Калыханка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Калыха́нка — адзін з найстарэйшых жанраў дзіцячай літаратуры; простая паводле зьместу і выяўленчых сродкаў пяшчотная песенька, пад якую маці закалыхваюць сваіх дзяцей. Дзякуючы калыханцы дзіця хутчэй і лягчэй авалодвае роднай мовай, атрымлівае першыя ўяўленьні пра навакольны сьвет, разьвівае пачуцьцё моўнага і музычнага рытму, знаёміцца з асновамі паэтычнай творчасьці (рытм, рыфма, гукапіс). Калыханкі зьяўляюцца адной з найстарэйшых формаў фальклёру.

Калыханкі разлічаныя на незвычайнага слухача — дзіця, якое нават не разумее словаў. Гэтая акалічнасьць абумовіла форму песьні (мэлёдыю і рытм), а таксама даступнасьць зьместу, прастату кампазыцыі, займальнасьць.

У калыханках мы часта знаходзім успаміны пра сон, дрымоту, якія часам зьяўляюцца адухоўленымі істотамі, якія прыходзяць да чалавека:

Ходзіць каток па сяле,

Носіць сон у кашале.

Ходзіць каток па капусьце,

Носіць сон у белай хусьце,

Бабы катка злапалі,

Сон для дзетак забралі.

Калыханкі знаёмяць дзіця з навакольным сьветам, расказваюць пра свойскіх жывёлаў, птушак, розных зьвяроў, іхнія прыгоды і ўчынкі. Галоўным пэрсанажам большасьці калыханак зьяўляецца кот:

Пайдзі, коця, на вулку,

А дзіця ў люльку.

На ката варкота,

А на дзіця дрымота.

На ката безгалоўе,

А на дзіця здароўе,

На ката ўсё ліха,

А ты, дзіця, сьпі ціха.

У калыханках кот — жаданы госьць у хаце, яго клічуць закалыхаць, дапамагчы прыспаць дзіця:

Прыйдзі, прыйдзі, коця,

Маня спаці хоча.

Хоча, хоча да ня сьпіць,

Трэба яе прысыпіць.

Побач з катом у калыханках любімымі пэрсанажамі зьяўляюцца птушкі — куры, зь якімі даводзіцца дзіцяці знаёміцца вельмі рана, і галубы, або гулі, вулі:

Ааа, ааа, люлі,

Прыляцелі куры,

Селі на варотах

У чырвоных ботах.

Сталі куркі сакатаць —

Трэба куркам есьці даць.

Пасыпем ім грэчкі,

Каб нясьлі яечкі.

Куры грэчкі не ядуць

І яечак не нясуць.

Сталі куркі сакатаць —

А што куркам есьці даць?

Пасыпем гароху,

Хай ядуць патроху.

І гароху не ядуць,

І яечак не нясуць.

Злазьце, куркі, вы з варот

Ды ідзіце ў агарод,

Бо дзіцяці трэба спаць,

А мне яго калыхаць.

А вы, куркі, — гультаі,

Дык хадзіце па ральлі.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]