Сусьветная выстава (1851)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Каралева Вікторыя адчыняе Сусьветную выставу ў Крышталёвым палацы

Вялікая выстава прамысловых работ усіх народаў (па-ангельску: The Great Exhibition of the Works of Industry of All Nations), якая праходзіла ў лёнданскім Гайд-Парку з 1 траўня па 15 кастрычніка 1851 году, стала вехай у гісторыі прамысловай рэвалюцыі. Праз удзел шматлікіх краінаў неўзабаве яе празвалі сусьветнай. На гэтай першай сусьветнай выставе былі прадстаўленыя прамысловыя тавары і розныя вырабы рамяства, машыны, вытворчыя мэтады, а таксама карысныя выкапні і працы выяўленчага мастацтва.

Ініцыятыва па правядзеньні выставы прыналежыць брытанскаму таварыству рамесьнікаў (па-ангельску: Society of Arts). Калі праект у 1849 годзе быў прадстаўлены грамадзкасьці, то рэзананс сярод брытанскіх прамыслоўцаў і бізнэсмэнаў быў станоўчым. Яны бачылі ў выставе ідэальную плятформу для падтрымкі сусьветнага вольнага гандлю.

Пры заступніцтве прынца Альбэрта арганізаваньнем і кіраўніцтвам займаўся Генры Коўл і камітэт з 24 чалавек, які зваўся «каралеўскай камісіяй» (па-ангельску: Royal Commission). Яго склад зацьвярджаўся каралевай асабіста, што надавала праекту дзяржаўны аўтарытэт. Але фінансаваньнем праекту займаліся арганізатары. Нават паліцыянты, якія ахоўвалі выставы, аплачваліся імі.

Крышталёвы палац

Для правядзеньня выставы быў збудаваны Крышталёвы палац — гіганцкі будынак з шкла і сталі, папярэднік сучаснай архітэктуры. Усярэдзіне палаца гледачам дэманстравалі дзіўныя вынаходніцтвы — такія, як прататып факс-машыны і т. зв. «прадракальнік бур». Для прыцягненьня публікі дэманстраваліся і іншыя дзіковінкі — напрыклад, знакаміты дыямэнт Кахінур. Гэта была сапраўдная вітрына Брытанскай імпэрыі.

Ажыятаж вакол выставы, якую наведала да 6 мільёнаў чалавек (траціна насельніцтва Брытаніі), прынёс арганізатарам самавітыя прыбыткі, якія пайшлі на заснаваньне музэяў Альбэртопаля. Ініцыятыву правядзеньня сусьветных выставаў тут жа падхапілі французы, якія адказалі на выклік ангельцаў сусьветнай выставай 1855 году. Адгэтуль такія мерапрыемствы сталі праводзіцца рэгулярна.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сусьветная выстава (1851)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў