Рослаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рослаў
лац. Rosłaŭ
рас. Рославль
Будынак шляхецкага сходу
Будынак шляхецкага сходу
Герб Рослава
Першыя згадкі: 1137
Магдэбурскае права: 24 сакавіка 1623
Краіна: Расея
Суб’ект фэдэрацыі: Смаленская вобласьць
Раён: Рослаўскі
Плошча: 43 км²
Насельніцтва (2009)
колькасьць: 54 164 чал.
шчыльнасьць: 1259,63 чал./км²
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +7 48134
Паштовы індэкс: 216774
Нумарны знак: 67
Геаграфічныя каардынаты: 53°56′57″ пн. ш. 32°51′25″ у. д. / 53.94917° пн. ш. 32.85694° у. д. / 53.94917; 32.85694Каардынаты: 53°56′57″ пн. ш. 32°51′25″ у. д. / 53.94917° пн. ш. 32.85694° у. д. / 53.94917; 32.85694
Рослаў на мапе Расеі
Рослаў
Рослаў
Рослаў
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.roslavl.ru

Ро́слаў (рас. Рославль) — места ў Расеі, на левым беразе ракі Асьцёру. Адміністрацыйны цэнтар Рослаўскага раёну Смаленскай вобласьці. Насельніцтва на 2017 год — 50 870 чалавек. Знаходзіцца за 123 км на паўднёвы ўсход ад Смаленску, за 135 км ад Бранску. Вузел чыгуначных і аўтамабільных шляхоў.

Рослаў — магдэбурскае места гістарычнай Смаленшчыны, на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Да нашага часу тут захавалася некалькі цэркваў, помнікаў архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў, а таксама касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля, збудаваны ў пачатку XX ст.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На думку сучасных дасьледнікаў, Рослаў атрымаў назву ў гонар свайго заснавальніка — князя Расьціслава Мсьціславіча[1]. Тым часам паводле расейскага гісторыка Карамзіна, места заснаваў муж полацкай князёўны Рагнеды — Уладзімер Сьвятаславіч. Некаторыя гісторыкі прыпісваюць заснаваньне Рослава Ўладзімеру Манамаху.

Варыянты напісаньня назвы места ў гістарычных крыніцах: Ростиславль, Rostislawl[2].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Агульны выгляд, 1850 г.

Раньнія часы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Каля 1137 году князь Расьціслаў Мсьціславіч заснаваў Рослаў як адзін з гарадоў на заваяваных у радзімічаў землях. Першы пісьмовы ўпамін пра Рослаў датуецца 1150 годам, калі ён уваходзіў у склад Смаленскага княства.

Паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Агульны выгляд, 1858 г.

У ХІV ст. Рослаў далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. 15 ліпеня 1410 году Рослаўская харугва брала ўдзел у Грунвальдзкай бітве. У 1493 годзе места захапілі маскоўскія войскі.

У 1503 годзе Рослаў вярнуўся ў склад Вялікага Княства Літоўскага. У 1508 годзе ён увайшоў у склад Смаленскага ваяводзтва. У 1515 годзе маскоўскі гаспадар Іван IV Тыран зноў захапіў места. Па ягонай сьмерці, у «смутныя часы» рослаўцы падтрымалі войскі Дзьмітрыя Самазванца, прагнучы вяртаньня ў Вялікае Княства Літоўскае.

У 1618 годзе Рослаў стаў цэнтрам староства ў складзе Смаленскага павету Смаленскага ваяводзтва. 24 сакавіка 1623 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў месту Магдэбурскае права[3] і герб «у блакітным полі выява збройнага Сьвятога Жыгімонта, у руках якога скіпэтар і яблык»[4]. З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1654 годзе Рослаў захапілі маскоўскія войскі.

Пад уладай Маскоўскай дзяржавы і Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Згодна з Андрусаўскім замірэньнем 1667 году Рослаў апынуўся ў складзе Маскоўскай дзяржавы. У 1708 годзе ён увайшоў у склад Смаленскай губэрні, дзе ў 1776 годзе стаў цэнтрам павету. У 1738 годзе ў Рославе адкрылася школа з навучаньнем на расейскай і польскай мовах.

Паводле афіцыйных зьвестак за 1866 год, беларусы складалі 94,7% насельніцтва Рослаўскага павету[5]. У канцы XIX ст. у Рославе дзейнічалі 7 цэркваў, сярод іх саборная славілася абразам Маці Боскай (прывезены ў 1793 годзе з вострава Мальты), працавалі 2 прагімназіі, 5 вучэльняў, сярод якіх духоўная і чыгуначна-тэхнічная, 2 багадзельні, 4 лякарні і 3 аптэкі. Агулам існавала 22 прамысловыя прадпрыемствы, зь якіх вылучаліся 2 алейні і столькі ж гарбарняў. Гандлявалі канапляным і льняным алеем, пянькой, зернем, скурамі, тытунем, лыкам. Пункты адпраўкі — Рыга і Цэнтральная Расея. У гэты час беларусы складалі 94% насельніцтва Рослаўскага павету[4].

