Куманава

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Куманава
мак. Куманово
Куманава
Герб Куманава Сьцяг Куманава
Дата заснаваньня: 1094
Краіна: Паўночная Македонія
Плошча: 509,48 км²
Вышыня: 330 м н. у. м.
Насельніцтва
колькасьць: 70 842 чал. (2002)
шчыльнасьць: 139,05 чал./км² (2002)
этнічны склад: македонцы — 62,60%, альбанцы — 23,96%, сэрбы — 6,86%, цыганы — 5,32%
Тэлефонны код: 031
Паштовы індэкс: 1300
Геаграфічныя каардынаты: 42°7′56″ пн. ш. 21°42′52″ у. д. / 42.13222° пн. ш. 21.71444° у. д. / 42.13222; 21.71444Каардынаты: 42°7′56″ пн. ш. 21°42′52″ у. д. / 42.13222° пн. ш. 21.71444° у. д. / 42.13222; 21.71444
Куманава на мапе Паўночнай Македоніі
Куманава
Куманава
Куманава
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
www.kumanovo.gov.mk

Кума́нава (па-македонску: Куманово) — места ў Паўночнай Македоніі. Цэнтар аднайменнага муніцыпалітэту. Насельніцтва на 2002 год — 70 842 чал.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першыя пісьмовыя згадкі аб асобных сучасных вёсках у рэгіёне вакол Куманава адносяцца да XIV стагодзьдзя. Горад згадваецца ў 1530 годзе як вёска. Паводле зьвестак Куманава быў заснаваны турэцкімі каляністамі з Малой Азіі і спачатку быў заселены туркамі, а потым альбанцамі-мусульманамі. Славянскае насельніцтва прыйшло ў горад у канцы XVIII стагодзьдзя, але ягоная колькасьць павялічылася толькі ў пачатку XIX стагодзьдзя[1].

У 1689 годзе правадыр Карпаш, які служыў камандзірам асманскіх хрысьціянскіх дапаможных сілаў, скарыстаўся аслабленьнем асманаў і незадаволенасьцю, выкліканай павышэньнем падаткаабкладаньня ў Асманскай імпэрыі. Ён зарганізаваў паўстаньне, а Аўстрыя зьдзейсьніла напад на асманаў. Паўстаньне Карпаша хутка пашырылася, у выніку былі вызвалены Кратава, Крыва-Паланка, Куманава, Качанік і іншыя гарады. Затым поруч з аўстрыйскім войскам на чале з імпэратарам Леапольдам I мясцовае хрысьціянскае насельніцтва пазмагалася за вызваленьне Скоп’я і Шціпа. Пазьнейшыя зьмены ў вайскова-палітычнай сытуацыі на Балканах зрабілі вырашальны ўплыў на паўстаньне. Аўстрыйскае войска было вымушанае адысьці, а ўзмоцненыя асманы напалі на паўстанцаў, узяўшы Крыва-Паланку, апору паўстанцаў, а затым абрынулі сваю моц на Куманава і ягоную нядаўна збудаваную крэпасьць, дзе яны захапілі Карпаша і забілі яго ў Скоп’е на Каменным мосьце праз Вардар.

Куманава ў 1923 годзе.

Не зважаючы на тое, што горад у хуткім часе стаў адміністрацыйным цэнтрам правінцыі, аднак зьведаў пэрыяд стагнацыі. У кнізе 1861 году аўстрыйскага дыплямата Ёгана Георга фон Гана сьцьвярджалася, што ў горадзе было 650 жылых дамоў, зь якіх 300 былі ва ўладаньні ў мусульманаў і 350 — у хрысьціянаў-баўгараў. Яшчэ 30 дамоў належалі цыганскім сем’ям, а агулам насельніцтва сягала 3500 чалавек[2]. Куманаўскае паўстаньне пад кіраўніцтвам сэрбскіх акруговых начальнікаў Куманава і навакольных рэгіёнаў цягнулася з 20 студзеня па 20 траўня 1878 году. Правадыры зьвярнуліся да сэрбскага князя Мілана IV па дапамогу паўстаньню, а таксама паабяцалі сваю адданасьць, ляяльнасьць і зьвяз з Сэрбіяй. Паўстанцы былі канчаткова разьбітыя брыгадным генэралам Хафуз-пашам.

У кастрычніку 1912 году за часам Першай балканскай вайны сэрбскія войскі, ачоленыя генэралам Радамірам Путнікам, здабылі вырашальную перамогу над асманамі на поўнач ад гораду. Двухдзённая бітва пры Куманаве паклала канец асманскай уладзе ў Вардарскай Македоніі і паспрыяла інтэграцыі рэгіёна ў Сэрбію і, адпаведна, у Югаславію. Увесь рэгіён Македоніі быў падзелены на тры часткі паміж Сэрбіяй, Грэцыяй і Баўгарыяй паводле Бухарэсцкай дамовы ў 1913 годзе. Альбанскае паўстаньне ў Македоніі спачатку пачалося ў гарах на ўскраіне Тэтава, а затым распаўсюдзілася ў траўні 2001 году на рэгіён Куманава, галоўным чынам на поўначы. Узброены канфлікт у Куманаве галоўным чынам прывёў да падзелу сыстэмы адукацыі паводле этнічных прыкметаў.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Dimova, Rozita (2013). «Ethno-Baroque: Materiality, Aesthetics and Conflict in Modern-Day Macedonia». Berghahn Books. — С. 97. — ISBN 1782380418.
  2. ^ von Hahn, Johann Georg (1861). «Reise von Belgrad nach Salonik». Viena.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]