Мікалай Сапега (сын Мікалая)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мікалай Сапега
Мікалай Сапега «Пабожны»
Мікалай Сапега «Пабожны»

Герб «Ліс»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся каля 1581
Памёр 14 сакавіка 1644
Пахаваны
Род Сапегі
Бацькі Мікалай Сапега
Ганна зь Вішнявецкіх
Жонка Ядвіга Ганна з Войнаў
Альжбета з Прусіноўскіх
Дзеці ад Казімер Мэльхіадэс, Ян Фэрдынанд, Гальшка, Тэрэза, Яна Пэтранэля

Мікалай Сапега (мянушка «Пабожны»; каля 1581 — 14 сакавіка 1644) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Харунжы вялікі літоўскі (1627—1638), ваявода менскі (1638) і берасьцейскі (1638—1642), кашталян віленскі (з 1642).

Валодаў Коднем (збудаваў тамака касьцёл і шпіталь), Вішніцай, Заазер'ем, Мсьціжам[2].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Партрэт XVIII ст.

З магнацкага роду Сапегаў гербу «Ліс», сын Мікалая, ваяводы віцебскага, і Ганны зь Вішнявецкіх. Навучаўся ў езуцкім калегіюме ў Брунсбэргу (Браневе), унівэрсытэтах Вены, Трыру, Майнцу, Парыжу.

Абіраўся паслом на соймы, дэпутатам Трыбуналу Вялікага Княства Літоўскага. Быў каралеўскім сакратаром, займаў шэраг дзяржаўных пасадаў.

У 1629—1636 гадох вымураваў у Кодзені касьцёл Сьвятой Ганны на ўзор базылікі Сьвятога Пятра ў Рыме. Тамака ж зьмясьціў абраз Маці Божай Гвадэлюпскай (пазьней абраз Маці Божай Кодзеньскай).

У шлюбе зь Ядвігай Ганнай Войнай меў сыноў Казімера Мэльхіадэса і Яна Фэрдынанда; дачок Гальшку, Тэрэзу і Яну Пэтранэлю. Па сьмерці першай жонкі пабраўся шлюбам з Альжбетай Прусіноўскай.

Абраз Маці Божай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

М. Сапега і абраз

Абраз Маці Божай Коданьскай М. Сапега прывез з Рыму, куды накіраваўся ў часе цяжкай хваробы. Папа Урбан VІІІ прыняў князя і падараваў яму мноства рэліквіяў. У часе імшы ў Ватыканскім араторыі М. Сапега пабачыў у алтары абраз Маці Божай Грыгарыянскай (ці Гвадэлюпскай). Абраз яму гэтак спадабаўся, што князь наважыўся ўсякімі сродкамі вывезьці сьвятыню на Літву. Падкупіўшы закрыстыяна капліцы за 500 дукатаў, М. Сапега завалодаў абразам і сьпешна зьехаў з Рыму.

Празь некалькі дзён крадзёж выкрылі, закрыстыяна ледзь не прысудзілі да спаленьня. Суд нунцыя ў Варшаве прысудзіў М. Сапегу год вязьніцы, вяртаньне абраза і рэліквіяў, пешую пілігрымку да Рыму і будову касьцёла.

М. Сапега накіраваў у Рым пляменьніка просячы дараваць віну і пакінуць абраз у Кодзені. У 1635 годзе ён сам зьявіўся ў Рыме і здолеў улагодзіць справу. Абраз застаўся ў Літве: відаць, паўплывала дапамога нунцыю на Сойме 1635 году, у справе не дапушчэньня шлюбу караля з кальвіністкай.

У выніку, луцкаму біскупу даручылі зьмясьціць сьвятыню ў новым касьцёле ў Кодзені. М. Сапега ахвяраваў на абраз кароны, скіпэтар, сымбалі сонца і месяца.

Крыніца[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Гісторыя Сапегаў : жыццяпісы, маёнткі, фундацыі (белар.)Мінск: Віктар Хурсік, 2017. — С. 89. — 586 с. — ISBN 978-985-7025-75-6
  2. ^ Грыцкевіч А. Сапегі // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 225.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мікалай Сапега (сын Мікалая)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў