Слуцкае гета

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Слуцкае гета (жнівень 1941 — 8 лютага 1943) — месца прымусовага перасяленьня габрэяў Слуцку і акругі ў межах перасьледу і зьнішчэньня габрэяў падчас акупацыі тэрыторыі Беларусі войскамі Трэцяга Райху ў ходзе Другой сусьветнай вайны.

Храналёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Стварэньне першага гета[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля захопу гораду нямецкімі войскамі гэбітскамісарам акругі быў назначаны Гайнрых Карль (ням. Heinrich Carl). У Слуцку пачалася падрыхтоўка да ізаляцыі габрэяў. У ліпені 1941 году была праведзеная паспартызацыя жыхароў гораду. У картках пазначаўся пол, узрост і спэцыяльнасьць. Жыдоў абавязалі насіць на вопратцы дзьве жоўтыя драпавыя зоркі: наперадзе і ззаду. Большая частка габрэяў была пераселеная на тэрыторыю, дзе пазьней быў разьмешчаны 10-ы ваенны гарадок. У сваіх дамах засталіся жыць сем’і кваліфікаваных рамесьнікаў і спэцыялістаў.

Непрацаздольных жыхароў гета невялікімі партыямі вывозілі ва ўрочышча Гараваха і расстрэльвалі (у тым жа ўрочышчы расстрэльвалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў[1]). На пачатку кастрычніка за раз расстралялі 500 пажылых габрэяў, якім паведамілі, што іх вязуць на сельскагаспадарчыя працы. Працаздольныя жыхары гета працавалі на створаных немцамі прадпрыемствах і майстэрнях, у прыватнасьці, на гарбарні.

Пагром у кастрычніку 1941[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

2728 кастрычніка 1941 году ў гета адбылася масавая акцыя зьнішчэньня габрэяў, выканаўцамі якой былі летувіскія калябаранты з 12-га ахоўнага батальёну, падначаленага маёру Антанасу Імпулявічусу[2]. Гэбітскамісар Карль пісаў 30 кастрычніка генэральнаму камісару Беларусі Вільгельму Кубэ:

Што да самаго спосабу правядзеньня акцыі, я мушу з глыбокім смуткам адзначыць, што ён межаваў з садызмам. Сам горад падчас акцыі ўяўляў сабой жахлівую карціну. Зь неапісальнай лютасьцю, як з боку нямецкіх паліцаяў, гэтак і з боку летувіскіх партызанаў, габрэйскае насельніцтва, а таксама нямала беларусаў, былі выведзеныя з хат і сагнаныя ў адное месца. Паўсюль у горадзе была страляніна, і на некаторых вуліцах валяліся трупы габрэяў. Мала таго, што з габрэйскім насельніцтвам, у тым ліку і з рамесьнікамі, абыходзіліся па-зьверскі акурат на вачаху беларускага насельніцтва, але і само беларускае насельніцтва так сама падвяргаліся зьбіцьцю гумавымі дубінкамі і прыкладамі.

З рапарту гэбісткамісара Слуцку  (рас.)

Карль паведамляў, што забойствы суправаджаліся масавымі рабаваньнямі, вымагальніцтвам і вандалізмам, і запытваўся, каб яго назаўсёды пазбавілі ад сустрэчы з гэтым летувіскім батальёнам.

Як згадвалі відавочцы падзеяў, у гэты дзень у Гаравасе было расстраляна 5 тыс. чалавек. Летувіскаму батальёну дапамагаў 3-і батальён, які складаўся зь немцаў, а таксама дапаможная паліцыя Слуцку, якая складалася зь месных жыхароў.

У 2008 годзе Цэнтар Сымона Візэнталя(en) зьмясьціў Міхаіла Гаршкова(en) у сьпісе самых адшукваемых нацыскіх ваенных злачынцаў за ўдзел у пагроме.[3][4]

Стварэньне «закрытага» гета[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля кастрычніцкай акцыі частка ўцалелай моладзі сышла ў партызаны. З гэтай прычыны немцы стварылі новае гета — у раёне гэтак званага Школішча (цяпер вуліца Парыскай Камуны, тэрыторыя СШ №6 і паўночная частка вуліцы Манахава), дзе да вайны кампактна пражывалі габрэі. Новае гета абнесьлі калючым дротам і пільна ахоўвалі. Напярэдадні пераводу габрэяў да новага гета некалькі сот непрацаздольных былі расстраляныя.

Ліквідацыя гета[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

5 лютага 1943 году шэф паліцыі бясьпекі і СД обэрштурмбанфюрэр СС Эдуард Штраўх падпісаў загад аб ліквідацыі слуцкага гета. Акрамя паліцыі бясьпекі ў акцыі былі задзейнічаныя 110 вайскоўцаў латыскай дабраахвотніцкай роты[5].

Акцыя доўжылася з 7 гадзін 7 лютага да 20 гадзін 8 лютага. Паколькі частка жыхароў гета схаваліся ў раней падтрыхтаваных сховішчах, камандваньне акцыяй прыняла рашэньне выкарыстоўваць агнямёты. Гета было цалкам спаленае, а ўсе жыхары — забітыя.

Пасьля вайны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля вайны ў Слуцку засталася вельмі нязначная частка габрэяў. У Слуцку, паводле зьвестак на 2000 год, пражывала 168 габрэяў, што складала толькі 0,3% ад агульнай колькасьці насельніцтва.[6]

У памяць пра загінулых у цэнтры Слуцку, каля месцазнаходжаньня гета ў часы вайны, усталяваны помнік, створаны архітэктарам Леанідам Левіным.[6] Ён неаднойчы падвяргаўся антысэміцкаму вандалізму[7][8].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ «Нашы палітычныя партыі — сумнае відовішча»(недаступная спасылка), Радыё Свабода
  2. ^ Чуев С. Г. Местные полицейские формирования // Сьпецслужбы Третьего Рейха. — Olma Media Group, 2003. — С. 144. — 449 с. — (Досье (Олма-Пресс).: Сьпецслужбы мира). — ISBN 9785765428313
  3. ^ Апошні «беларускі» нацыст дажывае ў Эстоніі(недаступная спасылка)
  4. ^ Bridget Johnson Most Wanted Nazis
  5. ^ ФЕВРАЛЬ  (рас.)
  6. ^ а б Ціткоўскі І. (13 студзеня 2006) Слуцкія яўрэі. Інфа-Кур’ерПраверана 2 студзеня 2010 г.
  7. ^ У Слуцку вандалы апаганілі мэмарыял ахвярам Халакоста
  8. ^ В Слуцке вандалы осквернили мемориал жертвам Холокоста(недаступная спасылка)  (рас.)

Каардынаты: 53°1′42.70″ пн. ш. 27°33′1.91″ у. д. / 53.0285278° пн. ш. 27.5505306° у. д. / 53.0285278; 27.5505306