Страшны двор

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Страшны двор
Straszny dwór
Пастаноўка ў Вялікім тэатры Варшавы (22 верасьня 1966 року)
Пастаноўка ў Вялікім тэатры Варшавы (22 верасьня 1966 року)
Двор Мужыноўскіх у Калінове — правобраз мечнікавага палацу з опэры
Двор Мужыноўскіх у Калінове — правобраз мечнікавага палацу з опэры
Жанропэра
АўтарСтаніслаў Манюшка
КраінаРасейская імпэрыя
Мовапольская
Год прэм’еры1861—1864
Пастаноўкі28 верасьня 1865

«Страшны двор» (па-польску: Straszny dwór) — опэра ў чатырох актах, напісаная кампазытарам Станіславам Манюшкам у 1861—1864 роках. Лібрэта да опэры напісаў Ян Хянцінскі(pl) ў 1865. Твору ўласьцівыя адначасна рамантычныя і камэдыйныя рысы, характэрнае патрыятычнае адценьне. З гэтай прычыны ён быў вельмі папулярны ў польскім грамадзтве і забаронены царскімі ўладамі. Опэра была напісаная па здушэньні Студзеньскага паўстаньня, таму яе польская прэм’ера фактычна ператварылася ў вялікую патрыятычную маніфэстацыю. Сусьветная прэм’ера адбылася ў Варшаве 28 верасьня 1865 року.

«Страшны двор» лічыцца найлепшай опэрай Манюшкі і найлепшай польскай опэрай XIX стагодзьдзя. Аднак твор амаль невядомы па-за межамі Польшчы[1].

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзеяньне адбываецца ў першай палове XVIII стагодзьдзя. Браты Зьбігнеў і Стэфан вяртаюцца дадому пасьля вайсковай службы. Падчас разьвітальнай папойкі з сябрамі яны даюць прысягу не жаніцца, каб быць гатовымі ў любы момант аддаць сваё жыцьцё за радзіму. Аднак іхняя цётка Чэсьнікава абвяшчае пра свой намер ажаніць братоў.

Аднак Зьбігнеў і Стэфан распавядаюць пра свой зарок, а таксама пра тое, што зьбіраюцца наведаць старога прыяцеля свайго бацькі — мечніка з Калінова. Цётка Чэсьнікава ведае, што мечнік мае двух прыгожых дачок, якія браты абавязкова ўпадабаюць. Аднак яна мае намер ажаніць пляменьнікаў зусім зь іншымі паненкамі. Чэсьнікава падманвае братоў, кажучы, што Калінова нібыта заклятае, а сама хутчэй выпраўляецца туды, каб прадставіць Стэфана і Зьбігнева баязьліўцамі.

Калі Стэфан і Зьбігнеў са сваім служкам Мацеем прыяжджаюць у Калінова, мечнікавы дочкі вырашаюць праверыць, ці праўда тое, што сказала Чэсьнікава, зьлякаўшы братоў. Такія самыя намеры маюць малады барыстэр Дамазы, якія лічыць братоў сваім супернікам. Дзеля зьдзяйсьненьня пляну ён падключае галоўнага мечнікавага служку Скалубу…

Пастаноўкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Твор Манюшкі быў упершыню пастаўлены ў Варшаўскім Вялікім тэатры(pl) 28 верасьня 1865. Пасьля трэцяга паказу быў зьняты з афішаў царскай цэнзурай. Улады забаранілі опэру, палічыўшы яе занадта небясьпечнай — мінула ўсяго два з паловаю рокі ад часу здушэньня Студзеньскага паўстаньня.

Опэра ставілася і ў іншых местах: Львове (1877), Празе (1891), Вене (1892), Базэлі (1939). У Расейскай імпэрыі ўпершыню пастаўленая ў 1873 року ў Кіеве. У Савецкім Саюзе ставілася ў Маскве (1946), Менску (1952), Ленінградзе (1953), Львове (1974) і інш.

Экранізацыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1936 року рэжысэр Леанард Бучкоўскі зьняў па опэры аднайменны фільм[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Holland, Bernard (23 красавіка 1986) Opera: Moniuszko's 'Haunted castle' (анг.). New York Times. Праверана 20 студзеня 2013 г.
  2. ^ Straszny dwór (анг.). IMDbПраверана 20 студзеня 2013 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Страшны дворсховішча мультымэдыйных матэрыялаў