Паўстаньне 1830—1831 гадоў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Лістападаўскае паўстаньне
Панарама Марціна Залескага «Узяцьце варшаўскага арсэналу»
Дата: 29 лістапада 1830 — 21 кастрычніка 1831
Месца: Царства Польскае, Летува, Беларусь, Правабярэжная Ўкраіна
Вынік: Перамога Расеі. Абвяшчэньне царства Польскага часткай Расейскай імпэрыі, скасаваньне сойму і польскага войска. Колішні адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на «ваяводзтвы» быў заменены падзелам на «губэрні». Распаўсюджваньне на тэрыторыі Беларусі, Летувы і Польшчы дзейных ва ўсёй імпэрыі манэтнай сыстэмы, сыстэмы мераў і вагаў.
Супернікі
Царства Польскае Расейская імпэрыя
Камандуючыя
Юзэф Хлапніцкі
Міхал Гедэон Радзівіл
Ян Скржынецкі
Генрых Дэмбінскі
Казімер Малахоўскі
Мікалай I
Іван Дзібіч-Забалканскі
Іван Паскевіч
Колькасьць
150 000[1]180 000 — 200 000
Страты
40 000 забітых і параненых[1]22 000 — 23 000 забітых

Паўстаньне 1830—1831 гадоў, таксама Лістапа́даўскае паўстаньне (польск. Powstanie listopadowe) — паўстаньне ў Расейскае імпэрыі на анэксаваных землях Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, якое распачалося 29 лістапада 1830 году, а скончылася 21 кастрычніка 1831 году. Мэтаю паўстаньня было аднаўленьне дзяржаўнасьці Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай у межах 1772 году[2].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Калі войскі Расейскай імпэрыі пакінулі Царства Польскае дзеля здушэньня Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 году ў Францыі, у Варшаве 29 лістапада 1830 году выбухнула паўстаньне.

Паўстаньне ў Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Незадаволенасьць розных слаёў беларускага насельніцтва выклікала расейская палітыка на анэксаваных землях (па падзелах Рэчы Паспалітай 1772—1795 гадоў), якая закранала ў першую чаргу інтарэсы шляхты. Таксама значна пагоршылася з увядзеньнем новых падаткаў і рэкруцкай павіннасьці становішча сялянства. Мясцовая эліта была занепакоеная пранікненьнем на кіроўныя пасады расейскага элемэнту.

У пачатку 1831 году ўтварыўся Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт. Агулам у Беларусі і Літве дзейнічала каля 30 паўстанцкіх аддзелаў, якія налічвалі 12000 чалавек. Сярод іх такія людзі, як Напалеон Орда, Ігнат Дамейка, Эмілія Плятэр. Старшынём Часовага ўраду Літвы быў Тадэвуш Тышкевіч.

4 красавіка 1831 году невялікая групка мясцовых паўстанцаў захапіла магазын зброі ў Ашмянах і выдала яе жыхарам. Паўстанцы ўзялі ў палон каля 70 расейцаў з афіцэрамі, якія абаранялі горад. Узятыя ў палон афіцэры таксама выдалі загад здацца каля 40 жаўнерам з расейскага Велікалуцкага полку, якія прыйшлі да гораду й рыхтаваліся да бою на вуліцах. Пры касьцёле дамініканаў ксёндз Ясінскі заклікаў жыхароў да ўдзелу ў паўстаньні. За прыкладам жыхароў паўсталі некаторыя земскія ўладальнікі: Караль Пшазьдзецкі і Юзэф Зянковіч арганізавалі аддзелы кавалерыі, Швайкоўскі аддзел пяхоты. Аддзел Зянковіча адзначаўся мундзірамі, на якіх былі пашытыя белыя рэбры й чарапы[3].

На просьбу жыхара Вялейскага павету Валадкевіча Караль Пшазьдзецкі выслаў невялікі аддзел да Вялейкі. 14 красавіка маёр Любанскі прыбыў у горад і казаў біць у касьцельныя званы. На гэты знак жыхары паўсталі, але мясцовы расейскі гарнізон таксама падрыхтаваўся да бою. Аднак калі да гораду прыбыў аддзел Ходзькі, расейцы здаліся ў палон[4].

16 красавіка ашмянскія паўстанцы пад камандаю Біруты й Стэльніцкага беспасьпяхова біліся з аддзелам расейцаў пад камандаваньнем палкоўніка Вежуліна (полк казакоў, невядомая колькасьць пяхоты, 2 гарматы). Па сутычцы расейцы пачалі разьню жыхароў. Загінула 150 чалавека, ў тым ліку ксёндз Кужэлеўскі і доктар Закшэўскі[4].

20 красавіка аддзел Пшазьдзецкага быў разьбіты пад Вішневам расейскімі карнікамі пад камандаю генэрала Астражэнкі (2 эскадроны ўзараў, батальён пяхоты, 6 гарматаў)[5]. 24 красавіка расейцы занялі Вялейку. Горад абаранялі аддзелы: палкоўніка Радзішэўскага, Валадкевіча, Заборскага[6].

4 траўня аддзелы Радзішэўскага й Валадкевіча паспрабавалі зноў ўзяць Вялейку. Атака ня была пасьпяховай з той прычыны, што касінеры баяліся гуку расейскіх гарматаў, а высланая ў дапамогу ім кавалерыя вельмі няўдала адступала, перашкаджаючы пяхоце. Ад поўнага правалу паўстанцаў выратавалі стральцы Ігнацага Тукалы, якія прыбылі ў канцы бітвы. Дзякуючы ім, Радзішэўскі змог арганізавана адступіць[7].

