Кайзэр

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кайзэр Аўстрыйскай імпэрыі, Франц II (1804—1835)

Ка́йзэр (па-нямецку: Kaiser) — старое запазычаньне ў германскіх мовах з латыні, з лац. caesar, цэзар; на старажытнае запазычаньне паказвае захаваньне пачатковага k.

Уласна, па-нямецку гэтае слова значыць «імпэратар» і ўжываецца ў нямецкамоўных краінах да імпэратараў усіх часоў і народаў, але ў іншых эўрапейскіх мовах кайзэрамі звычайна завуць толькі трох імпэратараў Нямецкай імпэрыі (1871—1918): Вільгельма I, Фрыдрыха III і Вільгельма II. Да гэтага пэрыяду прыкладаецца назва «кайзэраўская Нямеччына».

Радзей слова «кайзэр» ужываецца (ня толькі па-нямецку) у дачыненьні да імпэратараў Сьвятой Рымскай і Аўстрыйскай імпэрыяў, дзе дамінантнай мовай таксама была нямецкая. У дарэвалюцыйнай Расеі да імпэратараў Сьвятой Рымскай Імпэрыі звычайна ўжывалася слова «кесар».

Пасьля заняпаду Канстантынопаля турэцкія султаны насілі тытул Кайзэр-і-Рум (Рымскі Кайзэр).