Лекі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Упакоўкі зь лекавымі сродкамі

Лекі (лекавыя сродкі) — фармакалягічныя сродкі (рэчывы або сумесі рэчываў), якія прайшлі клінічныя выпрабаваньні і дазволеныя да прымяненьня ў прафілактыцы, дыягностыцы і лячэньні захворваньняў ўпаўнаважанымі на тое органамі краіны ў вызначаным парадку, атрыманыя з крыві, плязмы крыві, а таксама органаў, тканак чалавека ці жывёлаў, расьлінаў, мінэралаў, мэтадам сынтэзу або з ужываньнем біятэхналёгіяў. Такім чынам, да лекавых сродкаў адносяцца рэчывы расьліннага, жывёльнага ці сынтэтычнага паходжаньня, якія валодаюць фармакалягічнай актыўнасьцю і прызначаныя для вытворчасьці і вырабу лекавых формаў. Лекі дапамагаюць аднавіць фізыялягічныя функцыі чалавека або жывёлаў, аказваючы фармакалягічнае, імуналягічнае або мэтабалічнае ўзьдзеяньне на арганізм, таго, хто прыняў лекі. Яны вырабляюцца ў вялікай колькасьці фармацэўтычнымі кампаніямі ў якасьці гатовага прадукту. Гэта гатовы прадукт можа быць выкарыстаны толькі з дазволу кампэтэнтнага органа. Акрамя таго, выдача лекаў жорстка рэгулюецца. Большасьць прэпаратаў могуць быць прададзеныя толькі ў аптэках, шмат зь іх толькі паводле прызначэньня лекара.

Фармакалёгія зьяўляецца навукай, якая вывучае ўзаемадзеяньне паміж лекавымі сродкамі і целам. Розныя працэсы цела ўцягнутыя ў паглынаньне, разьмеркаваньне, трансфармацыю і экскрэцыю лекавых сродкаў. Фармакалягічнае дзеяньне лекаў палягае на ўзаемадзеяньне з канкрэтным мэтавым органам у арганізьме, тым самым уплываючы на функцыі арганізма. Сума жаданых эфэктаў прэпарата, гэтак званая актыўнасьць, прыводзіць да палягчэньня або лячэньня захворваньня. Гэтая эфэктыўнасьць амаль заўсёды суправаджаецца пабочнымі эфэктамі, то бок лекі маюць, такім чынам, двусечны характар​​: балянс выгодаў і рызык зьяўляецца цэнтральнай праблемай у галіне распрацоўкі, зацьвярджэньня і выкарыстаньня лекаў. Лекі зьяўляюцца аднымі з самых важных інструмэнтаў у мэдыцыне.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лекі выкарыстоўваюцца на працягу тысячагодзьдзяў, то бок травяныя лекавыя прэпараты і многія іншыя рэчывы ўжываліся для лячэньня хваробаў і паляпшэньня самачуцьця са старажытных часоў. Разьвіцьцё прэпаратаў на навуковай аснове пачалося ў XIX стагодзьдзі, дасягнуўшы значнага прыросту ў XX стагодзьдзі. У той жа час індывідуальны выраб лекаў у аптэцы, як гэта было распаўсюджана раней, у значнай ступені выцесьнены прамысловай вытворчасьцю. Выкарыстаньне сучасных лекаў дапамагло значна зьнізіць сьмяротнасьць з-за інфэкцыйных захворваньняў з дапамогай вакцынаў і антыбіётыкаў. Зь іншага боку, XX стагодзьдзе было азмрочана некалькімі буйнымі лекавымі скандаламі, якія прывялі да перагляду распрацоўкі і вытворчасьці лекаў, а таксама да больш пільнага кантролю за іхнай якасьцю і бясьпекай.

На 1 студзеня 2005 году ў сьвеце існавала звыш 10 000 улічаных гандлёвых найменьняў лекаў, зь іх звыш 5000 у Беларусі. Гэтыя гандлёвыя найменьні прадстаўлялі звыш 1500 міжнародных незапатэнтаваных назваў лекаў[1].

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2015 г. дзель беларускіх лекаў на рынку краіны склала 52,2% у грашовым выражэньні[2]. У 2016 годзе ў Беларусі прадалі лекаў на $636,8 млн (96,3% да ўзроўню 2015 году), зь іх дзель беларускіх лекаў у вартасным выражэньні склала 51,9% ($330,5 млн). Замежны збыт беларускіх лекаў параўнальна з 2015 г. вырас на 12% да $115 млн (звыш 25% вырабленых у Беларусі лекаў). Лекі вывозілі ў 29 краінаў, зь іх звыш паловы адгрузілі ў Расею. Рэшту ў асноўным паставілі ў ЗША, Сырыю, Іран, Ірак, Аўганістан і Пакістан. На 1 сакавіка 2017 году на ўліку ў Беларусі стаялі 4,5 тыс. лекаў, зь іх 1,6 тыс. беларускай вытворчасьці (35,6%). У Беларусі пераважна распрацоўвалі больш даступныя замяшчальнікі (лекі-адпаведнікі) замежных лекаў першаснай распрацоўкі[3].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Надзея Нікалаева. Чым больш лекаў, тым лепш // Зьвязда : газэта. — 21 красавіка 2012. — № 79 (27194). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Доля беларускіх лекаў на ўнутраным рынку перавысіла 52 працэнты // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 28 студзеня 2016 г. Праверана 1 лютага 2016 г.
  3. ^ Экспарт беларускіх лекаў у 2016 годзе ўзрос на 12 працэнтаў да $115 млн // БелТА, 21 сакавіка 2017 г. Архіўная копія ад 21 сакавіка 2017 г. Праверана 4 красавіка 2017 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]