіч А. Жыгімонт Кейстутавіч // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 379.
  36. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 76.
  37. ^ Грыцкевіч А. Жыгімонт Кейстутавіч // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 630.
  38. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 11.
  39. ^ Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 3. — Мн., 1985. С. 184.
  40. ^ Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Вып. 37. — Менск: Беларуская навука, 2017. С. 300.
  41. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 177.
  42. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 39—46.
  43. ^ Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wilenskiej. T. 1, z. 1: 1387—1468. — Kraków, 1932. S. 86.
  44. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 115.
  45. ^ Dokumenty strony polsko-litewskiej pokoju mełneńskiego z 1422 roku. — Poznań, 2004. S. 74.
  46. ^ Ліцкевіч А. Да пытання пра рутэнізацыю балтаў ВКЛ у XV — пачатку XVI стст. // ARCHE Пачатак. № 11—12, 2009. С. 68—69.
  47. ^ Halecki O. Z Jana Zamoyskiego inwentarza archiwum koronnego. Materyały do dziejów Rusi i Litwy w XV wieku. — Kraków, 1917. S. 210—214.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]