8 траўня тры аддзелы паўстанцаў, пад камандаю Тамаша Лапацінскага, Брахоцкага й Леапольда Клёта супольнай атакай занялі Дзісну. Некалькі дзясяткаў кавалерыстаў загінула, калі без патрэбы сьпяшаючы й паслухаўшы габрэя, увайшлі ў горад наўпрост у засаду. Паўстанцы ўзялі некалькі дзясяткаў расейцаў у палон. Утрымліваліся ў горадзе некалькі дзён[8].

15 траўня Радзішэўскаму і Валадкевічу не ўдалося абараніць Глыбокага перад атакай генэрала Сафянова, але ім удалося адыйсьці ў добрым парадку[9].

Каля 20 траўня аддзел братоў Адахоўскіх заняў Лепель і зьнішчыў мясцовы гарнізон. Некалькі дзён пасьля, аднак, паўстанцы самі былі разьбітыя[10].

28 траўня ўночы каля 2000 расейцаў напала на лягер 300 паўстанцаў пад камандаю Прозара ў Падліпках. Прозар успамінаў, што абодва бакі страцілі прыкладна па 40 чалавек, але як пазначыў — яго аддзел быў разьбіты; паўстанцы разьбегліся па лесе. З гэтай прычыны немагчымай стала плянаванае аб’яднаньне паўстанцаў з блізка дзейным рэгулярным польскім войскам[11].

31 траўня рэгулярны аддзел палкоўніка Хлапоўскага пабіў расейцаў пад Лідай і заняў горад, але з прычыны адсутнасьці пяхоты немагчымай была атака на аддзелы, які стаялі ў Жырмунах[12].

24 ліпеня аддзел рэгулярнай арміі палкоўніка Бжэжанскага (3 эскадроны кавалерыі, 50 пяхоты, 1 гармата) заняў Зьдзецел. Праз гадзіну да гораду падышлі расейцы (2 эскадроны кавалерыі, батальён пяхоты, 2 гарматы), але да бою не дайшло — расейцы адступілі[13].

Па зыходзе зь беларускіх паветаў рэгулярнае польскае арміі паўстаньне пачало згасаць, хоць асобныя партызанскія аддзелы працягвалі дзейнічаць да восені 1831 году. На пачатку жніўня 1831 году расейскім уладам удалося здушыць паўстаньне на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Многіх актыўных паўстанцаў пазбавілі маёмасці і змусілі пакінуць радзіму. Канфіскація маёнткаў закранула буйных магнатаў — Агінскіх, Плятэраў, Радзівілаў, Сапегаў, Чартарыйскіх і інш. Увогуле, да следзтва за ўдзел у паўстаньні ў колішнім Вялікім Княстве Літоўскім прыцягнулі 2878 чалавек. Пачалася «дэпалянізація» (русіфікацыя) беларускіх земляў.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Kieniewicz S., Zahorski A., Zajewski W. Trzy powstania narodowe. — Warszawa, 1992. S. 273.
  2. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 324.
  3. ^ Callier E. Bitwy i potyczki stoczone przez wojsko polskie w roku 1831. — Poznań: Drukarnia Dziennika Poznańskiego, 1887. S. 59. (.djvu)  (пол.)
  4. ^ а б Callier E. Bitwy i potyczki stoczone przez wojsko polskie w roku 1831. — Poznań: Drukarnia Dziennika Poznańskiego, 1887. S. 74. (.djvu)  (пол.)
  5. ^ Callier E. Bitwy i potyczki stoczone przez wojsko polskie w roku 1831. — Poznań: Drukarnia Dziennika Poznańskiego, 1887. S. 85. (.djvu)  (пол.)
  6. ^ Callier E. Bitwy i potyczki stoczone przez wojsko polskie w roku 1831. — Poznań: Drukarnia Dziennika Poznańskiego, 1887. S. 88. (.djvu)  (пол.)
  7. ^ Callier E. Bitwy i potyczki stoczone przez wojsko polskie w roku 1831. — Poznań: Drukarnia Dziennika Poznańskiego, 1887. S. 105—106. (.djvu)  (пол.)
  8. ^ Callier E. Bitwy i potyczki stoczone przez wojsko polskie w roku 1831. — Poznań: Drukarnia Dziennika Poznańskiego, 1887. S. 107—109. (.djvu)  (пол.)
  9. ^ Callier E. Bitwy i potyczki stoczone przez wojsko polskie w roku 1831. — Poznań: Drukarnia Dziennika Poznańskiego, 1887. S. 124. (.djvu)  (пол.)
  10. ^ Callier E. Bitwy i potyczki stoczone przez wojsko polskie w roku 1831. — Poznań: Drukarnia Dziennika Poznańskiego, 1887. S. 140. (.djvu)  (пол.)
  11. ^ Callier E. Bitwy i potyczki stoczone przez wojsko polskie w roku 1831. — Poznań: Drukarnia Dziennika Poznańskiego, 1887. S. 165. (.djvu)  (пол.)
  12. ^ Callier E. Bitwy i potyczki stoczone przez wojsko polskie w roku 1831. — Poznań: Drukarnia Dziennika Poznańskiego, 1887. S. 174. (.djvu)  (пол.)
  13. ^ Callier E. Bitwy i potyczki stoczone przez wojsko polskie w roku 1831. — Poznań: Drukarnia Dziennika Poznańskiego, 1887. S. 220. (.djvu)  (пол.)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]