У 1860 годзе ўкраінскі этнограф Міхайла Леўчанка(uk) сьведчыў паводле ўласных назіраньняў, што «калі рухацца далей на поўнач [ад ракі Дзясны] праз Старадуб, Мглін да Рослава, вы паўсюль заўважыце адзін строй і адзіную гаворку — беларускую», адзначаючы пры тым наступныя асаблівасьці адзеньня: «шапка белая (яламок, мадзерка, мардзелка) лямцавая, у мужчыны, белая хустка (але не намітка) у жанчыны — гэта ліцьвіны або беларусы»[6]. Таксама паводле дзёньніку Алены Скірмунт, часткова апублікаванага ў 1876 годзе пад назвай «3 жыцьця літвінкі, 1827—1874»: «Рослаў. Павінна быць Смаленская губэрня, адна з складных частак Вялікарасеі? О, не! Гэта наша Смаленскае ваяводзтва! Людзі такога ж самага тыпу, з той жа мовай і ўборамі. Праўда, сядзібы ў многім сталі больш брыдкія, хаця і зараз вялікія»[7].

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Рослаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, дзе стаў цэнтрам павету («падраёну») Смаленскага раёну[8]. Аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1920 годзе газэта Наша Ніва пісала, што ў Рослаўскім павеце (найбольш у ваколіцах Манастыршчыны) дзее партызанскі аддзел, які змагаецца за незалежнасьць Беларусі[9].

У Другую сусьветную вайну з 5 жніўня 1941 да 23 верасьня 1943 году Дарагабуж знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XIX стагодзьдзе: 1856 год — 6,3 тыс. чал.; 1897 год — 17 776 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1910 год — 28 тыс. чал.; 1939 год — 41 480 чал.; 1974 год — 54 тыс. чал.[10]; 1993 год — 60,7 тыс. чал.[11]; 1998 год — 60,0 тыс. чал.[12]; 2000 год — 59,8 тыс. чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2007 год — 55,3 тыс. чал.; 2017 год — 50 870 чал.

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Рославе працуюць 10 сярэдніх школаў, 3 каледжы, 3 тэхнікумы і філіі 4 унівэрсытэтаў.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, палац і дом культуры.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лёгкая і харчовая прамысловасьць, вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў.

  • Рослаўскі вагонарамонтны завод.

Транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чыгуначная станцыя

Праз Рослаў праходзяць аўтамабільныя дарогі А141 РудняАрол (ад Віцебску праз Смаленск і Бранск), А101 (МаскваШэры Камень і далей на Бабруйск), і P137.

Места стаіць на гістарычнай чыгуначнай Рыска-Арлоўскай лініі. Тут знаходзіцца станцыя Рослаў-I, вузлавая, аднесеная да другой клясы.

Рослаў злучаецца прымескай чыгункай з Смаленскам, Жукаўкай і Фаянсавай (м. Кіраў Калускай вобласьці). Мескі транспарт прадстаўляюць дзясятак аўтобусных маршрутаў, таксі і маршрутныя таксі. Меская аўтастанцыя суседнічае з чыгуначным вакзалам і забясьпечвае працу значнай колькасьці маршрутаў прымескіх і міжмескіх аўтобусаў.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Забудова гістарычная (XIX — пачатак XX ст.; фрагмэнты)
  • Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля (1905)
  • Царква Казанскага Абраза Маці Божай (1833—1845)
  • Царква Прачыстай Багародзіцы (1780—1790)
  • Царква Раства Багародзіцы (1850-я)
  • Манастыр Спаскі: царква Сьвятога Спаса (1811—1819), царква Аляксандра Неўскага (1854—1857)
  • Царква Ўваскрасеньня Гасподняга (1816—1825)
  • Царква Ўшэсьця Гасподняга (1821—1832)

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Царква Зьвеставаньня Багародзіцы (1779—1783)
  • Царква Сьвятога Духа (XIX ст.)

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Месты-сябры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Смоленская область. Энцикл. Т. 2. — Смоленск, 2003.
  2. ^ Krzywicki J. Rosław // Słownik geograficzny... T. IX. — Warszawa, 1888. S. 758.
  3. ^ Рославль, Адміністрацыя МУ «Рослаўскі раён» (рас.)
  4. ^ а б Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 227.
  5. ^ Списки населенных мест Российской империи, составленные и издаваемые Центральным статистическим комитетом Министерства внутренних дел. Вып. 40: Смоленская губерния. — СПб., 1868. С. 60.
  6. ^ Левченко М. Места жительства и метные названия русинов // Основа. № 1, 1861. С. 265.
  7. ^ Залескі Б. З жыцця літвінкі: з лістоў і нататак 1823—1874. — Менск: Выд-ва Вiктара Хурсiка, 2009. С. 186.
  8. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Вільня, 2002.
  9. ^ Наша Ніва. № 1, 1920. С. 4.
  10. ^ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  11. ^ Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
  12. ^ Энциклопедический словарь

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]